У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” паспяхова завяршылі пасяўную кампанію

 

У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” паспяхова завяршылі пасяўную кампанію: тут аператыўна пасеялі 400 гектараў яравога ячменю і разабраліся з гарохам, пад які ў гаспадарцы адведзена 20 гектараў.

 

Механізатара Сяргея Кузняцова мы засталі ў полі ля вёскі Мураванка. Ён быў вымушаны зрабіць кароткі перапынак, каб памяняць у сеялцы адзін з каткоў, які няўдачна наскочыў на камень. Літаральна праз 15-20 хвілін паломка была выпраўлена, і па наваколлі разнёсся гул рухавіка – энерганасычаны трактар “Беларус-3522” засеяў гарохам апошнія гектары.

 

– Насенне гароху ў параўнанні з тым жа ячменем больш буйнае, таму яго ў бункер змяшчаецца ўсяго 1,5 тоны, – гаворыць механізатар саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Сяргей Кузняцоў. – Прыкладна праз 30 хвілін працы бункер пусцее, і тады да сеялкі пад’язджаў “Амкадор” з падчэпленым да стралы біг-бэгам з чарговай порцыяй насення. Кожны такі біг-бэг важыць 600-650 кілаграмаў і развязваецца знізу, каб зрабіць пагрузку максімальна зручнай і хуткай. Калі глеба ў полі лёгкая, то закладвалі гарох на глыбіню 5 сантыметраў, каб яго не раскрыла ветрам. На цяжкіх глебах дастаткова глыбіні 3 сантыметры. За працоўную змену, якая доўжылася прыкладна 10 гадзін, засяваў да 40 гектараў.

 

 

Пры закладцы новага ўраджаю мажэйкаўскія аграрыі выкарыстоўвалі толькі пратраўленае насенне гароху, якое на пачатковых этапах росту надзейна абаронена ад шкоднікаў і хвароб. Норма высеву складае 350 кілаграмаў на гектар.

 

– Перад сяўбой мы як след падрыхтавалі глебу: з восені ўнеслі неабходную колькасць калійных угнаенняў, у сакавіку правялі закрыццё вільгаці, а нядаўна далі стартавую дозу азоту – каля 50 кг на гектар, – расказвае аграном-аграхімік Яўгеній Каціла, які працуе ў гаспадарцы ўжо трэці год і за гэты час дасканала асвоіў усе тонкасці вытворчага працэсу. – Калі надвор’е будзе цёплым, то прыкладна праз тыдзень убачым тут першыя ўсходы. Але перад гэтым абавязкова правядзём даўсходавую апрацоўку пасеваў гербіцыдамі, каб не дапусціць прарастання пустазелля.

 

 

Разабраўшыся з гарохам, мажэйкаўскія аграрыі пасеялі зернебабовыя сумесі, пад якія ў гаспадарцы адведзена 80 гектараў. Як толькі пацяплее – настане пара “царыцы палёў”. Кукурузай тут плануюць засеяць 1000 гектараў, з якіх палова будзе выкарыстана на зерне, а астатняе на сілас.

 

– Штодзень у полі працавалі дзве сеялкі, – працягвае Яўгеній Сяргеевіч. – Адна з іх новая – “OMEGA 6000”, якая дазваляе кропкава ўносіць мінеральныя ўгнаенні пад кожнае зярнятка. Цяпер мы актыўна рыхтуем глебу пад кукурузу, уносім фосфар. Робім гэта пры дапамозе новага агрэгата, які набылі акурат перад пачаткам пасяўной кампаніі. У яго бункер змяшчаецца 1300 літраў, і ў залежнасці ад віду прымяняемых мінеральных угнаенняў ён можа за адзін праход ахапіць 36-метровую палоску зямлі. Цуда-тэхніка абышлася гаспадарцы ў 8000 рублёў, але яно таго каштуе!

 

Як толькі ў саўгасе “Вялікае Мажэйкава” пасеюць усе культуры, прыступяць да хімпраполкі лекавых раслін, на якіх спецыялізуецца гаспадарка. Калі паветра прагрэецца да +10 градусаў, апрацуюць усходы рамонку, а там, глядзіш, і яравыя ўзыдуць!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!