У праекце "Куточак, сэрцу дарагі" расказваем пра феномен зачэпіцкай зямлі

Як жа любяць мясцовыя жыхары свае Зачэпічы! Гатовы бясконца ўспамінаць, якою раней была іх вёсачка, чым на ўвесь раён славілася. 

 

– Гэта сёння тут толькі крыху больш за 90 чалавек засталося, а не такія і далёкія тыя часы, калі гаманіла вёска на розныя галасы – больш за 300 чалавек тут жылі і працавалі, – расказвае Віктар Антонавіч Бароўскі, былы дырэктар Зачэпіцкай школы. 

 

– Тут жа і смаляны завод працаваў, на якім была наладжана вытворчасць драўлянага вугалю, смалы, шкіпінару, – далучаецца стараста вёскі Канстанцін Аляксандравіч Бейма. – Гэта ж працоўныя месцы амаль для дваццаці чалавек былі. Дзейнічалі бібліятэка, магазін гаспадарчых тавараў, закусачная, пякарня, на якой, акрамя хлеба і батонаў, выпякалі ўласныя абаранкі, коржыкі.

 

Шчыра прызнацца, нават не верыцца. Акідваю позіркам сённяшнія ціхія, спакойныя Зачэпічы і не магу паверыць, што вось тут, непадалёку, была танцпляцоўка, а літаральна ў некалькіх метрах стаяў клуб, куды на танцы з’язджалася моладзь з усіх блізкіх і далёкіх навакольных вёсак. 

 

– Вытворчасць зачынілі, працоўных месцаў стала ўсё менш, і пацягнулася моладзь у горад, – працягвае Канстанцін Аляксандравіч. – Так вось і старэюць нашы Зачэпічы. Сёння тут пражываюць амаль дзевяноста працэнтаў людзей сталага ўзросту. Дзетак зусім нямнога. А калісьці школа ў Зачэпічах працавала, лічы, толькі для вучняў з нашай вёскі. 

 

Адзінае прызванне – педагог

 

Менавіта ў гэтую Зачэпіцкую школу ў далёкім 1967 годзе пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута быў накіраваны Віктар Антонавіч Бароўскі. Малады спецыяліст скончыў … факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання. 

 

– Так атрымалася, што пры паступленні мне не хапіла некалькіх балаў, каб стаць студэнтам гістарычнага факультэта, на які я марыў паступіць, – расказвае Віктар Антонавіч. – Проста вярнуцца дадому я не хацеў і падумаў: “А чаму б не”? І вырашыў атрымаць прафесію настаўніка пачатковых класаў. Так і вучыўся адзін амаль сярод сотні дзяўчат. Гістарычны факультэт я ўсё ж такі закончыў, але крыху пазней, завочна.

 

У працоўнай кніжцы Віктара Антонавіча – толькі адзін запіс аб прыёме на работу. Усё сваё жыццё ён застаецца верным некалі абранай прафесіі. Уладкаваўшыся на працу ў Зачэпіцкую школу, два гады працаваў настаўнікам матэматыкі, затым дзесяць год быў завучам і два дзесяцігоддзі – дырэктарам. 

 

– Калі толькі прыйшоў у школу, заняткі наведвалі больш за сто вучняў, а калі школа зачынялася ў 1997 годзе, толькі 16, – гаворыць Віктар Антонавіч. – Дарэчы, у тым жа годзе быў пабудаваны мост праз раку Нёман. 

 

У Зачэпічах Віктар Антонавіч жыве ўжо больш за паўстагоддзя. Яго малая радзіма – непадалёку, гэта суседняя вёсачка Борці. Менавіта ў Зачэпічах сустрэў малады настаўнік і сваё каханне.

 

– Я пасяліўся на кватэры, а там якраз і жыла дзяўчына, якая мне вельмі спадабалася, – успамінае Віктар Антонавіч. – Яна працавала бухгалтарам у Васілішках. Праз год пажаніліся. На жаль, хутка будзе ўжо два гады, як яе не стала на гэтым свеце. І застаўся я адзін. Нават верш напісаў “Адзіноцтва”, які быў змешчаны ў “раёнцы”. Выгадавалі мы з жонкаю траіх дзяцей, маю ўжо трох унукаў. Адна дачка жыве тут непадалёку, у Зачэпічах, другая – у Гродне. А сын загінуў... 

 

Часта ўспамінае Віктар Антонавіч гады работы ў школе.

 

– Мы з рабятамі пастаянна ездзілі на экскурсіі, – гаворыць былы дырэктар. – Дзе мы толькі не пабывалі! У Брэсцкай крэпасці, і нават не адзін раз, у Хатыні, наведалі Вільнюс, Каўнас і іншыя гарады. Ехалі людзі і да нас у Зачэпічы з усіх куточкаў краіны. Слава пра гэты партызанскі край гучала далёка за межамі раёна. У 1974 годзе тут адкрылі зямлянку, а ў 1984-ым – музей партызанскай славы, адзіны ў раёне. 

