Амаль што фермерскія яйкі і мільёны куранят за год. Даведаліся, як працуе лепшая птушкафабрыка Гродзенскай вобласці

 

Справы ідуць у гару. Менавіта такімі словамі можна апісаць дзейнасць Шчучынскай птушкафабрыкі. Летась прадпрыемства было адзначана як лепшае ў Гродзенскай вобласці па вытворчасці харчовага яйка, і спыняцца на гэтым дасягненні тут не плануюць. Якія цікавосткі хавае ў сабе гэта птушкафабрыка і ў чым сакрэт іхняй эфектыўнасці, даведаемся зараз.

 

Як адзначае дырэктар прадпрыемства Андрэй Красоўскі, у Шчучынскай птушкафабрыкі ёсць некалькі кірункаў работы. Асноўны з іх – вырошчванне і продаж сутачных куранят. Гэта справа рэспубліканскага значэння, бо менавіта ў нашым раёне задавольваецца каля 45% патрэбы рынку Беларусі ў сутачных куранятах. Таму ў пэўным сэнсе прадпрыемства з’яўляецца стратэгічным для нашай краіны.

 

 

За год Шчучынская птушкафабрыка прадае каля двух мільёнаў куранят, яшчэ 300 тысяч застаюцца на ўласныя патрэбы, для рэалізацыі насельніцтву і вытворчасці харчовых яек.

 

– А пачынаецца ўсё з бацькоўскага статка, – расказвае Андрэй Красоўскі. – Ужо чацвёрты год прывозім з Венгрыі прыкладна 37 тысяч сутачных куранят Крос Тэтра. Спецыялізаваным транспартам яны едуць на нашу фабрыку, дзе мы іх разводзім. Выбіраем гібрыд Крос Тэтра за тое, што ён адрозніваецца ад іншых высокай яйканоскасцю. Напрыклад, на нашай фабрыцы дарослыя асобіны стабільна даюць па 325 яек на год, што адназначна добры вынік.

 

Тры месяцы венгерскія кураняты даглядаюцца ў памяшканнях для рамонтнага маладняку. За гэты перыяд яны праходзяць усе неабходныя вакцынацыі і маніпуляцыі, пасля чаго пераводзяцца ў птушнік для дарослага пагалоўя, дзе пачынаюць несці інкубацыйныя яйкі. Менавіта з гэтых яек у будучым і з’явяцца мільёны шчучынскіх куранят.

 

 

– З гэтымі яйкамі адбываюцца шматлікія маніпуляцыі, яны дэзынфіцыруюцца, калібруюцца, сартуюцца, пасля чаго закладваюцца ў інкубатары, з якіх праз 21 дзень на свет з’яўляюцца кураняты, – адзначае Андрэй Віктаравіч. – Далей развозім іх па ўсёй краіне. Вядома, што асноўным пакупніком з’яўляецца Гродзенская вобласць. Другім па значнасці нашым партнёрам стаў Віцебскі рэгіён, дзе мы супрацоўнічаем амаль што з усімі фабрыкамі.

 

 

Перад адпраўкай на птушкафабрыкі нованароджаныя кураняты сартыруюцца, апрацоўваюцца і прышчапляюцца ад хвароб. Па словах начальніка цэха інкубацыі Лідзіі Чарніцкай, за адзін ранак яны могуць падрыхтаваць да адпраўкі да 45000 будучых курачак. Робяць гэта хутка і якасна, не забываючы пра санітарна-эпідэміялагічныя меры бяспекі.

 

 

Для Шчучынскай птушкафабрыкі другой па значнасці задачай з’яўляецца вытворчасць харчовага яйка. За год тут атрымліваюць каля 30 мільёнаў яек. Як адзначае Андрэй Красоўскі, нягледзячы на вялікую лічбу, у прамысловым маштабе гэта няшмат:

 

– Павялічваць вытворчасць яек няма сэнсу, бо ў нашай краіне гэты рынак даволі перанасычаны. Таму мы вырашылі зрабіць асноўную стаўку не на колькасць, а на якасць. Для нашых курэй ствараюцца аптымальныя ўмовы. У нас распрацавана спецыяльная праграма асвятлення, ёсць доступ да высакаякаснага корму, што дазваляе працаваць не губляючы прадуктыўнасці.

