Помнік – ад слова “помніць”. У першамайскім рэгіёне добраўпарадкоўваюць свяшчэнныя мясціны
Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Першамайскім сельсавеце сур’ёзная ўвага ўдзяляецца добраўпарадкаванню памятных мясцін. У вогненныя гады Вялікай Айчыннай у гэтым лясным краі быў надзвычай развіты партызанскі рух, але і нямецка-фашысцкія акупанты лютавалі, знішчалі мірных жыхароў.
Дзякуючы дэпутацкай ініцыятыве, дапамозе пагранічнікаў паста “Матылі”, супрацоўнікаў заказніка “Котра”, педагогаў і вучняў мясцовай школы, іншых нераўнадушных людзей быў адрамантаваны помнік, што ўзвышаецца на месцы спаленай фашыстамі лясной вёсачкі Агародзішча ў гонар яе 147 ні ў чым не павінных жыхароў, якія 26 лютага 1943 года назаўжды засталіся ляжаць у гэтай зямлі, а сама вёска знікла з карты краіны, так больш і не здолеўшы адрадзіцца. Агульнымі намаганнямі першамайцы прывялі ў парадак тэрыторыю, устанавілі новую агароджу вакол помніка. Пры добраўпарадкаванні было асвоена 568 рублёў.
За бюджэтныя сродкі праведзен і рамонт абеліска ў цэнтральным скверы аграгарадка Першамайск на агульную суму 820 рублёў.
– Мы свята захоўваем памяць пра нашых землякоў і перадаем эстафету патрыятычных традыцый нашым дзецям, якія вывучаюць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ў тым ліку і на падзеях, што разгортваліся на іх малой радзіме, – зазначыла старшыня Першамайскага сельвыканкама Наталля Мікалаеўна Сідлярэвіч.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.