 

Віктар Антонавіч – часты ўдзельнік розных мерапрыемстваў. У яго рэпертуары каля 180 песень. Вось і нядаўна ён выступаў у Доме культуры ў Орлі. Як кажуць вяскоўцы, добра спявае. Некалі ў школе ён нават выкладаў спевы для сваіх вучняў. А акампануе яму зяць – баяніст адмысловы. 

 

Цікаўлюся ў яго як у гісторыка, чаму Зачэпічы назву такую маюць?

 

– Існуюць дзве версіі, – гаворыць Віктар Антонавіч. – Па першай, ехаў тут пан, выйшаў і зачапіўся. А па другой, шведскі кароль перапраўляўся ў раёне Орлі праз Нёман і таксама за нешта зачапіўся. Так і ўзніклі Зачэпічы. Дарэчы, наша вёска адзіная ў раёне, быццам адрэзаная ад яго ракой.

 

Сёння Віктару Антонавічу 76, ён сам і дровы сячэ, і бульбачку садзіць, і па хатняй гаспадарцы ўпраўляецца. І заўсёды з радасцю сустракае вучняў Орлеўскай школы, якія ніколі не забываюць дырэктара Зачэпіцкай школы і абавязкова прыходзяць павіншаваць яго са святамі. 

 

Галоўнае – сям’я і малая радзіма

 

Сэрцам прырос да сваіх родных Зачэпічаў і Канстанцін Аляксандравіч Бейма. Тут ён нарадзіўся, сюды разам з сям’ёй збег ад гарадскога жыцця. І менавіта тут адчувае сябе абсалютна шчаслівым чалавекам і лічыць, што гэта яго малая радзіма сілы на ўсё дае. 

 

– Я таксама вучыўся ў Зачэпіцкай школе, а маім настаўнікам разам з іншымі быў і Віктар Антонавіч, – расказвае Канстанцін Аляксандравіч. – Ён – выдатны педагог, і кіраўніком быў спакойным, разважлівым і паважаным. Пасля школы я паступіў у Слонімскае вучылішча, там тады рыхтавалі спецыялістаў у меліярацыйнай сістэме. Але па спецыяльнасці так ніколі і не працаваў. Калі стварылі з жонкай, а яна таксама мясцовая, з суседняй вёскі, сваю сям’ю, пераехалі ў Гродна, там працаваў вадзіцелем на азотна-тукавым заводзе. А потым на сямейнай нарадзе прынялі рашэнне вярнуцца на малую радзіму. Тут таксама ўладкаваўся на работу вадзіцелем на Шчучынскі вытворчы ўчастак Мастоўскага леспрамгаса, потым 15 год быў майстрам лесанарыхтовак. А пасля скарачэння перайшоў працаваць на аўтобусе ў Зачэпіцкае лясніцтва. Цяпер пад маім наглядам Дом паляўнічага.

 

Канстанцін Аляксандравіч – мнагадзетны тата, дзецьмі сваімі вельмі ганарыцца, радуецца, што выраслі яны дастойнымі людзьмі і бацькам заўсёды гатовы дапамагчы. Любяць бываць у бабулі з дзядулем і іх сямёра ўнукаў: дзе ж яшчэ можна так адпачыць і надыхацца свежым лясным паветрам?! 

 

 – Ведаеце, ніколі не пашкадаваў, што вырашыў вярнуцца на малую радзіму, – гаворыць Канстанцін Аляксандравіч. – Тут цудоўная прырода, а я люблю і на паляванне схадзіць, і парыбачыць, і па грыбы. Прыток Нёмана – рэчка Чарняўка – лічы, праз самую вёску працякае. У мяне жывуць чатыры сабакі: тры гончыя – эстонская, руская і беларуская, і аўчарка. На паляванне хадзіў з егерамі, адстрэльвалі дзікіх кабаноў. Цяпер колькасць гэтай жывёлы значна зменшылася.

 

Дом для сваёй вялікай сям’і Канстанцін Аляксандравіч будаваў сваімі рукамі. Спачатку дапамагалі бацькі. Бацька Канстанціна Аляксандравіча – ветэран Вялікай Айчыннай вайны – быў сталяром. 

 

Канстанцін Аляксандрвіч – стараста ў Зачэпічах. Да яго часта звяртаюцца аднавяскоўцы з самымі рознымі просьбамі. Ён і лямпачку павінен замяніць у вулічным ліхтары, і батарэйку пераставіць у пажарным апавяшчальніку. Дзе што каму падвезці – заўсёды дапаможа.

 

– У вёсцы шмат людзей, якія жывуць адны, але ў кожнага ёсць дзеці, якія даглядаюць сваіх бацькоў, – гаворыць стараста. – І прыязджаюць, і прылеглыя тэрыторыі абкошваюць, каб на вясковых вуліцах быў парадак, і дровы нарыхтоўваюць, і дамы прыбіраюць – дапамагаюць па хатняй гаспадарцы. А калі што спатрэбіцца тэрмінова –у нашых Зачэпічах ніхто ў дапамозе не адмовіць. Такія ў нас людзі. 

