На радзіме Цёткі зноў загучала паэтычнае слова

Свята паэзіі прайшло ў мінулыя выхадныя ў гарадскім пасёлку Астрына. На школьны стадыён спяшаліся цэлымі сем’ямі. Так павялося, што менавіта тут ладзяцца разнастайныя пасялковыя святы.

Вядучыя – Ганна Сцяпанчанка і Аляксандр Чучва – пачалі мерапрыемства з цудоўных вершаваных радкоў. Затым іх паэтычную хвалю падхапілі дзяўчаты ў беларускіх строях з вышыванымі ручнікамі, закружыліся ў віхуры танца. Духмяным караваем віталі прыгажуні-астрынчанкі сваіх землякоў. А затым да гасцей выйшла і сама Цётка (роль паэтэсы цудоўна выканала Дар’я Разуева). Ізноў загучала на Астрынскай зямлі ліра нанова. Знакамітую паэтэсу тут любяць, яе творчасцю захапляюцца. Відавочна, што палымянае слова, кінутае ў сэрца народа, не меркне і не старэе, яно становіцца вечным. Побач з такім словам жыве імя чалавека, які падараваў яго народу. Наш раён – радзіма Цёткі. Тут у фальварку Пешчына нарадзілася Алаіза. У Астрынскай школе размясціўся адзіны ў Беларусі музей Цёткі, які расказвае пра жыццё і творчы шлях паэтэсы. З захапленнем слухалі астрынчане вершы зямлячкі. Здавалася, Алаіза Пашкевіч зноў гаварыла пра трапяткую і бязмежную любоў да сваёй радзімы і да свайго народа.

Ці то постаць таленавітай зямлячкі-пясняркі, ці то сіла і моц малой радзімы надзялілі многіх жыхароў Шчучыншчыны дарам паэтычнага слова. На свята завітаў паэт Рычард Бялячыц, які парадаваў усіх сваімі новымі вершамі і пазнаёміў з кнігамі, якія ўжо знайшлі свайго адданага чытача. Мне таксама давялося стаць госцем «Паэтычнага калейдаскопа Шчучыншчыны» і пачытаць свае вершы землякам. Парадавала ўсіх сваімі вершамі і паэтэса Ганна Сцяпанчанка. Асабліва даспадобы прыйшоўся жанчынам паэтычны твор пра ўнука. Тэма гэта вельмі актуальная, калі ўлічыць, што на свята амаль усе завіталі з унукамі і ўнучкамі.

Адметна, што падчас мерапрыемства працаваў «свабодны мікрафон», які даў магчымасць кожнаму пагутарыць з гасцямі і паказаць сябе як чалавека творчага. Сціплыя астрынчане ўсё больш пішуць у стол, саромеюцца заявіць аб сабе, аднак для некаторых гэты дзень стаў адметным. Так, землякі адкрылі для сябе тонкую творчую асобу – настаўніцу Астрынскай СШ Таццяну Чарняк. У сваіх вершах жанчына расказвае пра любімую восень, разважае над сэнсам жыцця, піша пра такое трапяткое пачуццё, як каханне.

Не менш кранальныя вершы і ў яшчэ адной мясцовай паэтэсы – Тамары Сямашка. Толькі жанчына можа так трапна расказваць пра жыццё, заўважаць прыгажосць у звычайным.

У той дзень над стадыёнам лунала натхненне. Працавала выстава кніг “Слаўлю свой край у песнях і вершах”. Канцэртная праграма таленавітых артыстаў з Новага Двара дабавіла весялосці святу.

Кожны знайшоў сабе справу па душы. Хлопчыкі і дзяўчынкі маглі праявіць свой талент мастака ў конкурсе малюнкаў на асфальце. Працавала гульнявая пляцоўка, дзе дзяцей забаўляў вясёлы клоун.

Дарослыя таксама не сядзелі без справы: знаёміліся з народнымі ўмельцамі Астрыншчыны, набывалі іх рукатворныя працы. Знайшлі сябе і спартсмены: гульнявая пляцоўка для валейбола напоўнілася галасамі астрынчан. А вось аматары актыўнага адпачынку скарысталіся магчымасцю пакатацца вярхом на кані: свае паслугі на свяце прапаноўваў конны двор “Кентаўр”. Натуры рамантычныя паспяшаліся ў фотазону, каб зрабіць чарговае сэлфі.

Няхай сабе дождж і ўнёс свае карэктывы, аднак паэтычнае слова яшчэ доўга лунала над астрынскай зямлёй.

Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!