Медалі “30 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана” былі ўручаны работнікам ААТ “Шчучынаграпрадукт”, якія ваявалі ў той краіне

На днях ваенны камісар Шчучынскага раёна падпалкоўнік Аляксандр Генадзьевіч Гайдук уручыў памятныя ўзнагароды – медалі “30 год вываду савецкіх войскаў з Афганістана” работнікам ААТ “Шчучынаграпрадукт”, якія ваявалі ў той краіне. 
Кожны з іх да сённяшняга дня помніць страшныя афганскія дні і ночы, сваіх баявых таварышаў і ні з чым непараўнальнае жаданне аказацца дома, на сваёй роднай зямлі. Трыццаць год мінула з той пары… Але ўсё яшчэ не зацягнуліся душэўныя раны…
Аляксандр Генадзьевіч падзякаваў былым салдатам за мужнасць, стойкасць і за тое, што дастойна выканалі свой воінскі абавязак. Здароўя і сямейнага дабрабыту пажадала работнікам-афганцам дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Браніславаўна Патапчык і паведаміла аб тым, што матэрыяльная дапамога ў сувязі з надыходзячым Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ужо залічана на іх карт-рахункі.
Сур’ёзнае выпрабаванне выпала на долю гэтых мужчын. Самае вялікае шчасце – яны жывымі вярнуліся на сваю родную зямлю, да сваіх родных і блізкіх. Такая вайна не павінна паўтарыцца…
Ганна РУДСКАЯ. 
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!