Пара асаблівай адказнасці. Пасяўная кампанія ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” набірае абароты

 

Штодзень у полі працуюць каля 20 адзінак тэхнікі і 70 работнікаў. Мясцовыя аграрыі ўжо пасеялі запланаваныя 100 гектараў зернебабовых культур і завяршаюць сяўбу яравога ячменю, пад які ў гаспадарцы адведзена 600 гектараў.

 

Сярод тых, хто займаецца закладкай будучага ўраджаю, – механізатар з больш чым 30-гадовым стажам Антон Корка.

 

– Да майго энерганасычанага МТЗ-3022 падчэплены шматфункцыянальны пасяўны агрэгат, – дзеліцца Антон Антонавіч. – Ён адначасова выконвае некалькі функцый: узворвае і дыскуе шасціметровую палоску зямлі, пры дапамозе спецыяльных каткоў ушчыльняе і выраўноўвае глебу, а затым уносіць на глыбіню 3-4 сантыметры пратраўленае насенне, пакідаючы пасля сябе 48 свежазасеяных радкоў. У бункер змяшчаецца 1,5 тоны зерня. Гэтага дастаткова, каб няспынна працаваць дзве гадзіны і засеяць 6-7 гектараў пры норме высеву 5 мільёнаў зярнятак яравога ячменю на гектар. Затым аўтаматычны пагрузчык, які дзяжурыць побач у полі, пад’язджае і па-новай напаўняе бункер пасяўнога агрэгата элітным пратраўленым насеннем ячменю айчынных сартоў “Дзівосы” і “Бацька”. У полі праводжу амаль увесь светлавы дзень і за змену засяваю да 35 гектараў. Калі ноччу тэмпература будзе трымацца на ўзроўні +5 градусаў, то ўжо праз 3-4 дні мы ўбачым першыя ўсходы.

 

Усіх работнікаў, занятых на сяўбе, гаспадарка забяспечвае гарачымі абедамі і падвячоркамі, прыгатаванымі ва ўласнай сталовай, якія хлебаробам непасрэдна ў поле аператыўна падвозяць два аўтамабілі. Сельгаспрадпрыемства бярэ на сябе 90% ад кошту харчавання сейбітаў.

 

– Азімыя зерневыя і рапс добра перазімавалі, аднак недахоп вільгаці адчуваецца, – канстатуе галоўны аграном філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Аўсянік. – Мы ўжо падкармілі гэтыя пасевы азотам, што актывізуе рост раслін. Паклапаціліся і пра яравыя культуры: правялі неабходную перадпасяўную падрыхтоўку глебы, унеслі ў поўнай меры арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. З ячменем ужо амаль разабраліся, а вось пачаць сеяць “царыцу палёў” не дазваляе халоднае надвор’е. Між іншым, пад кукурузу на зерне ў нас сёлета адведзена 700 гектараў, яшчэ 500 гектараў пойдзе на сілас. Акрамя таго, сваёй чаргі чакаюць 145 гектараў аднагадовых траў і 25 гектараў грэчкі.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!