Перадавікі “зялёнага жніва”

ўзнагароджаны Пісьмамі-падзякамі раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК 

Яшчэ да пачатку рабочага дня першы намеснік старшыні райвыканкама - начальнік упраўлення райсельгасхарчу Г.Б. Хоміч і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Г.Ф. Шандроха прыехалі на цэнтральны мехдвор у ААТ “Дэмбрава”, дзе сабраліся механізатары, каб павіншаваць сваіх таварышаў з заслужанымі працоўнымі перамогамі.

– Падводзячы вынікі раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу, арганізаваным нашым прафсаюзам, мы былі прыемна ўражаны. Ажно ў чатырох намінацыях у лідары выйшлі дэмбраўцы. Гэта сведчыць аб вашым высокім прафесіяналізме, добрасумленнай падрыхтоўцы тэхнікі да сельскагаспадарчай кампаніі і ўменні працаваць з душой, – звярнуўся да прысутных Генадзій Баляслававіч Хоміч і ўручыў заслужаныя ўзнагароды – Пісьмы-падзякі і грашовыя прэміі.


Цёпла павіншавалі пераможцаў старшыня прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Генрых Феліксавіч Шандроха і дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Віктаравіч Туля, нагадаўшы старую як свет ісціну – летні дзянёк год корміць, а яшчэ – неабходнасць памятаць і выконваць усе патрабаванні па бяспецы працы.
Віноўнікі ўрачыстасці сціпла прызналіся, маўляў, амбіцыйных задач перад сабой не ставілі: працавалі так, як таго патрабуюць вытворчыя тэхналогіі і сумленне рабочага чалавека. Аднак лічбы красамоўна гавораць самі за сябе. Так, на кашэнні траў Станіслаў Георгіевіч Тамкевіч на КМР-9ВТ убраў 1143 га. Андрэй Іванавіч Сакалоўскі агрэгатам ГРЛ-9,6 згроб 1438 тон падвяленай масы. 
Добры вынік на “Ягуары-850” паказаў і Дзмітрый Мікалаевіч Мулярчык, які нарыхтаваў 9472 тоны кармоў.  А Іван Іванавіч Кулевіч адзначаны за эфектыўныя “зялёныя рэйсы” – перавёз 4157 тон падвяленай масы. 
Ёсць пераможца ў раённым саперніцтве і сярод механізатараў ААТ “Васілішкі”. Прафсаюзныя ўзнагароды Г.Ф. Шандроха ўручыў І.І. Мысліўцу, які на КДН-3,1 убраў травы першага ўкосу на плошчы 772 га. 
Дарэчы, аналагічнае спаборніцтва разгорнута і ў маштабах вобласці. У ім Шчучыншчыну прадстаўляюць механізатары ААТ “Васілішкі” І.Б. Зарэмба, які на КПР-9,0 абкасіў 1747 га, і Д.Д. Дзмітрук, які на “Ягуары-870” нарыхтаваў 9486 тон кармоў.
Напружаная сельскагаспадарчая кампанія, насуперак капрызам надвор’я, зараз у самым разгары. А значыць, будуць названы імёны новых пераможцаў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!