 

 

Агульнапрынята ацэньваць якасць яек па колеры жаўтка. Калі ён ярка-жоўты, то такі прадукт лічыцца як хатні – натуральным і смачным. Для такога выніку курам трэба дадаваць у рацыён шмат якаснай кукурузы. Аднак сёння некаторыя птушыныя фабрыкі злоўжываюць штучнымі фарбавальнікамі, каб замаскіраваць сапраўдны колер. У такіх яйках пры варцы жаўток афарбоўвае бялок ці становіцца падобным на гумавы мячык.

 

– Мы пазіцыянуем сваю прадукцыю як натуральную, у нейкім сэнсе нават фермерскую, – заўважае кіраўнік прадпрыемства. – Тут невялікая вытворчасць, бо яйка не асноўны наш прадукт. Трэба адзначыць, што дасягаць высокіх якасных паказчыкаў нам дапамагае партнёр – ААТ “Дэмбрава” – на маю думку, адна з найлепшых гаспадарак краіны. Дзякуючы ім у нашых курэй самы лепшы корм, што значна ўплывае на смакавыя ўласцівасці яек.

 

 

І гэта не пустыя словы. Прадукцыя Шчучынскай птушкафабрыкі праходзіла праверку ў акрэдытаванай лабараторыі, дзе смакавыя ўласцівасці яек ацанілі на 8 балаў. Гэта адзін з найлепшых вынікаў сярод птушкафабрык нашай краіны.

 

Яйкі Шчучынскай птушкафабрыкі рэалізуюцца ў розных гандлёвых сетках. Таксама прадпрыемства мае 8 фірмовых крам, якія знаходзяцца ў Гродне, Лідзе і Шчучыне. Свае крамы робяць каля 40% продажу яек, што сведчыць аб лаяльным стаўленні пакупнікоў і вялікай колькасці пастаянных кліентаў.

 

 

Кожнае яйка перад адпраўкай на гандлёвы прылавак праходзіць праз лагодныя рукі сартыроўшчыц і мае чысты таварны выгляд. Вялікая ўвага таксама надаецца курачкам, аб іх камфорце клапоцяцца птушніцы і наладчыкі абсталявання.

 

– У нас невялікі калектыў, і ўсе працуюць сумленна. Тут няма выпадковых людзей з вуліцы. У сельскай гаспадарцы людзі не працуюць проста так, тут павінна быць асабістае жаданне. Гэта ад душы, – расказвае аб сваіх падначаленых Андрэй Віктаравіч.

 

 

Зараз на фабрыцы працуюць 82 чалавекі. Тут з павагай ставяцца як да работнікаў з вялікім стажам, так і да маладых кадраў. Тры гады таму сюды пасля заканчэння Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа прыехала па размеркаванні ветурач Агнешка Клебан. Тут замацавалася і сваю будучыню бачыць на гэтым прадпрыемстве. Паралельна дзяўчына атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

 

– Размяркоўвалася на Шчучынскую птушкафабрыку, каб быць бліжэй да дому, сама я з Лідскага раёна. Увогуле люблю жывёл з дзяцінства. Мне падабаецца праца, тут выдатныя ўмовы, дружны калектыў. Я разумею, што патрэбна прадпрыемству, і таму стараюся рабіць свой сумленны ўнёсак у развіццё нашай птушкафабрыкі.

 

 

Акрамя продажу сутачных куранят і яек на Шчучынскай птушкафабрыцы зараз актыўна развіваецца і трэці кірунак дзейнасці.

 

– Паступова нарошчваем аб’ёмы продажу птушкі насельніцтву, – дзеліцца Андрэй Красоўскі. – У мінулым годзе такім чынам рэалізавалі 300 тысяч галоў па ўсёй рэспубліцы. Пра нас добра ведаюць у Віцебскай вобласці, туды накіроўваецца каля 30% продажу птушкі. Сёлета плануем актыўна выходзіць на рынак Гомельшчыны. Гэта не толькі грошы, а яшчэ і добрая рэклама нашага рэгіёна. Калі ў чалавека ходзіць па двары курачка і добра нясе яйкі, то яго суседзі таксама захочуць сабе такую птушачку са Шчучыншчыны.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!