Пяць дыпломаў за веды і майстэрства
Пяць дыпломаў прывезлі вучні ўстаноў адукацыі Шчучынскага раёна з абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды.
Дыплом другой ступені па матэматыцы атрымаў гімназіст Глеб Васькоўскі. Карпатлівая падрыхтоўка разам з настаўнікам матэматыкі Вольгай Вячаславаўнай Мінінай і раённым трэнерам Тамарай Васільеўнай Уласавай далі свае вынікі: Глеб прыме ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.
Дыплом першай ступені і тры дыпломы трэцяй ступені заваявалі рабяты па працоўным навучанні. Парадавалі Міхаіла Іванавіча Шайтара – настаўніка працоўнага навучання Навадворскага дз/с-СШ – яго выхаванцы: адзінаццацікласнік Віталій Багдзевіч заняў першае месца, а дзевяцікласнік Дзмітрый Шыша – трэцяе. Дыплом трэцяй ступені атрымаў і Вадзім Дубок з СШ №1 г. Шчучына, які рыхтаваўся да алімпіяды са сваім настаўнікам Генадзіем Іванавічам Падзялінскім. У ліку прызёраў па працоўным навучанні – на трэцім месцы – Караліна Рудая з СШ №2 г. Шчучына. Яе настаўніца Таццяна Віктараўна Маісеева вельмі задаволена поспехамі сваёй вучаніцы.
– Хочацца падзякаваць за гэтыя дасягненні рабятам і педагогам, – гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько. – Разам з тым трэба адзначыць, што работу па падрыхтоўцы ўдзельнікаў алімпіяды трэба значна актывізаваць. У нашым раёне ёсць шмат здольных вучняў, якія могуць дастойна прадстаўляць Шчучыншчыну на ўсіх узроўнях і заваёўваць перамогі. Толькі да арганізацыі іх работы адміністрацыя ўстаноў адукацыі і педагогі павінны падыходзіць больш адказна.
Ганна РУДСКАЯ.