Памятаць, каб жыць. У памяць аб спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны беларускіх вёсках на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Зінякі” прайшоў жалобны мітынг

22 сакавіка – чорная дата, назаўсёды ўнесеная ў летапіс нашай гісторыі. Менавіта ў гэты дзень 80 гадоў таму нацысцкія карнікі спалілі разам з жыхарамі вёску Хатынь Лагойскага раёна. Памяць аб гэтай жудаснай трагедыі дагэтуль застаецца незагойнай ранай у нашых сэрцах. Шмат крыві ў гады ліхалецця пралілося і на шчучынскай зямлі. У нашым раёне сумны лёс Хатыні раздзяліла вёсачка Зінякі, якая стала сімвалам смутку і памяці. Сёння ў памяць аб усіх спаленых за гады вайны беларускіх вёсках на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Зінякі” прайшоў жалобны мітынг.

 

У жалобным мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, актывісты грамадскіх арганізацый, мясцовыя жыхары і іншыя людзі, неабыякавыя да трагедыі беларускага народа. Як сімвал пераемнасці гістарычнай памяці на мітынгу было шмат вучняў з розных школ нашага раёна.

 

 

З песняй “Хатынь” перад удзельнікамі мітынгу выступіў народны ансамбль духоўных спеваў “Праабражэнне” ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

 

Пра жахі вайны і злачынствы акупантаў нагадала намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяна Цюсіна:

 

– Няма нічога страшнейшага для чалавека, чым вайна, бо любая вайна – гэта смерць, жах, кроў і гвалт. Але самым страшным злачынствам лічыцца знішчэнне мірнага насельніцтва. Трагедыя Хатыні і тысяч вёсак з такім жа лёсам – гэта наш несціхаючы боль. Звон Хатыні, пра які спяваў наш ансамбль “Праабражэнне”, з’яўляецца памяццю і перасцярогай для ўсяго свету аб тым, што гэтая бяда не павінна паўтарыцца зноў.

 

 

Таксама слова ўзяў і клірык храма Багаяўлення горада Шчучына іерэй Ігар Каласоўскі. Святар заклікаў прысутных памаліцца за душы нявінна забітых:

 

– Для Госпада каштоўная кожная душа і кожны чалавек. Гасподзь прыйшоў у гэты свет для таго, каб выратаваць нашы душы, яны не маюць цаны, яны бессмяротныя і таму сёння мы ўзнясём малітвы аб душах усіх нявінна забітых і ўшануем вечную памяць аб іх.

 

 

Пасля агульнай малітвы ўдзельнікі жалобнага мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і ўсклалі ля падножжа помніка вянкі і кветкі.

 

 

Памяць аб жудасных падзеях Вялікай Айчыннай вайны жыве і перадаецца праз пакаленні. Інакш быць не можа, гэта наш святы абавязак, бо без памяці аб трагічных уроках мінулага ў нас наўрад ці можа быць светлае будучае.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!