Падзяка людская ад сэрца ідзе. Сёння адзначае свой 75-гадовы юбілей ветэран працы Лявон Фёдаравіч Кунцэвіч

 

Павіншаваць вядомага на Шчучыншчыне аграрыя, які да ўсяго доўгі час узначальваў раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, у аграгарадок Ляшчанку прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, лідар ветэранскай арганізацыі Шчучыншчыны Васілій Жукоўскі і маладая калега віноўніка ўрачыстасці -- начальнік дзяржаўнай інспекцыі НКіАР  Ганна Жагунь. Кветкі, падарункі, Падзяка Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта і Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў – усё гэта заслужанаму чалавеку за яго ўклад у сельскагаспадарчую галіну і сённяшні актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

 

Ганна Станіславаўна ад імя раённай улады і ўсіх прысутных цёпла і сардэчна павіншавала юбіляра з 75-годдзем, пажадала здароўя і даўгалецця, асобыя словы прызнання выказала Лявону Фёдаравічу за патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Было што дадаць і Васілію Сяргеевічу Жукоўскаму: яго з Л.Ф. Кунцэвічам звязваюць сумесныя сацыяльныя праекты. Справа ў тым, што Лявон Фёдаравіч ужо на працягу шэрагу гадоў паспяхова ўзначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю ААТ “Шчучынская птушкафабрыка”, у партнёрстве з кіраўніцтвам прадпрыемства, прафкамам і органамі самакіравання ўдзельнічае ў вырашэнні жыццёва важных пытанняў ветэранаў працы і адзінокіх людзей сталага веку.

 

 

Не абышлося падчас гэтай нефармальнай сустрэчы і без настальгічных успамінаў. Лёня Кунцэвіч, ураджэнец вёскі з красамоўнай назвай Панямонцы, што на Лідчыне, прыехаў працаваць у калгас “Бальшавік” на Шчучыншчыну ў 1969 годзе.

 

-- Як сёння памятаю, наш старшыня Мікалай Рыгоравіч Хільмановіч прыводзіць у кантору прыгожага маладога чалавека і гучна аб’яўляе: “Ну вось, прывёз для гаспадаркі галоўнага агранома, а табе, Марыя, мужа!”, -- з добрай усмешкай узгадвае маладосць Марыя Уладзіміраўна Кунцэвіч, якая на той час працавала намеснікам галоўнага бухгалтара, а потым на працягу трох дзясяткаў год -- галоўным эканамістам калгаса “Бальшавік”.

 

Самае дзівоснае, што тыя паўжартоўныя словы калгаснага старшыні сталі прарочымі. Два маладыя спецыялісты пасябравалі і літаральна праз чатыры месяцы пажаніліся. Яна чакала яго з армейскай службы. Ужо 53-ці год, як Лявон Фёдаравіч і Марыя Уладзіміраўна рука аб руку крочаць разам па жыццёвай сцяжыне. Кунцэвічы выхавалі траіх цудоўных дзяцей. Іх старэйшага сына Ігара ведаюць у раёне як выдатнага ўрача-оталарынголага. Вольга – выкладчыца славеснасці ў Гродзенскай гімназіі, а другая дачка – Таццяна, што называецца, дзе нарадзілася – там і прыгадзілася: жыве з бацькамі, працуе ў Ляшчанскім дз/с-СШ.  Дзядуля з бабуляй радуюцца поспехам унукаў, двое з якіх – студэнты юрыдычнага факультэта ГрГУ.

 

 

… Па маёй просьбе Лявон Фёдаравіч узгадвае свае калгасныя будні і бітвы за ўраджай. Гаспадарка была досыць моцнай, але на той час упаўне прыстойнай была ўраджайнасць зерневых 22-23 цэнтнеры з гектара, бульбы – 140-150 ц/га. Сёння гэтыя паказчыкі дзякуючы дасягненням навукі і культуры земляробства павялічыліся іншы раз удвая!

 

З 1977 па 1996 год Л.Ф. Кунцэвіч займаў пасаду намесніка старшыні калгаса “Бальшавік”.

 

-- Цікава і плённа тады працавалася з кіраўніком гаспадаркі Сцяпанам Васільевічам Лянцэвічам. Было пабудавана шмат вытворчых аб’ектаў, жылля, дарог… А мы, спецыялісты, стараліся заўжды быць для нашага старшыні надзейнай камандай і памочнікамі, -- кажа юбіляр.

 

Заўжды актыўны ў грамадскім жыцці, Лявон Фёдаравіч пэўны час працаваў у райкаме партыі, а з 1996 года ўзначальваў раённую дзяржаўную насенную інспекцыю.

 

-- Вялікую ўвагу мы ўдзялялі якасці насенняводства, ставілі перад сабой задачу, каб насенне было высокай рэпрадукцыі, надзвычай прынцыпова падыходзілі да каранцінных патрабаванняў,-- расказвае Л.Ф. Кунцэвіч. – Наш калектыў быў камандай прафесіяналаў -- такіх, як Ірына Моцевіч, Люцыя Тульева, Віктар Яхімчык і іншыя. Вядома, зараз у нашай інспекцыі працуюць прадстаўнікі маладога пакалення, але заходзіць да калег вельмі прыемна. Заўсёды там знойдзеш разуменне і ўбачыш такія ж добрасумленныя адносіны да працы, якія былі ў наш час.

 

Ужо больш за дзясятак год, як Лявон Фёдаравіч адышоў ад спраў на пенсійную мудрасць. Але ён па-ранейшаму ў віры жыцця: усім цікавіцца, усюды паспявае. Трымаць добрую форму і маладжавасць дапамагаюць штодзённая фізкультура і 6-кіламетровыя прагулкі па лесе. Захапляюць не на жарт супружную пару Кунцэвічаў і справы агародныя. Сёлетні ўраджай вельмі парадаваў. Аграном – гэта не толькі прафесія ці спецыяльнасць, гэта любоў да роднай зямлі назаўсёды.

 

Сто год Вам, Лявон Фёдаравіч, у добрым здароўі і радасці жыцця!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!