 

Канстанцін Аляксандравіч таксама любіць спяваць і іграе на гітары. Праўда, больш для сваіх родных, калі ўсе разам збіраюцца ў бацькоўскім доме. 

 

Справа сталяра баіцца

 

– Ведаеце, дзе б я ні быў, наколькі б ні стамляўся, прыеду ў бацькоўскі дом і дастаткова дзве-тры гадзіны адпачыць, каб зноў сілы вярнуліся, – расказвае пра феномен роднай зямлі Юрый Іванавіч Орсік. – Уяўляеце сабе, раніцай устаеш, а ў агародзе козы дзікія ходзяць. Цішыня, спакой. Дзе яшчэ такое ўбачыш?!

 

Юрый Іванавіч – сталяр у трэцім пакаленні. Яго дзед і бацька таксама былі выдатнымі майстрамі, любілі і ўмелі працаваць з дрэвам. Толькі Юрый Іванавіч не адразу дазволіў свайму таленту праявіцца ў поўную сілу. Пасля заканчэння школы ён паступіў у Ашмянскі сельгастэхнікум. Там якраз праводзіўся набор на новую спецыяльнасць ”механізацыя ўліку і вылічальных работ”. Затым два гады працаваў у вылічальным цэнтры, пакуль не прызвалі ў армію. Пасля тэрміновай службы застаўся служыць у Германіі ў паветрана-дэсантных войсках. Вярнуўшыся на радзіму, уладкаваўся на работу цеплаэнергетыкам і працаваў на кацельні ў Васілішках. І толькі праз 25 год Юрый Іванавіч змяніў работу і пачаў займацца тым, што патрабавала душа – па прапанове дырэктара “Аграхімсэрвісу” вырашыў будаваць дамы – наладзіў вытворчасць ацыліндраванага бруса і распрацоўваў праекты. Паступова Юрый Іванавіч прыйшоў да таго, каб адкрыць уласную справу.

 

– Сам не чакаў, але ўсе неабходныя дакументы аформіў за адзін дзень без усякай валакіты, – расказвае майстар. – І такім чынам арганізаваў сваю фірму “Дрэўмайстар”. Для адкрыцця справы ў цэнтры занятасці атрымаў бязвыплатную стартавую субсідыю, дзякуючы якой набыў патрэбныя інструменты для работы. У дзедавым доме, што быў пабудаваны побач з бацькоўскім, арганізаваў сталярку і пілараму. Каб самому працаваць над праектамі, асвоіў спецыяльную праграму. Гэта было не складана: па чарчэнні ў мяне заўсёды былі толькі пяцёркі. Дарэчы, мой бацька ў свой час спачатку працаваў у лясной гаспадарцы, а потым – настаўнікам у Галубоўскай школе: выкладаў ваджэнне, працоўнае навучанне і чарчэнне. 

 

Цяпер Юрый Іванавіч займаецца будаўніцтвам дамоў, лазняў, альтанак, вырабляе малыя архітэктурныя формы, вокны, эксклюзіўныя дзверы і многае іншае – працуе з дрэвам. Ён стварыў і новыя працоўныя месцы. Аднак кожны крок пры выкананні будаўнічых работ кантралюе сам. Адны з апошніх яго тварэнняў – дамы з бруса ў Плянтах і Навасёлках, дзве альтанкі ў Шчучыне, сімпатычная лазня ў Ражанцы, а літаральна на днях яшчэ адна ўжо амаль сабраная лазня “пераедзе” ў Турэйск. Дарэчы, каб павысіць якасць будаўнічых работ, Юрый Іванавіч нават сваю тэхналогію распрацаваў. Паміж брусамі пры будаўніцтве ўстаўляюцца драўляныя пракладкі, каб кожны брус мог добра высахнуць і не псавацца. Дрэва абавязкова апрацоўваецца якаснымі хімічнымі прэпаратамі, каб не пакрывалася цвіллю і не паддавалася ўздзеянню грыбка і шкоднікаў.

 

Двое сыноў, дачка і чацвёра ўнукаў – вялікая радасць у жыцці Юрыя Іванавіча. Для іх ён жыве, для іх працуе. Яму вельмі камфортна сярод сваіх аднавяскоўцаў, на сваёй малой радзіме, дзе, лічы, праз уласны агарод цячэ рэчка, дзе ловіцца самая буйная рыба, а ў лесе растуць самыя смачныя грыбы. Калі ў Юрыя Іванавіча знаходзіцца свабодная мінутка – ён ідзе да сваіх вуллёў і назірае, як працуюць пчолы.

 

– Яны мяне не баяцца, напэўна, ведаюць, што ў мяне алергія на мёд, – смяецца Юрый Іванавіч. 

 

Ён і сам, як тая працавітая і руплівая пчала, увесь дзень у клопатах. Па-іншаму жыць проста не ўмее.

 

…Цікавыя атрымаліся сустрэчы з прыемнымі, адкрытымі і добразычлівымі людзьмі, якія жывуць у прыгожых мясцінах на сваёй малой радзіме.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.