Людзі – галоўны скарб. На Шчучыншчыне адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК
Адданасць абранай справе, высокае майстэрства і, вядома, любоў да роднай зямлі. Усе гэтыя якасці ўласцівы тым, хто з вялікай самааддачай працуе ў палях і на фермах, у цэхах і на вытворчасці. Для людзей працы напярэдадні прафесійнага свята -- Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК -- у раённым цэнтры культуры гучалі словы віншаванняў, добрыя пажаданні, а самым перадавым уручылі ўзнагароды.
У актавай зале сабраліся лепшыя работнікі галіны, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, ветэраны працы, госці.
Адкрылася свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці тэатралізаваным пралогам. Першае слова на ўрачыстасці -- старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксею Садоўскаму.
-- Сярод мноства святаў у нашай краіне адным з самых знакавых быў і застаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, -- адзначыў кіраўнік раёна. – Сёлетні год для аграрыяў склаўся спрыяльна. Вы ў чарговы раз даказалі, што здольны добрасумленна працаваць і дасягаць высокіх вынікаў. Дзякуй вам за беражлівыя адносіны да прыродных багаццяў нашай Беларусі, вернасць традыцыям самаадданага служэння на карысць сваёй краіны. Менавіта гэтыя якасці дазволілі нам у бягучым годзе ўвайсці ў тройку лепшых на абласных спаборніцтвах па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і нарыхтоўцы травяных кармоў. Мы стварылі надзейны стабілізацыйны фонд, падрыхтавалі кармавую базу для жывёлагадоўлі і сыравінную -- для перапрацоўчай прамысловасці. Удасканальваем тэхналагічныя працэсы, што дазваляе павялічваць прадукцыйнасць працы. Перакананы, што з дапамогай падтрымкі дзяржавы аграпрамысловы комплекс Шчучыншчыны будзе і ў далейшым развівацца, убіраючы ў сябе ўсё самае лепшае і перадавое. Дзякую за стараннасць і руплівае стаўленне да роднай зямлі. Жадаю ўсім здароўя, міру, дастатку ў сем'ях, спрыяльнага надвор'я, шчодрых ураджаяў і далейшых поспехаў у працы.
Свае віншаванні і найлепшыя пажаданні ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства выказала старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта:
-- Мы разумеем, наколькі важная і значная праца работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці і перапрацоўчай прамысловасці для дабрабыту рэгіёна і ўсёй краіны. Стан спраў у аграрным сектары напрамую закранае інтарэсы практычна кожнага грамадзяніна і ў вырашальнай ступені вызначае харчовую бяспеку краіны. Адказнасць, цярпенне і працавітасць заўсёды былі галоўнымі рысамі працаўнікоў сяла. І ўсе, хто сабраўся ў зале, з'яўляюцца гонарам нашай роднай шчучынскай зямлі.
Алена Васільеўна пажадала працаўнікам аграпрамысловага комплексу новых працоўных дасягненняў і ўручыла заслужаныя ўзнагароды. Сёлета Шчучынскі раён заняў трэцяе месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў. Дыплом атрымаў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. Ганаровымі граматамі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ўзнагароджаны дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Патапчык і галоўны спецыяліст ААТ “Васілішкі” Ядзвіга Васілеўская. Падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання былі адзначаны галоўны аграном філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Аўсянік і трактарыст-машыніст СВУ “Пратасаўшчына” Яўгеній Кралько. Ганаровай граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджана загадчык сектара прававой і кадравай работы райсельгасхарчу Алена Забароўская. Таксама ўзнагароды атрымалі пераможцы абласных спаборніцтваў: начальнік комплексу «Стараўшчына» ААТ «Дэмбрава» Раман Чарняўскі і трактарыст-машыніст гэтага прадпрыемства Юрый Грыб, камбайнер ААТ “Шчучынаграпрадукт” Васілій Гваздоўскі.
Са святам шчучынцаў таксама павіншаваў і ўручыў заслужаныя ўзнагароды намеснік старшыні, выканаўчы дырэктар Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза Алег Нарэйка. Па выніках спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый Гродзеншчыны -- членаў Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза на ўборцы ўраджаю збожжавых культур і кукурузы на зерне былі ўзнагароджаны працоўныя калектывы ААТ "Дэмбрава", філіяла "Жалудоцкі агракомплекс" і саўгаса "Вялікае Мажэйкава".
Затым лепшыя працаўнікі палёў і ферм, перапрацоўчых прадпрыемстваў атрымалі з рук старшыні райвыканкама Аляксея Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк заслужаныя ўзнагароды.
Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі былі ўзнагароджаны галоўны заатэхнік ААТ “Дэмбрава” Віталь Кунец і жывёлавод гаспадаркі Аляксандр Селішчаў, трактарысты-машыністы ААТ “Шчучынаграпрадукт” Сяргей Плаўскі і Аляксей Русак, вадзіцель Шчучынскага рамзавода Анатолій Мацюш, аператар Шчучынскай птушкафабрыкі Святлана Жвірбля, начальнік вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ААТ “Васілішкі” Іван Кімашэўскі, слесар ААТ "Першамайск-агра" Ігар Дзержаноўскі, аператар ААТ “Орля” Павел Кавалеўскі, галоўны метролаг Шчучынскага філіяла ААТ «Молочный Мир» Андрэй Ткачук, галоўны інжынер СТАА “Клубніка Плантс” Анатолій Арашкевіч, тэхнік аддзела яравых збожжавых і зернебабовых культур Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Святлана Палішчук, трактарыст-машыніст філіяла "Жалудоцкі агракомплекс" Антон Корка, ветэрынарны лабарант райветстанцыі Ірына Богдан, загадчык лабараторыі Шчучынскага філіяла Гродзенскага племпрадпрыемства Надзея Кімашэўская, галоўны тэхнолаг ТАА “Праймілк” Павел Юрэвіч, вадзіцель саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Алег Рудзевіч і многія іншыя.
Цэнтральным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай галіне. Пераможцамі спаборніцтва на нарыхтоўцы травяных кармоў у 2024 годзе сталі працоўныя калектывы ААТ “Дэмбрава”, ААТ “Шчучынаграпрадукт” і СВУ “Пратасаўшчына”. Узнагароды і грашовыя прэміі атрымалі таксама лепшыя камбайнеры кормаўборачных камбайнаў і вадзіцелі аўтамашын.
Падчас свята прафсаюзны лідар аграрыяў Генрых Юрэвіч, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук і першы сакратар РК БРСМ Дзмітрый Чывіль за добрасумленную працу і высокія дасягненні ўзнагародзілі многіх іншых працаўнікоў галіны: механізатараў і жывёлаводаў, аператараў і рабочых, спецыялістаў прадпрыемстваў АПК Шчучыншчыны. А артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі падарылі адчуванне свята дзякуючы сваім творчым нумарам.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Дзіяны КЕЙКА.