Паслухаць класіку, патанчыць на вясковым падворку, наведаць музей, прагуляцца па вяровачных лабірынтах… Даведаліся, чым здзіўлялі народ на станцыях святочнага Шчучына

 

Пасля ўрачыстага мітынгу “Пад мірным небам Беларусі” святкаванне Дня Незалежнасці ў Шчучыне працягвалася як на плошчы Свабоды, так і на пазнавальна-забаўляльных пляцоўках па ўсім горадзе.

 

Аматараў прыгожага сабрала ля галоўнай сцэны канцэртная праграма, падрыхтаваная выкладчыкамі і вучнямі Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў. На высокім узроўні выступілі народныя ансамблі “Дывертысмент” і “Рапсодыя”, юныя баяністы Глеб Казак і Ціхан Гермакоўскі.

 

 

Тым часам у скверы з нарастаючым імпэтам разгортваліся забавы на сельскім падворку, а работнікі культуры прыклалі ўсе свае таленты, каб наведвальнікам сапраўды было весела, каб ногі самі ішлі ў танцы. У ваенным лагеры з яго каларытнай атрыбутыкай былі гатовы ўсё расказаць аб перамозе нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Пляцоўкі дзіцячых садкоў бы магнітам прыцягвалі да сябе дзятву. Здзіўлялі сваімі маленькімі шэдэўрамі народныя майстры, частавалі навінкамі прадукцыі шчучынскія вытворцы з “Малочнага міру”. Словам тут была лакацыя станцый “Гульнёвая” і “Творчая”, якія цалкам апраўдвалі свае назвы.

 

 

Самыя цікаўныя ўдзельнікі свята не прамінулі адправіцца ў вандроўку па любімым горадзе крыху далей за плошчу і сквер. Наш Шчучын, як вядома, можна адкрываць для сябе зноў і зноў. Прычым – гуляючы! Менавіта такую мэту ставілі перад сабой  арганізатары гульні-горада. Так, ля першай гарадской школы і гімназіі працавала станцыя “Гістарычная”. У гэты знакавы для нашай краіны дзень знайшлося нямала жадаючых наведаць народны музей баявой славы СШ № 1 г. Шчучына і музей гісторыі адукацыі, што дзейнічае ў гімназіі. Назапашаныя веды яўна дапамогуць удзельнікам вела-квэста, прысвечанага Году міру і стварэння, які таксама плануецца правесці на гэтай станцыі.

 

 

Тым часам самыя азартныя сабраліся на школьным стадыёне на станцыі “Спартыўная”. Калі баскетбольныя страсці разгарэліся сярод старшакласнікаў, то вучні малодшых класаў сапернічалі ў этапах спартакіяды. А вось ля Палаца творчасці дзяцей і моладзі на станцыі “Турыстычная” можна было паспрабаваць свае сілы і спрыт, гуляючы па…  вяровачнаму парку. На станцыі “Музычнай” добры настрой сваім наведвальнікам стваралі ўдзельнікі ансамбля “Унісон”.

 

Ля раённай бібліятэкі імя Цёткі разгарнулася цікавая кніжная выстава. Цудоўны вернісаж дзіцячых карцін уражваў талентам юных мастакоў Шчучыншчыны. Нямала гасцей прыняў і музейны пакой эпохі СССР. Словам, гарадское жыццё сёння проста віруе. Наперадзе, дарэчы, яшчэ шмат цікавых падзей -- мерапрыемстваў, канцэртаў, забаў для дзяцей.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!