Сядзіба на месцы панскага маёнтка. Даведаліся, дзе ў Лядскім сельсавеце з’явіцца новы аб’ект аграэкатурызму
Прыгожыя мясціны Лядскага сельсавета вартыя таго, каб прыехаць сюды з сябрамі ці сям’ёй на адпачынак. З гэтымі словамі згодны і Юрый Яновіч з вёскі Андрушоўцы. Зараз Юрый Станіслававіч актыўна рыхтуецца да адкрыцця сваёй аграсядзібы. Будаўнічыя работы ў самым разгары, але ўжо зразумела, што хутка ў Андрушоўцах з’явіцца прываблівы куточак для падарожнікаў, які якасна дапоўніць турыстычную карту нашага раёна.
Сядзіба размесціцца ў цудоўнай мясціне на тэрыторыі былога маёнтка роду Марачэўскіх. Пра былое панскае ўладанне нагадваюць велічныя прысады абапал старой дарогі. Сёння тут можна сустрэць дрэвы, некаторым з якіх 200 гадоў. У асноўным тут растуць таполі, клёны, ясені і ліпы. Як адзначае гаспадар, дзе-нідзе алея мела прабелы, таму прыйшлося дасаджваць маладзенькія дрэўцы.
Сам Юрый Яновіч чалавек тутэйшы, нарадзіўся ў суседніх Намейках, але большую частку жыцця пражыў менавіта ў Андрушоўцах. Ён расказаў нам пра тэрыторыю былога маёнтка:
– Раней у гэтым месцы быў вялікі панскі дом і шмат гаспадарчых пабудоў: канюшні, кароўнікі. Пасля вайны тут размясціўся дзіцячы інтэрнат, пра яго нагадвае невялікі стадыён з футбольным полем і валейбольнай пляцоўкай. Пасля некаторы час тут знаходзіўся клуб. З гадамі месца занепадала, панскі дом разбурыўся, а тэрыторыя была закінутая. Шэсць гадоў таму гэты зямельны ўчастак з пабудовамі выставілі на продаж. І я вырашыў набыць яго, менавіта з мэтай адкрыць аграсядзібу.
Зараз на тэрыторыі будучай аграсядзібы ўжо месцяцца ўтульная лазня і вялікая альтанка з печкай, у якой можна размясціцца кампаніяй і прыгатаваць ежу. Альтанка, дарэчы, зроблена з дрэва, якое засталося ад панскага дома. Як адзначае Юрый Яновіч, збудаванні з такой драўніны прастаяць доўга, бо яна не гніе і шашаль у ёй не заводзіцца. Для таго каб адкрыць аграсядзібу, засталося абсталяваць гасцявы домік, які размесціцца ў былым панскім складзе – адной з нешматлікіх пабудоў, якая засталася ад маёнтка.
– Зараз інтэнсіўна працуем з будаўнікамі. Стары склад выдатна захаваўся, дзякуючы высокім падмуркам драўляныя сцены ўсё яшчэ моцныя. Таму пасля рамонту тут не сорамна будзе размясціць гасцей.
Яшчэ на тэрыторыі маёнтка захавалася панская лядоўня. Невялікае збудаванне з падземным памяшканнем зараз выкарыстоўваецца для захоўвання яблыкаў і бульбы.
– Хто ведае, магчыма, у Шчучынскім раёне хутка з’явіцца вінны склеп, – жартуе Юрый Станіслававіч.
Сам Юрый па адукацыі аграном, разам з жонкай Святланай выхоўвае малодшага сына. Тры старэйшыя дачкі жывуць у розных гарадах і прывозяць у Андрушоўцы ўнукаў. Тут ім цікава, яны заўсёды могуць знайсці, чым заняцца. Непадалёку ад дома Юрыя пасвяцца авечкі, зусім поруч знаходзіцца футбольнае поле з валейбольнай пляцоўкай. Гэты ціхі і прыгожы куток прыроды падабаецца яго жыхарам, а хутка яго змогуць ацаніць і госці новай аграсядзібы.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.