“Сельсавецкая прывычка сачыць за парадкам засталася ў яго да гэтага часу”

Дзень 2 жніўня пачаўся для былога старшыні Орлеўскага сельвыканкама Івана Іванавіча Вароніка з тэлефонных званкоў. Спачатку ў трубцы пачуўся голас старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскага, потым віншаванні з юбілеем пасыпаліся адзін за другім. З падарункамі і кветкамі прыехала пераемніца Вароніка на пасадзе кіраўніка органа ўлады пярвічнага ўзроўню Я.М. Ярошык са сваёй сельсавецкай камандай. Ва ўтульную кватэру ў Ліпічна завіталі і былыя работнікі культуры І.Я. Астаповіч і Г.Л. Зубель. Здароўя, дастатку, радасці ў доме, мірнага неба, чыстай вады і ніякай бяды пажадалі госці ўсе разам. А яшчэ жыць шчасліва і доўга, падтрымаць лідарства Орлеўскага сельсавета ў раёне па доўгажыхарству.

Крануты ўвагай юбіляр – стройны, энергічны, малайцаваты з выгляду – быў рады гасцям. Жартаваў:
– Колькі мне год? Мне трыццаць... да ста.
Іван Іванавіч выдатны працаўнік, аптыміст і гаварун-жартаўнік па жыцці, а яшчэ вельмі прыстойны, справядлівы і добразычлівы, адным словам, душа-чалавек, у адзін голас сцвярджалі Яніна Міхайлаўна Ярошык і калегі-сельсаветчыкі Г.Я. Клышэвіч, Л.Л. Амельчанка і В.Я. Ладыга. Невялікі экскурс у перажытыя гады пацвердзіў: прынеманская зямля дае жыватворныя сілы ўсім годным людзям, якія захоўваюць ёй вернасць. З такіх і Іван Варонік. Нарадзіўся ён на Шчучыншчыне, у вёсцы Даліна Прамая, у сялянскай сям’і, дзе гадаваліся пяцёра дзяцей. Бацькаўшчына паставіла хлопца на ногі, а орлеўская старонка ўмацавала яго жыццёвы поступ.


– Першы рубель зарабіў на зернеачышчальным комплексе ў Руткевічах. Пасля заканчэння ў 1972 годзе Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі размеркаваўся ў калгас імя Калініна з цэнтрам у вёсцы Ліпічна, каб быць бліжэй да дому, – успамінае Іван Іванавіч. – Пасаду даверылі сур’ёзную – галоўнага інжынера. Думаў, адпрацую два гады і падамся ў іншы бок. Аднак застаўся надоўга. У 2001 годзе даў згоду ўзначаліць калгас “Неман”, а з сакавіка 2003-га быў абраны старшынёй Орлеўскага сельскага Савета дэпутатаў, дзе затрымаўся на сем год. У маі 2010 года пайшоў на пенсію. Крыху адпачыў, а потым будаваўся новы МТК і яшчэ два з паловай гады працаваў там. Увогуле стаж у мяне – 46 год. 
Гады старшынёўства ў сельскім Савеце прыпалі на той час, калі ў раёне актыўна ўзяліся за навядзенне чысціні і парадку на зямлі, абуладкаванне аграгарадкоў. Іван Іванавіч быў актыўна ўключаны ў гэты працэс.
– Сельсавецкая прывычка сачыць за парадкам засталася ў яго да гэтай пары, – заўважае жонка юбіляра Марыя Антонаўна. – Едзе на машыне і будзе казаць: “Які ж нягоднік смецце выкінуў?! Пачакай, спынюся і падбяру”. Падбяры, кажу... А каля дома ў нас няма ні паперкі, ні галінкі – усё падніме.
Сама Марыя Антонаўна родам з Прэціма. Па спецыяльнасці хімік-біёлаг. Працавала настаўніцай у Орлеўскай школе. Пазнаёміліся, калі яна была студэнткай. Пра свайго мужа – як пра дарагі скарб, падараваны лёсам. “Прыехала, убачыла прыгажуна, дзе ж такога ўпусціш? – падтрымлівае вясёлы тон размовы жанчына. – Ён надзейны. Як цяпер, то лепшага і няма. А вось раней усяго сябе аддаваў рабоце: і ў будні, і ў святы. У сем гадзін раніцы – на нарад, а дамоў толькі як камбайны з поля. Затое зараз добра: мы ўдваіх і да хлява, і назад. Трымаем вялікую гаспадарку – коз, свіней, індыкоў...”. 
Лад і згода – сярод галоўных прыярытэтаў і каштоўнасцей гэтай сям’і вось ужо на працягу 43 год сумеснага жыцця. Вырасцілі дзвюх цудоўных дачок Марыну і Наташу. Прадаўжальнікі роду – двое ўнукаў. Да таго ж Варонікі – людзі дружалюбныя, ладзяць са сваімі суседзямі і аднавяскоўцамі. Калі і шкадуюць аб чым, то пра страчаныя адкрытасць у зносінах і калектывізм. “Мо, раней чаго і не хапала з тавараў, вішні ці вінаграду зімой, але час быў весялейшы, – разважае юбіляр. – А цяпер усяго ўдосталь, аднак людзі аддаліліся адзін ад аднаго”.
Пра хобі Івана Іванавіча расказала жонка. Маўляў, былі спробы пайсці на паляванне, але ўсё заканчвалася... любаваннем насельнікамі лесу. Сам не выстраліць і каму не дасць. Аднойчы, убачыўшы, што ружжы напраўлены на ласіху, улучыў момант і прагнаў лясную прыгажуню... Такі ён, чалавек ад зямлі Іван Варонік.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!