Музыка іх аб’яднала ў “Каданс”

Сёлета інструментальны ансамбль педагогаў “Каданс” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі адзначае невялічкі юбілей. Ужо пяць год ён з’яўляецца пастаянным удзельнікам усіх мерапрыемстваў, якія праходзяць у палацы. Прыгожыя творы ў выкананні музыкантаў-прафесіяналаў гучаць практычна заўсёды, калі тут гасцінна сустракаюць гасцей.

 

– Гэты ансамбль нарадзіўся дзякуючы нашаму крэатыўнаму кіраўніку Ірыне Пятроўне Дзегцяровай, – расказвае загадчык аддзела мастацкай творчасці Шчучынскага ПТДіМ Іна Юзэфаўна Бяляева. – Гэта яна заўважыла нераскрыты творчы патэнцыял нашых педагогаў-музыкантаў і прапанавала ім паспрабаваць стварыць свой ансамбль, які мог бы стаць візітнай карткай палаца.

 

Дэбют “Каданса” адбыўся падчас першага балю, які прайшоў у палацы. І трэба сказаць: паспяхова! Сёння гэты ансамбль ужо добра ведаюць усе шчучынцы і многія госці горада.

 

– Кіраўнік ансамбля – Алена Аляксандраўна Русецкая – акампаніятар палаца і педагог дадатковай адукацыі, – працягвае Іна Юзэфаўна. – Разам з ёю ў творчым тандэме працуюць Ала Казіміраўна Насцечына – таксама акампаніятар і педагог дадатковай адукацыі, Святлана Віктараўна Ткачук – кіраўнік ансамбля гітарыстаў “Акорд”, акампаніятары Алена Іванаўна Харчанка і Марыя Станіславаўна Налівайка, і педагог дадатковай адукацыі Святлана Мікалаеўна Голышава. Якія музычныя інструменты гучаць у ансамблі? Гэта акардэон, баян, домра і два сінтэзатары.

 

– Наш рэпертуар даволі разнастайны, – расказвае кіраўнік “Каданса” Алена Аляксандраўна Русецкая. – Іграем полькі, вальсы, джаз, выконваем музыку з кінафільмаў… Ёсць у нас беларускае папуры, у склад якога ўваходзяць полька, класічныя творы, музыка з рэпертуару народнага ансамбля “Песняры”. Цяпер да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне працуем над папуры з ваенных песень. Мы вельмі рады, што ў нас атрымаўся такі калектыў, у якім усе іграюць з душой. Мы рэпетыруем два разы на тыдзень. За чарговую мелодыю часам бяромся проста спантанна. Хтосьці прапаноўвае: “А давайце паспрабуем сыграць гэты твор!” Канечне ж, у прадчуванні чагосьці новага сядаем за інструменты. І як здорава, калі адразу ўсё атрымліваецца.

 

А цяпер педагогі-музыканты з “Каданса” рыхтуюць для сваіх слухачоў прыемны сюрпрыз. Алена Аляксандраўна і Святлана Віктараўна вырашылі рэалізаваць праект “Ансамбль, значыць, разам”: стварыць нумар разам са сваімі выхаванцамі.

 

– Жывая музыка – гэта вялікая каштоўнасць, – лічыць Іна Юзэфаўна. – Ніводны чалавек не можа застацца абыякавым да віртуознага гучання музычных інструментаў, у выніку якога нараджаецца цудоўны музычны твор. Наш “Каданс” – невялічкі калектыў прафесіяналаў, якія ўмеюць падарыць цудоўныя моманты, крануць самые патаемныя струны душы…

 

Што ў планах калектыву? Безумоўна, развівацца. Прымаць удзел у конкурсах, заяўляць пра сябе.
– Мы ўжо столькі год іграем разам, а перад чарговым выступленнем заўсёды хвалюемся, – гаворыць Алена Аляксандраўна. – Кожны адчувае вялікую адказнасць перад сваімі калегамі і слухачамі: нумар абавязкова павінен прагучаць ідэальна.

 

Алена Аляксандраўна працуе ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі ўжо 26 год. Пачынала выкладчыкам ігры на фартэпіяна, затым пераключылася на сінтэзатар. Выступленне шумавога аркестра пад яе кіраўніцтвам, у якім юныя музыканты ігралі на бубнах, маракасах, трашчотках, ксілафонах і іншых інструментах, часта станавілася яркім фінальным акордам розных канцэртаў. Цяпер Алена Аляксандраўна – акампаніятар ва ўзорнай студыі “Апрель” і кіраўнік ансамбля клавішных сінтэзатараў.

 

– Ведаеце, шанц навучыцца іграць на музычным інструменце я даю кожнаму дзіцяці, нават калі ў яго няма асобых здольнасцей, – гаворыць Алена Аляксандраўна. – У каго не атрымліваецца – прыдумаю партыю спецыяльна для яго. Яны ж прыходзяць на заняткі для душы, імкнуцца навучыцца разумець музыку. І я ў гэтым дапамагаю.

 

Дарэчы, музычныя заняткі Алены Аляксандраўны наведвалі і тры яе дачушкі Анастасія, Ксенія і Паліна. І хоць яны не пайшлі па музычнай сцяжыне як іх мама, усе яны сталі асобамі творчымі.

 

Вялікая любоў да музыкі, адданасць сваёй прафесіі дазваляюць педагогам-музыкантам Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі не толькі развіваць здольнасці сваіх выхаванцаў, але і пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства. Упэўнена, шчучынцы яшчэ не раз пачуюць цудоўныя музычныя творы ў выкананні інструментальнага ансамбля “Каданс”. З нецярпеннем чакаем!

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота Людмілы НЕМНЫ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!