Вядомыя людзі раёна зноў сядуць за школьныя парты: школы чакаюць сваіх выпускнікоў
У першую суботу лютага ў кожнай школе з нецярпеннем чакаюць сваіх выпускнікоў. А яны, узрушаныя і акрыленыя, радасна імкнуцца на сустрэчу са сваім юнацтвам. Толькі там яны па-ранейшаму Тані і Лёшы, Марыны і Дзімы… Толькі там яны на некалькі гадзін забываюць пра свае штодзённыя клопаты і жывуць гэтымі шчаслівымі імгненнямі…
Кожны год цёпла і сардэчна сустракае сваіх выпускнікоў Ражанкаўскі дз/с-СШ.
– Да гэтага традыцыйнага свята мы заўсёды рыхтуемся вельмі адказна, стараемся зрабіць так, каб кожная новая сустрэча станавілася самай яркай і незабыўнай, – гаворыць дырэктар установы адукацыі Ала Тадэвушаўна Цывінская. – Актавая зала нашай школы нават не заўсёды можа змясціць усіх гасцей. І мы вельмі гэтаму рады.
Сёлетні вечар сустрэч абяцае быць таксама цікавым і незабыўным.
– У нас даўно заведзена традыцыя, згодна з якой усе выпускнікі-юбіляры запаўняюць рэгістрацыйныя лісты, у якіх пакідаюць пра сябе асноўныя звесткі і абавязкова свае кантакты, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Вячаславаўна Дашкевіч. – Гэта вельмі зручна, таму што пры неабходнасці мы можам звязацца практычна з кожным. Сёлета нашымі самымі пачэснымі гасцямі будуць, безумоўна, выпускнікі, якія пайшлі са школы 65 год таму. Гэта былы дырэктар школы Антон Іванавіч Нюнько і Станіслава Браніславаўна Салалайка. Дарэчы, і дочкі Станіславы Браніславаўны сёлета святкуюць юбілеі сваіх выпускаў: адна – 40-гадовы, другая – 45-гадовы. А яе ўнукі і праўнукі таксама вучыліся ў нашай школе. Самыя старэйшыя нашы выпускнікі па традыцыі атрымаюць у падарунак духмяны каравай.
Дзе можна занатаваць самыя яркія і незабыўныя школьныя моманты? Безумоўна, на фотаздымках! А захоўваюцца яны ў школе як самая дарагая рэліквія. З цікавасцю разглядваю выпуск, які сёлета адзначае 50-гадовы юбілей. І нават знаходжу вядомых асоб! Вось зусім юны Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч, які шмат год узначальваў мясцовую гаспадарку, затым Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства… Ці мог ён прадбачыць тады, як складзецца яго лёс?! А вось Дзмітрый Дзмітрыевіч Адзінец, што таксама займаў у свой час кіруючыя пасады. Ён ужо некалькі год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а перада мною на фотаздымку крыху азадачаны хлапчук, які стаіць на парозе дарослага жыцця і разважае над тым, што чакае яго ў будучым…
– Сёлета 45-гадовы юбілей свайго выпуску адзначае і мая мама Валянціна Сцяпанаўна Жвірбля, – расказвае Аксана Вячаславаўна. – Не паверыце, але дома ў гэтыя дні, як у Смольным: тэлефон амаль не сціхае. Тэлефануюць яе аднакласнікі з самых розных гарадоў Беларусі, Літвы, Польшчы… На вечар сустрэчы збіраюцца прыехаць больш за дваццаць былых вучняў школы – яе аднакласнікаў. І гэта пры тым, што ім усім ужо больш за 60… А вось выпускнікі, што закончылі школу 40 год таму, вырашылі прыпаднесці любімай альма-матэр незвычайны падарунак: пасадзіць алею з вечназялёных туй… Толькі ажыццявіць сваю задумку яны змогуць, напэўна, калі ўсталюецца цёплае надвор’е.
Разглядваю фотаздымак выпускнікоў – трыццацігадовых юбіляраў. І сярод іх – вядомыя на Шчучыншчыне людзі: начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзій Баляслававіч Хоміч, начальнік Шчучынскай раённай ветэрынарнай станцыі Сяргей Аркадзьевіч Шэршань… Не інакш як кузняй кадраў можна назваць Ражанкаўскую школу, адкуль выйшла многа знакавых для нашага раёна людзей.
– На жаль, часам абставіны не дазваляюць былым вучням прыехаць на сустрэчу са сваімі школьнымі сябрамі, – прадаўжае Аксана Вячаславаўна. – Вось, напрыклад, Дзмітрый Рубель, які быў выпускніком пяць год таму, закончыў універсітэт культуры ў Мінску і цяпер працуе ў Гродзенскім драмтэатры. Дык вось у суботу ў Дзмітрыя спектакль, які прапусціць ён ніяк не можа.
На вечар сустрэчы абавязкова збіраюцца настаўнікі: не толькі тыя, хто працуе ў школе, але і педагогі, што ўжо выйшлі на заслужаны адпачынак. Сярод іх – былыя выпускнікі школы, якіх больш за дваццаць.
…Сёння – субота. Хвалююцца былыя выпускнікі: ім так нецерпіцца ўбачыць сваіх аднакласнікаў. У школе ў Ражанцы іх чакае мноства сюрпрызаў: прывітальнае слова дырэктара, музычныя віншаванні ад выхаванцаў дзіцячага садка і школьнікаў, спецыяльны апазнавальны знак для юбіляраў – школьны званочак, сімвалічны бутафорскі торт, спецвыпускі газет для юбіляраў і многія іншыя… Напрыканцы свята госці ўсе разам абавязкова выканаюць гімн выпускнікоў… А радасныя імгненні гэтай сустрэчы беражліва захаваюць у самых патаемных куточках сваіх сэрцаў, каб праз гады ўбачыцца зноў…
Ганна РУДСКАЯ.