Беларусь мая, сэрцу мілая! 3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

 

Святлана і Алег Бурак прыехалі ў ААТ “Васілішкі” пяць год таму. Маладая сям’я з дваімі дзеткамі вырашыла, што аграгарадок Васілішкі – нядрэннае месца для жыхарства: прыгожы, сучасны і ўтульны.
Работа для двух спецыялістаў знайшлася ў мясцовай гаспадарцы, і з жыллём праблем не ўзнікла – атрымалі службовае. Алег працуе начальнікам вытворчасці прадукцыі буйной рагатай жывёлы ААТ “Васілішкі”, а Святлана загадвае канцылярыяй. У свой час яны атрымалі вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце на зоаінжынерным факультэце. Алег ужо амаль два дзесяцігоддзі прысвяціў сельскай гаспадарцы, а Святлана на тры гады менш.

 

– Нам вельмі падабаюцца Васілішкі, а таксама калектыў прадпрыемства, у якім працуем, – гаворыць Святлана. – І дзеці маюць магчымасць развівацца: можна наведваць школьны басейн, запісацца ў аб’яднанні па інтарэсах.

 

У клапатлівых бацькоў падрастаюць двое хлопчыкаў – Захар, які закончыў чатыры класы, і Багдан, які першага верасня пойдзе ў трэці клас. Старэйшы сын – асоба творчая, ён захапляецца музыкай і вучыцца іграць на гітары. Не адстае ад яго і брат: Багдан… спрабуе пісаць вершы. Такі вось атрымліваецца крэатыўны творчы тандэм.

 

Святлана і Алег з задавальненнем працуюць на зямлі і прывучаюць да гэтага сваіх дзетак. А яшчэ яны ўсім сэрцам любяць сваю родную, сінявокую Беларусь, дзе можна мірна жыць і расціць дзяцей, займацца любімай справай і радавацца блакітнаму небу, неабсяжным дагледжаным палям і цудоўным мілым васількам. Гэта – іх Радзіма!

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!