Майстар-клас па выпечцы хатняга хлеба, велапрывал, вандроўка па экалагічнай сцяжыне, рэтра-вяселле для бацькоў-юбіляраў… Чым можа здзівіць аграсядзіба “Баярскі двор”

 

Хатні хлеб з “Баярскага двара”. Яго смак непаўторны – вось грачышны, аржаны, пшанічны… Іна Крыпень, абаяльная гаспадыня “Баярскага двара” (такую назву носіць аграсядзіба ў вёсцы Малыя Баяры), сустракае гасцей прамяністай усмешкай і пачастункамі. Свежавыпечаны па сямейных рэцэптах хлеб проста вышэй за ўсялякія пахвалы!

 

 

– Гэта ў мяне ад мамы Яніны Іванаўны, а ў яе – ад бабулі Марылі, – весела распавядае “баярыня” Іна. – Ніколі ў прабабулі ў Дзірванцах мы не елі выпечку з крамы. Толькі пірагі з вясковай печы, толькі хлеб, замешаны пад песні ў кадушцы ды выкладзены на бляшку, усланую кляновай лістотай. Пакуль ён выпякаўся, водар стаяў на ўсё наваколле!

 

 

Увогуле, аграсядзіба працуе ўжо чацвёрты год, а днямі прайшла перарэгістрацыю і ўжо дзейнічае ў рамках новых патрабаванняў заканадаўства.

 

 

– Ніякіх праблем у нас гэта не выклікала, – кажа гаспадыня. – Прыехалі прадстаўнікі райвыканкама, санітарнай службы, РАНС. Мы разумеем, што прымаючы гасцей, павінны быць у адказе за іх бяспеку. А літаральна пазаўчора патэлефанавалі са службы “адно акно”, маўляў, усе дакументы падпісаны. Мы зноў гатовы да сустрэчы турыстаў.

 

Іна Генадзьеўна ў нядаўнім мінулым школьны завуч, вельмі многа падарож­нічала па Беларусі, убірала ў сябе досвед самабытных аграэкааб’ектаў і… марыла аб сваім рамантычным куточку сярод палеткаў ці лесу. Менавіта такі абасоблены дамок і ўдалося купіць у Малых Баярах. Так шчучынская настаўніца стала сельскай жыхаркай. Ад раённай службы занятасці яна атрымала накірунак на курсы прадпрымальніцтва, зацікаўлена вывучала азы малога бізнесу, самастойна распрацавала і абараніла бізнес-план, атрымаўшы для яго рэалізацыі і ўдалага стартапа субсідыю. У 2019 годзе распачала сваю справу. Дарэчы, ужо многае з тых задумак ім з мужам Юрыем удалося рэалізаваць. Вясковая хата ператварылася ў прыгожы баярскі церам з адкрытай тэрасай, каларытнымі надбудовамі, сучаснай кухняй, усімі бытавымі зручнасцямі. На падворку ўдала спалучаюцца новы ландшафтны дызайн з мноствам любімых кветак і тыя ўнікальныя зялёныя рарытэты, што засталіся ад былых гаспадароў. А воддаль за домам падрастае маладзенькі сад.

 

Гасцей, якіх пераваліла ўжо за пару соцень, мабыць, і падкупляе тое, што ўсё на гэтай сядзібе сваё, хатняе, экалагічнае – і стравы з мясцовых прадуктаў, і бездакорная кухня (мама ў Іны – кухар з 40-гадовым стажам, заўсёды дапамагае пры арганізацыі карпаратыўных вечарын ці вялікіх урачыстасцей), дый сама маладзіца цудоўна гатуе. А Юрый не толькі майстар на ўсе рукі, але і адмысловы музыкант, выканаўца шматлікіх папулярных хітоў. Так што заўсёды весела на “Баярскім двары”.

 

 

Няўрымслівыя гаспадары для вандровак па наваколлі набылі гіраскутар, электравеласіпед і парачку звычайных ровараў. У сельскіх энтузіястаў нямала планаў на будучыню: неўзабаве тут будуць лазня, вялікая альтанка, зручныя дарожкі, вымашчаныя пліткай, музей беларускага побыту пад адкрытым небам і многае іншае. Ва ўсіх справах дапамагаюць і маральна, і фізічна дарослыя ўжо дзеці, якія хоць і раз’ехаліся па розных гарадах, але вельмі любяць “Баярскі двор”.

 

 

– А нядаўна мы разам з сям’ёй брата вырашылі ўстроіць на аграсядзібе сюрпрыз для нашых дарагіх бацькоў, якія жывуць у Дубраве, – расказвае Іна Генадзьеўна. – На “Баярскім двары” адбылося… рэтра-вяселле! Менавіта так, як калісь адзначалі гэту падзею нашы тата і мама, якія ўжо 50 год носяць адно агульнае прозвішча – Дымінскія. Спачатку адбылося прыгожае набажэнства і ўрачысты шлюб у Жалудоцкім касцёле з абменам ужо новых заручальных пярсцёнкаў, быў аўтакартэж у шарах і з лялькай наперадзе. Прадумалі мы музычную праграму, гульні, тутэйшы абрад выкупу нявесты, візіт цыганоў... Вось такая анімацыя. Прыязджайце да нас: “Баярскі двор” багаты на дзівосы!

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!