Першыя бункеры золата камбайнера Уладзіміра Баклага і яго дачкі Наталлі
Трэцяе лета запар памочнік урача Першамайскай бальніцы Наталля Баклага мяняе белы халат на рабочую спяцоўку і дапамагае бацьку ўбіраць хлеб на палетках філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”. У мінулым сезоне на камбайне “Палессе” разам яны намалацілі 1,5 тысячы тон зерня і сёлета цвёрда намераны перавыканаць гэты паказчык.
– Мне не было і дзесяці гадоў, калі бацька ўпершыню ўзяў з сабой на працу і пасадзіў за штурвал камбайна, – успамінае маладая дзяўчына. – Пачуцці, якія тады апанавалі маё сэрца, немагчыма перадаць словамі! Мабыць, таму, калі ён жартам прапанаваў падчас уборачнай кампаніі паспрабаваць сябе ў ролі памочніка камбайнера – адразу згадзілася. Першае жніво было няпростым: я слаба разумела, як працуюць усе вузлы і механізмы. Але бацька мне патлумачыў і дапамог асвоіць усе тонкасці вытворчага працэсу. Цяпер мы разумеем адзін аднаго з паўслова.
Сваёй дачкой Уладзімір Баклага задаволены: адказная, уважлівая, яна выдатна выконвае свае працоўныя абавязкі: сочыць за якасцю малацьбы, дапамагае абслугоўваць тэхніку.
– Безумоўна, я берагу яе і ўсю цяжкую работу выконваю сам, – з цеплынёй расказвае Уладзімір Генадзьевіч. – Аднак клопатаў усё роўна хапае. Мы прачынаемся на досвітку і ў 7 гадзін раніцы ўжо на мехдвары: робім тэхагляд камбайна, запраўляем яго, прадуваем і чысцім усе вузлы. Праз гадзіну выязджаем у поле, дзе да заходу сонца ўбіраем хлеб. Харчуемся там жа, ля свайго “жалезнага каня”: усіх занятых на жніве гаспадарка забяспечвае двухразовым гарачым харчаваннем. Меню разнастайнае, стравы вельмі смачныя, але спёка гоніць назад у кабіну камбайна, дзе ёсць кандыцыянер.
Уладзімір Баклага працуе механізатарам ужо каля 25 гадоў і за гэты час асвоіў мноства рознай сельскагаспадарчай тэхнікі: кіраваў камбайнамі “Дон”, “Бізон”, “Ніва”, трактарамі “Т-25”, “Т-40”, “Т-80” і “Амкадор”, “МТЗ-30-22”. Зразумела, ён прывык да напружанага графіка хлебароба. А вось гледзячы на яго дачку-прыгажуню, дзіву даешся, як яна ўсё гэта вытрымлівае.
– Безумоўна, праца ў полі вымотвае фізічна і маральна, але я ведала куды іду, – гаворыць Наталля Баклага.
– Праўду кажуць у народзе: хлеб лёгкім не бывае. Аднак усе цяжкасці можна пераадолець, калі побач надзейнае роднае плячо. Мне падабаецца працаваць на зямлі. Нават усур’ёз задумалася асвоіць новую прафесію ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным ўніверсітэце, хоць за плячамі Гродзенскі медыцынскі каледж. Пажывём- пабачым!
– У каго яна такая? – папярэдзіў маё пытанне Уладзімір Баклага. – Дык у нас уся сям’я працуе ў сельскай гаспадарцы! Жонка Марына гатуе ў сталовай ААТ “Орля”, сын Сяргей даглядае жывёлу на малочнатаварнай ферме “Прэціма” ў гэтай жа гаспадарцы. Я ж пайшоў па слядах свайго бацькі Генадзія, які ўсё жыццё прапрацаваў трактарыстам і многаму мяне навучыў. Гэтая прафесія не з лёгкіх і патрабуе шмат часу і вынослівасці. Але, нягледзячы на моцную занятасць, мы з жонкай вядзём уласную гаспадарку: маем карову, чацвёра свіней, тры дзясяткі курэй. Як усюды паспяваем? Усё проста! Трэба па-сапраўднаму любіць сваю зямельку, укладваць душу ў работу, тады любая справа ў руках спорыцца!
Адчуваючы працоўны азарт Уладзіміра Генадзьевіча і яго дачкі Наталлі, я не стаў больш адрываць іх ад справы. Здаецца, я ведаю, які камбайнавы экіпаж у філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” адным з першых намалоціць тысячу тон зерня.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.