“Мы з табой два берагі ў адной ракі”. 65 год жывуць у шчаслівым шлюбе Марыя і Іосіф Кургуны на маляўнічым хутарку ля ракі Спушанкі
Літаральна праз пару месяцаў яны адзначаць 65 год сумеснага жыцця – жалезнае вяселле. Гучыць, можа, не так эфектна, як залатое ці рубінавае, але ж наколькі надзейна і магутна! Іосіфу Герасімавічу Кургуну – 89, Марыі Уладзіміраўне – 83. Відаць, жыццёвыя сілы сужэнцы чэрпаюць у самой матухны-прыроды, а сакрэт іх доўгажыхарства – у беражлівых адносінах адзін да аднаго.
Жывуць Кургуны на лясным, аддаленым ад цывілізацыі хутары – на беразе прыгожай рачулкі Спушанкі, чыстыя воды якой, кажуць, аблюбавала нядаўна чырванакніжная рыба фарэль. Наўкола грыбныя і ягадныя мясціны, водарнае разнатраўе лугоў. Каб трапіць на падворак да гаспадароў, трэба прайсці па драўлянай маставой і дыхтоўнай кладцы з парэнчамі. Усё гэта Кургуны змайстравалі самі, праўда, не без дапамогі сваіх клапатлівых дзяцей.
– Нас раней да Чаромушак адносілі, а зараз – да Новай Спушы. Але якую з вёсак ні вазьмі, усё адно досыць далёка ад хутарка, – тлумачыць Марыя Уладзіміраўна. – Дом гэты дастаўся мужу ў спадчыну ад ягонага бацькі-лесніка. Так і жывём тут з пачатку 60-х. Маладымі працавалі: я – у калгасе, муж – у лясніцтве.
– А не сумуеце ад адзіноты?
– За работай няма калі сумаваць! – у адзін голас адказваюць хутаране.
Тое, што нягледзячы на сур’ёзны ўзрост, тут працуюць рук не пакладаючы, адчуваецца ва ўсім. Гаспадыня толькі з агародчыка выйшла, дзе ўсё дасканала дагледжана ды праполата. Гаспадар абкасіў агромністыя абшары-касагоры: што бензакасілкай, а дзе і звычайнай касой. Радуюць вока клумбы. Ландшафт упрыгожвае квітнеючы рапс, пасеяны, відаць, спецыяльна для пчолак. Абяцаюць добры ўраджай магутная чарэшня на ўзгорку і экзатычны арэхавы куст з барвовай лістотай. Прыгожа так, што вачэй не адвесці. А на выспачцы лазня драўляная ўзвышаецца. Карыстаюцца ёй рэгулярна.
– У нас і свая крынічка ёсць, усіх частуем сцюдзёнай вадзіцай, бо іншы раз людзі не абмінаюць наш дом, калі ідуць з сельскагаспадарчых работ, – кажуць хутаране.
Паспрабавалі і мы той вадзіцы – смачней не бывае!
– Ну праўда ж! У нас, як на курорце! – ганарыцца сваёй мясцовасцю і адметнай сядзібай Іосіф Герасімавіч.
Кургуны выхавалі дзвюх дачок і сына, якія ўжо таксама на пенсіі, а жывуць у гарадах. Аднак вельмі часта прыязджаюць да бацькоў са шчодрымі гасцінцамі, заўсёднай гатоўнасцю дапамагчы. Праўда, упартыя хутаране не здаюцца пражытым гадам і стараюцца сваімі сіламі падтрымліваць узорны парадак ва ўсім. З гаспадаркі, апрача пчол, – трусы і куры, сабачка і кот. Лясныя госці таксама могуць знянацку завітаць на падворак, але да такога суседства Кургуны даўно прывыклі.
– Наш род працягваюць 6 унукаў і 10 праўнукаў. Радуемся, што нашчадкі цягнуцца да навукі, – працягваюць бяседу хутаране. – Адна з унучак пасля ўніверсітэта ў Міністэрстве прамысловасці працуе, другая – у Міністэрстве фінансаў, трэцяя – лінгвіст, англійскай мовай дасканала валодае. Малодшы ўнук таксама ўжо студэнт… А карані іх тут – у нашым запаветным краі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.