Песні ад заслужаных артыстак Беларусі і народных самародкаў, адкрытых Федэрацыяй прафсаюзаў, перадача сімвалічнай шасцярэнькі, святочны феерверк… Даведаліся, як правялі ўчарашні вечар жыхары Шчучына разам з актывістамі РГА “Патрыёты Беларусі”

 

Масштабная рэспубліканская акцыя “Сімвал адзінства”, якую праводзяць у краіне РГА “Патрыёты Беларусі” і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, крочыла на шчучынскую зямлю ў другой палове ўчарашняга выхаднога дня і сабрала мноства людзей самых розных узростаў. Пасля мітынгу ля помніка воінам-вызваліцелям у Шчучыне яна мела свой вячэрні працяг.

 

У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся яркі, запамінальны канцэрт. Віртуозна вялі праграму медыйныя асобы – актрыса Вера Палякова і дыктар Аляксандр Сярэбраннікаў. Ад душы апладзіравалі шчучынцы заслужыным артысткам Беларусі Алёне Ланской і Ірыне Дарафеевай. Неверагодна здзівілі сваімі талентамі ўдзельнікі і пераможцы ўсемагчымых арт-праектаў, якія рэалізоўваюцца пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Шчыра радавалі сваёй творчасцю самабытная вакалістка Вольга Любавіна, балалаечнік-віртуоз Дзмітрый Стрэш, аматарскі калектыў Мінскага трактарнага завода “Белы птах” і многія іншыя спевакі і танцоры. Публіка ў зале, па прызнанні саміх жа артыстаў, была неверагодна сардэчная і ўдзячная. Шчучынцы ахвотна падпявалі, у такт мелодыям махалі сцяжкамі, запальвалі рамантычныя агеньчыкі  ў паўцёмнай зале, дарылі выканаўцам прыгожыя букеты кветак…

 

 

Кульмінацыяй урачыстасці стаў момант, калі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк перадала актывістам рэспубліканскага  грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі” сімвалічную шасцярэньку ад шчучынцаў, якую ўдзельнікі акцыі “Сімвал адзінства” даставяць у сталіцу разам з падобнымі механізмамі з іншых раёнаў. Іх, раёнаў, у Беларусі 118! Па задумцы, склаўшы ўсе часцінкі ў адно цэлае, атрымаецца… вялікі гадзіннік. Яго паменшаны макет на кляновым лісціку-сувеніры перадалі Ганне Станіславаўне  Ганна Харута і Мікалай Зарубіцкі – кіраўнікі аўтапрабегу. Словы падзякі за цёплы прыём выказаў шчучынцам намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў.

 

 

Пасля канцэрта ўсе дружна рушылі да возера, дзе неўзабаве вячэрняе неба азарылася святочным феерверкам.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!