Спыняцца на дасягнутым не плануюць. Па выніках за мінулы год калектыў аўтамабільнага парка № 12 быў прызнаны лепшым сярод суб’ектаў гаспадарання абслугоўваючага сектара эканомікі

 

Забеспячэнне камфорту для насельніцтва і штогадовае паляпшэнне фінансавых паказчыкаў – менавіта такія мэты перад сабой ставяць работнікі філіяла “Аўтамабільны парк № 12 г. Шчучын”. Па выніках раённага спаборніцтва калектыў аўтапарка быў прызнаны лепшым сярод суб’ектаў гаспадарання абслугоўваючага сектара эканомікі.

 

За мінулы год у арганізацыі тэмп росту выручкі ад рэалізацыі склаў 114,3%, а чысты прыбытак павялічыўся ў сем разоў. Аб тым, як атрымліваецца дасягаць такіх поспехаў, нам расказаў дырэктар аўтамабільнага парка № 12 Генадзій Паўлюкевіч.

 

Галоўнай задачай аўтамабільнага парка ва ўсе часы з’яўляліся пасажырскія перавозкі. Сёння шчучынскі філіял працуе на 52 маршрутах па ўсім раёне. Таксама дзейнічаюць два маршруты ў Гродна і адзін у Брэст.

 

– Трэба адзначыць, што пасажыраперавозкі з’яўляюцца зараз стратнай дзейнасцю, на іх грошы мы не зарабляем, – кажа Генадзій Паўлюкевіч. – Часткова гэта тлумачыцца тым, што наш пасажырскі транспарт старэе. Амаль усім нашым аўтобусам больш за 10 гадоў. Вядома, што абслугоўванне такой тэхнікі патрабуе значных сродкаў, таму мы стараемся паступова абнаўляць парк аўтобусаў. Але больш важна тое, што з кожным годам змяншаецца пасажырапаток, і таму рэйсы не акупляюцца.

 

Тым не менш вядучы інжынер аддзела перавозак Святлана Куроўская лічыць, што пасажырскія перавозкі – важная частка сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. Пастаўленую ўрадам задачу па забеспячэнні насельніцтва зручнымі аўтобуснымі маршрутамі тут выконваюць дзякуючы рэгулярнаму маніторынгу колькасці насельніцтва і папулярнасці маршрутаў. Часта шчучынскі аўтапарк арганізоўвае дадатковыя святочныя рэйсы, таксама маюцца сезонныя маршруты, пры распрацоўцы якіх улічваюцца пажаданні жыхароў раёна.

 

Заставацца рэнтабельным аўтапарку дапамагаюць заказныя пасажырскія рэйсы. У арганізацыі наладжана супрацоўніцтва са школамі і турыстычнымі агенцтвамі. Аднак галоўныя грошы аўтапарк зарабляе на грузаперавозках.

 

– З 2018 года мы выбралі стратэгію павелічэння колькасці грузавікоў. Так, у мінулым годзе мы набылі дзве новыя машыны, яшчэ два новыя грузавікі з’явяцца ў 2024 годзе. Гэта дае заўважны эканамічны эфект.

 

 

Штогод тэхніка аўтапарка № 12 удзельнічае ў будаўніцтве і рамонце дарог, мастоў і аўтамабільных развязак па ўсёй вобласці. Для таго, каб павялічыць эфектыўнасць работы, выкарыстоўваюцца велікагрузы МАЗ і КАМАЗ. Зараз вадзіцелі дастаўляюць будаўнічыя матэрыялы на рамонт лідскай аб’язной дарогі, шмат грузаперавозак робіцца ў гродзенскім кірунку, у мінулым годзе шчучынская тэхніка актыўна была задзейнічана на будаўнічых працах у Ваўкавыскім раёне. Часам паступаюць заказы на міжрэгіянальныя грузаперавозкі.

 

– Восенню дапамагаем сельскім гаспадаркам нашага раёна перавозіць цукровыя буракі. Раней аўтапарк часта прымаў удзел у адвозе збожжа, але зараз гаспадаркі нашага раёна добра ўкамплектаваны патрэбнай тэхнікай, таму звяртаюцца да нашых паслуг усё менш.

 

Добрыя грошы аўтапарку прыно­сіць і іншая не профільная дзейнасць. Напрыклад, на базе парка працуе дыягнастычная станцыя і шынамантаж. Калі ёсць магчымасць, тут праводзяць рамонт тэхнікі з іншых арганізацый раёна.

 

– Я ганаруся нашым калектывам. Зараз у аўтапарку працуюць 64 чалавекі, і я хачу сказаць, што кожны з іх – гэта правераны часам, адданы сваёй працы работнік. У нашай арганізацыі цэніцца досвед, таму ёсць такая тэндэнцыя – перадаваць новыя аўтамабілі вадзіцелям каляпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Для гэтых людзей аўтапарк стаў па-сапраўднаму роднай арганізацыяй. У нас выдатны калектыў, з якім можна ўпэўнена працаваць, таму спыняцца на дасягнутым мы не плануем.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!