Калядныя традыцыі сям’і Кавальчук

Напярэдадні Каляд мы завіталі ў госці да Віталія і Ірыны Кавальчукоў і даведаліся, якія традыцыі перадаюцца ў іх з пакалення ў пакаленне і як адзначае свята дружная шматдзетная сям’я.

Дом – мара сапраўднага мужчыны

Віталій і Ірына амаль 15 гадоў разам. Аднойчы і на ўсё жыццё іх аб’яднала вяселле сваякоў. У хуткім часе маладыя ажаніліся. Жыць у Шчучыне Кавальчукі вырашылі невыпадкова. Віталій родам з вёскі Янчукі. Выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і і заўсёды марыў мець уласны дом. Ірына, хай сабе і гарадская дзяўчына, аднак ад сваіх прынцыпаў жыць у кватэры адмовілася.

Дом у Шчучыне па вуліцы Леніна будавалі пераважна сваімі сіламі па эксклюзіўным польскім праекце. Атрымалася проста выдатна! Цяжка ўявіць сабе, што раней на гэтым месцы быў пахілы драўляны дом, які шчыльнай сцяной абступаў бур’ян. Віталій у пацвярджэнне сказанага дэманструе фотаздымкі на экране тэлефона, а я дзіву даюся, гледзячы на ладны рамонт у пакоях. Усюды адчуваецца рука дбайнага гаспадара. Віталій раней вельмі любіў працаваць з дрэвам, аднак пакуль няма для гэтага хобі ні часу, ні належнага месца. Можа таму ў планах – абзавесціся лазняй, дзіцячай пляцоўкай і гаражом.

Жаночае шчасце

Ірына ва ўсім падтрымлівае любімага мужа. Віталій вось ужо 15 гадоў служыць у аддзяленні крымінальнага вышуку Шчучынскага РАУС. Старшы оперупаўнаважаны шмат часу праводзіць на працы, таму хатнія клопаты ўсё больш кладуцца на жаночыя плечы Ірыны. Яна працуе галоўным бухгалтарам у арганізацыі “ДиКСиТорг”, аднак, як і кожная жанчына, знаходзіць час на ўсё.


Кавальчукі разам выхоўваюць траіх дзетак. Валерыя, Ян і маленькая Настачка – сапраўдны гонар бацькоў. Валерыя іграе на фартэпіяна, Ян і Насця – аматары футболу, як і іх тата. Дзеці вельмі любяць жывёл, таму ў доме прапісаліся чатыры каты, сабака, шыншыла, чарапаха і рыбкі.
Кавальчукі любяць бавіць час разам. Кожнае свята сям’я збіраецца за адным вялікім сталом. Яшчэ адна агульная сямейная справа Кавальчукоў – агарод. У гэтым годзе яны вырасцілі на сваіх градках не толькі заморскія вінаградныя памідоры, але і баклажаны, дыні ды чырвоныя кавуны!

Таямнічая Калядная ноч

Каляды для Кавальчукоў асаблівае свята. Яны рыхтуюцца да яго загадзя.
– Нягледзячы на тое, што мы абодва са Шчучынскага раёна, у нашых сем’ях былі свае калядныя традыцыі, — распавядае Ірына. – У нас, напрыклад, на Вігілію на стале было 12 страў і адна з іх куцця — суп з сушаных грыбоў і ячных круп. У Віталікавай сям’і куцця — гэта ячневая каша з салодкай вадой і макам.
Памятаю, як на святы мы з сястрой і бацькамі ехалі да бабулі з дзедам у Клачкі, што ў Каменскім сельсавеце. Там збіраліся ўсе родныя. Бабуля рашчыняла духмяныя пірагі і пякла галушкі. На стол абавязкова выкладвалі сенца. Вячэраць сядалі з першай зоркай. Маліліся, дзяліліся аплаткам. Пасля дзед запрагаў каня, і мы ўсе разам у возе ці на санях ехалі праз зімовы лес у касцёл на пастэрку. Калядная ноч падавалася такой таямнічай і казачнай…

Да таго ж мы, дзяўчаты, варажылі на суджанага. Памятаю, як ад стала ставілі з сёстрамі па чарзе свой абутак да дзвярэй. Які першы “дойдзе” да парога – тая з дзяўчат і замуж першая пойдзе. Дзіўна, але ў той паслядоўнасці мы і пайшлі. А яшчэ задавалі пытанні і слухалі пад вокнамі, як людзі на іх “адкажуць”, выцягвалі саломку з каляднага стала. Калі доўгая – будзе год добры, каротная і прымятая – не чакай шчасця. Бывала, бабуля прыносіла нам зерня і хавала ў ім пярсцёнак. Мы павінны былі з першага разу яго знайсці, каб замуж выйсці.

Як у Янчуках калядаваць хадзілі

– А ў нас у Янчуках была традыцыя калядаваць, — далучаецца да размовы Віталій. — Мы, дзеці, пераапраналіся ў казу, мядзведзяў і іншых калядных персанажаў, ездзілі з дарослымі на санях з бразготкамі, спявалі “Шчодры вечар”, віншавалі ўсіх са святам ды прымалі смачныя гасцінцы. Раней для калядоўшчыкаў загадзя рыхтавалі не толькі цукеркі, але і хатнія вяндліны, кілбасы… Ноччу, дзеля жарту, маладыя хлопцы мянялі брамкі суседзям. А якія вясёлыя гульні ладзілі дзеці ранкам у снезе! Тады снегу намятала вышэй за плот, гэта зараз зіма іншая, еўрапейская…

Традыцыям — жыць!

Сямейныя традыцыі Кавальчукі захоўваюць і сёння. Напярэдадні свят ходзяць да споведзі, прымаюць удзел у святой імшы. На Вігілію шматдзетная сям’я едзе спачатку да мамы Віталія – Галіны Эдвардаўны Кавальчук, затым да мамы Ірыны – Яніны Іосіфаўны Швед. Лічыцца, калі сям’я сабралася за адным сталом – увесь год разам будзе.

На стол па-ранейшаму Кавальчукі ставяць 12 посных страў, сярод якіх – куцця, галушкі і кісель з салодкай макавай вадой, грыбы, вінегрэт, квашаная капуста, селядзец, смажаная рыба і іншыя прысмакі . Пад белы абрус кладуць жменю сена – знак таго, што сын Божы ляжаў у яслях з сенам. Перад ядой сям’я абавязкова моліцца. Старэйшы ў сям’і дзеліць аплатак, і затым сваім кавалкам дзеліцца паміж сабой кожны, хто сядзіць за калядным сталом. У доме пахне ялінкай, куццёй і пірагамі. Свята праходзіць па-сямейнаму цёпла.
Ірына і Віталій кажуць, што імкнуцца перадаць сваім дзецям лепшыя сямейныя традыцыі. Напрыклад, Віталій разам з Янам у мінулым годзе змайстравалі ладную калядную шопку для касцельнага конкурсу. Работа стала адной з лепшых. Ірына са старэйшай Валерыяй і малодшай Насцяй спасцігаюць сакрэты кулінарнага майстэрства. У вольны час Кавальчукі ўсе разам прымаюць актыўны ўдзел у розных спартыўных спаборніцтвах, якія ладзяцца ў раёне. Шматдзетныя бацькі стараюцца адорваць сваіх дзетак увагай, цеплынёй і любоўю не толькі ў Калядныя святы, але і кожны дзень. Дзе моцнае карэнне – там будзе і добрая крона.

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!