Са святам, храм!

Храмавае свята ў дзень услаўлення Архангела Міхаіла адзначылі ў Шчучыне.

21 лістапада, у дзень памяці Святога Архістраціга Божага Міхаіла, традыцыйнае саборнае богаслужэнне благачыння прайшло ў Свята-Міхайлаўскім храме Шчучына.

Кожнаму, хто ў гэты 152-гі Дзень нараджэння святыні пераступіў парог царквы, безумоўна, прыемна было бачыць урачысты настрой малітвы. Падзяліць радасць агульнай Літургіі з прыхаджанамі сабраліся святары з храмаў Шчучынскага благачыння. Узначаліў богаслужэнне благачынны акругі святар Аляксандр Пасцерняк. Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Орля іерэй Ігар Марчык звярнуўся са словам пропаведзі да ўсіх прысутных.


Па традыцыі ў чарговы раз павіншаваць са святам настаяцеля і прыхаджан царквы прыйшлі пробашч парафіі святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне айцец Вітольд Пяцельчыц і пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г.п. Жалудок айцец Ян Рэйшаль. 
У завяршэнні малітвы вернікі са святарамі прайшлі звыклым Хрэсным Ходам вакол царквы, просячы ласкі Божай і звяртаючыся да святога Архангела Міхаіла.
Іерэй Сергій СЯМАШКА, святар храма Святога Архангела Міхаіла г. Шчучына.
Фота аўтара.