Знаёмства з Друцкімі-Любецкімі, “Чайная сустрэча”, прамысловая экскурсія, гасціннасць “Даліны Зарэчнай”… Дзе пабывалі і што ўбачылі ў нашым раёне спецыялісты ў сферы турызму
Учора, у Сусветны дзень турызму, на базе нашага раёна прайшоў выязны семінар “Развіццё ўнутранага турызму ў Гродзенскай вобласці”.
-- Традыцыі збірацца разам і праводзіць у цікавых вандроўках дзень, які мы лічым сваім прафесійным святам, ужо чатыры гады, -- гаворыць Таццяна Лідзяева, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. – Разам вучымся, набіраемся вопыту, абменьваемся досведам, выпрацоўваем дарожную карту на будучыню. І ўсё гэта ў жывым і дынамічным фармаце сустрэч з людзьмі, знаёмстваў з новымі маршрутамі і турыстычным патэнцыялам краю. А Шчучыншчына – цудоўны прыклад таго, як можа быць сканцэнтравана ў адным рэгіёне такая каласальная разнапланавасць накірункаў. Турызм – гэта вельмі гнуткая галіна, ён пастаянна мяняецца ў залежнасці ад запытаў. Зараз у рэспубліцы запатрабаваны 13 відаў турызму і ўсе яны шырока прадстаўлены ў нас на Гродзеншчыне.
Гасцей, а гэта былі спецыялісты аддзелаў і сектараў спорту і турызму райвыканкамаў, кіраўнікі турыстычных інфармацыйных цэнтраў і іншыя зацікаўленыя ў развіцці турыстычнай прывабнасці родных мясцін, гасцінна сустракалі ў “новенькім” Шчучынскім інфацэнтры, што нядаўна адкрыўся ў у памяшканні стадыёна “Алімп”. Зусім побач знаходзіцца, бадай, самы папулярны ў падарожнікаў і аматараў даўніны будынак – палац Друцкіх-Любецкіх. Там на аўтэнтычную парадную лесвіцу выйшлі сустракаць гасцей… сам князь з княгіняю. Анімацыя, тэатральныя пастаноўкі ў інтэр’ерах арыстакратычнага салона, захапляючыя экскурсіі па музейных пакоях – усё гэта карыстаецца папулярнасцю. Дарэчы, частку фінансаў, выручаных ад турыстычных паслуг, тут укладваюць у інфраструктуру клуба “Чайная сустрэча”. Гасцей не толькі пазнаёмілі з работай арыгінальнай кавярні ў цокальных лабірынтах палаца, але і пачаставалі гарбаткай “Візіт”, прыгатаванай па эксклюзіўных рэцэптах з мажэйкаўскіх зёлак.
Аб шматлікіх напрамках работы Палаца творчасці дзяцей і моладзі, у тым ліку і турыстычнай, расказалі дырэктар установы Ірына Дзегцярова і яе намеснік Вікторыя Шылко. Цікавай і насычанай фактамі была экскурсія, праведзеная Таісай Бялячыц, а выхаванцы фальклорна-этнаграфічнай тэатральнай студыі “Эцюд” удала ажывілі рамантычныя падзеі сівой даўніны.
Не меней уразіла і багатая гісторыя нашага горада, з якой пазнаёміў гасцей экскурсавод Павел Войкель. Дарэчы, ён, а таксама настаўніца гісторыі, экскурсавод Алена Лісоўская і кіраўнік народнага музея А.С. Пашкевіч Ала Балобан узнагароджаны Падзячным лістом упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама за значны ўклад у развіццё турызму.
А вось на нашым знакамітым заводзе “Праймілк” удзельнікі семінара ўвачавідкі ўбачылі, як тут развіваецца не толькі інавацыйная вытворчасць, але і прамысловы турызм. Дырэктар прадпрыемства Анатоль Бяляўскі як ніхто лепш умее прэзентаваць і выпушчаную прадукцыю, і свой калектыў, які ўжо аб’ядноўвае больш за 200 чалавек, і ноу-хау ў тэхнічным і тэхналагічным узбраенні.
Наступны прыпынак у маршруце – самы таямнічы з турыстычных аб’ектаў Шчучыншчыны. “Бункер-77” літаральна пагрузіў у эпоху халоднай вайны і савецкія часы.
-- Ніколі б не падумалася, што так цікава можа быць на ваенным аб’екце. І ў гэтым вялікая заслуга Ларысы Волчак і Сяргея Груздовіча -- заснавальнікаў ПТУП “ЛориСтур”, -- не хавалі свайго захаплення наведвальнікі.
А Таццяна Лідзяева, карыстаючыся выпадкам, уручыла Ларысе Георгіеўне Падзяку ўпраўлення.
Далей удзельнікі выязнога семінара накіраваліся ў авеяныя легендамі Зачэпічы. Тут госці даведаліся аб патрыятычных традыцыях мемарыяльнага комплексу “Музей. Зямлянка”, пабывалі ў Доме паляўнічага Шчучынскага лясгаса, даведаліся аб зялёных маршрутах, сплавах па рацэ, велападарожжах. Усё гэта магчыма арганізаваць дзякуючы створанай тут інфраструктуры.
А вось аграсядзіба “Даліна Зарэчная” ў Ражанкаўскім сельсавеце стала прыкладам беларускай гасціннасці.
-- Госць у хату – Бог у хату! – словамі народнай прытчы вітала падарожнікаў добразычлівая гаспадыня Ірына Панімаш, якая ахвотна адказала на пытанні, распавяла, як за пяць гадоў яны з мужам ажыццявілі сваю мару, як экааграсядзіба прымае гасцей і паспяхова развіваецца. Дэгустацыя страў нацыянальнай кухні, круглы стол на актуальную тэму, цырымонія ўзнагароджання самых актыўных і крэатыўных – усё гэта як працяг насычанай дзелавой сустрэчы ў нефармальным асяродку. Прыемна было павіншаваць з узнагародай упраўлення старшага інспектара сектара спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Алену Арабчык, што была цудоўным каардынатарам падчас усіх вандровак і сустрэч.
-- Семінар у Шчучынскім раёне прайшоў на высокім арганізацыйным і пазнавальным узроўні, -- падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Т.А. Лідзяева. – Як бачым, у нас літаральна ў кожным рэгіёне існуе вялікі патэнцыял для развіцця ўнутранага турызму.
Яна вызначыла шэраг прыярытэтных напрамкаў, акцэнтавала ўвагу на рабоце турыстычных інфацэнтраў, якія не павінны падмяняць турфірмы і не ставіць перад сабой выключна камерцыйныя задачы. Варта больш працаваць на патрыятычнае выхаванне моладзі, трымаць сувязь са школамі, распрацоўваць цікавыя адукацыйныя маршруты, быць актыўнымі ў сацыяльных сетках.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.