Геадэзічны рэпер раскрывае сакрэты
Вакзал чыгуначнай станцыі Ражанка адыгрывае важную ролю ў жыцці шчучынцаў і жыхароў блізляжачых населеных пунктаў: сюды спяшаюцца студэнты, якія едуць на вучобу, прадстаўнікі розных арганізацый, накіраваныя ў працоўную камандзіроўку, а таксама шматлікія турысты і аматары вандровак. У спешцы мала хто заўважае невялічкі металічны дыск, які ўманціраваны ў сцену будынка. Між іншым, калі прыгледзецца, то на ім можна разабраць гравіроўку на польскай мове – “znak wysokości” і літары “МRP”.
– Гэта не проста знак, а стары даваенны геадэзічны рэпер – марка, якая замацоўвае пэўную кропку зямной паверхні, вышыня якой над узроўнем мора вызначаецца шляхам нівеліравання, – тлумачыць электрамеханік па абслугоўванні чыгуначнай аўтаматыкі і тэлемеханікі Валерый Фёдаравіч Сямашка. – На гэтым месцы ўманціраваны металічны дыск дыяметрам 5 сантыметраў з указаннем ведамства. Ёсць на фундаменце вакзала яшчэ адзін знак з выгравіраванымі лічбамі “32,67”, што паказваюць вышыню будынка над узроўнем мора.
У Расійскай імперыі і даваеннай Польшчы вышыня нівелірнай маркі вызначалася, як і ў нашы дні ў Расіі, адносна нуля Кранштадскага футштока, і заносілася у адпаведныя каталогі. Між іншым, такіх металічных дыскаў з гравіроўкамі захавалася не так шмат, але іх яшчэ можна сустрэць на некаторых беларускіх, польскіх і украінскіх вакзалах, а таксама храмах і іншых капітальных пабудовах, якія ўзведзены бліз чыгуначных станцый. У нашым раёне геадэзычны рэпер захаваўся толькі на вакзале ў мястэчку Ражанка. Ён уваходзіць у геадэзічную дугу Струве – сетку, якая складаецца з 265 трыангуляцыйных пунктаў (2820 кіламетраў) і перасякае з поўначы на поўдзень Нарвегію, Швецыю, Фінляндыю, Расію, Эстонію, Латвію, Літву, Беларусь, Украіну і Малдову.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.