Выйшлі на старт жніва. Механізатары філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” першымі ў раёне завяршылі падрыхтоўку тэхнікі да жніва і выйшлі ў поле ўбіраць хлебную ніву

 

У гэтым пераканаліся спецыялісты райсельгасхарчу сумесна с супрацоўнікамі АДАІ Шчучынскага РАУС падчас традыцыйнага тэхагляду.

 

У цэнтральных мехмайстэрнях, як і на мехдвары ля вёскі Ашмянцы, валадарыў узорны парадак. Механізатары ў новым спецадзенні і спецабутку стаялі ля сваіх зернеўборачных камбайнаў, дэманструючы ўсе неабходныя дакументы, а таксама ўкамплектаваныя медыцынскія аптэчкі і запраўленыя вогнетушыцелі.
Да хлебаробаў звярнуўся старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Руслан Маркевіч. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці строга выконваць правілы дарожнага руху, быць асабліва ўважлівымі падчас працы ля ліній электраперадач і абавязкова перад выхадам у поле праводзіць тэст на ўтрыманне алкаголю ў крыві. Рухацца па дарогах агульнага карыстання зернеўборачным камбайнам можна толькі з уключанымі маячкамі, а жаткі павінны быць у транспартным стане.

 

Затым прайшоў агляд тэхнікі. Спецыялісты райсельгасхарчу сумесна з супрацоўнікамі АДАІ праверылі ў камбайнах работу фар і габарытных агнёў, ацанілі гатоўнасць жатак да малацьбы, наяўнасць усіх неабходных прэпаратаў у медаптэчках і спраўных вогнетушыцеляў.

 

 

– У нашай гаспадарцы налічваецца дзевяць зернеўборачных камбайнаў, з якіх сем – айчыннай вытворчасці, – гаворыць інжынер-механік па сельскагаспадарчых машынах філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Ілья Корка.

 

– Усе яны адрамантаваны, як след абслужаны. Яшчэ адзін новы камбайн “Палессе” мы атрымаем на наступным тыдні і адразу абкатаем на жніве. Занятых у полі сельгаспрадпрыемства забяспечвае двухразовым гарачым харчаваннем. Сёлета вырашылі да ўсяго падвозіць механізатарам мінеральную ваду, каб у гэтыя гарачыя дні яны прытрымліваліся пітнога рэжыму. Два зернесушыльныя комплексы гатовы прыняць новы ўраджай і дапрацаваць зерне.

 

Адразу пасля паспяховага праходжання тэхагляду жалудоцкія аграрыі ўбралі азімы ячмень, які ў гаспадарцы займаў 10 гектараў.

 

– Пад гэтую культуру было адведзена 50 гектараў, але расліны дрэнна перазімавалі, таму мы перасеялі 40 гектараў кукурузай, – зазначае дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Гузень. – Сёлета нам неабходна ўбраць 500 гектараў азімага рапсу, 600 гектараў азімай пшаніцы, 145 гектараў трыцікале і 905 гектараў яравога ячменю. Затым пераключымся на кукурузу, якой пасеена 1240 гектараў, у тым ліку 740 – на зерне. Цёплае надвор’е і частыя дажджы паспрыялі наліву коласа, таму мы разлічваем сабраць багаты ўраджай – каля 20 тысяч тон “залатога грузу”. І хутка пачнём ажыццяўляць задуманае. Галоўнае – усё зрабіць у тэрмін і без страт.

 

 Гэтак жа своечасова завяршылі падрыхтоўку тэхнікі да ўборачнай кампаніі механізатары СВУ “Пратасаўшчына”, ААТ “Дэмбрава”, ААТ “Васілішкі”. За імі падцягваюцца астатнія гаспадаркі раёна.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!