Яднаючая сіла "Каложскага Благавеста"
На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці праходзіў адборачны тур ХVІІ Міжнароднага фестывалю царкоўных спеваў “Каложскі Благавест”. Мастацкія калектывы, свецкія і царкоўныя хары з’ехаліся са Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў, каб прадэманстраваць сваё мастацтва. Сярод удзельнікаў – народны ансамбль духоўных спеваў “Преображение” Шчучынскага РЦКіНТ, хары Мастоўскіх храмаў, самабытны ансамбль царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворца вёскі Турэйск, які ў рамках фестывалю “Каложскі Благавест” ужо ўдастойваўся ўзнагароды за захаванне народных традыцый у царкоўных спевах.
Усяго ў рэгіянальным адборачным туры прынялі ўдзел 25 калектываў – з Ражанкі і Орлі, Дубна і Лунна, многіх іншых аграгарадкоў і вёсак нашага прынеманскага краю. На суд журы, старшынёй якога з’яўляецца протаіерэй Андрэй Бандарэнка – клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, член Беларускага саюза кампазітараў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, удзельнікі вынеслі народныя і царкоўныя песні, а таксама класічныя творы.
Прысутных на гэтым свяце душы віталі благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк. Яны павіншавалі ўсіх са светлым святам Раства Хрыстова, пажадалі канкурсантам цалкам раскрыць свой творчы патэнцыял. Сімвалічным было і тое, што адкрываў праграму дзіцячы хор Шчучынскай Свята-Міхайлаўскай царквы “Каляднай песняй” і творам “Прыходзьце ў храм”.
“Каложскі Благавест” бярэ свае вытокі з 2002 года, калі ў нашым абласным цэнтры прайшоў першы фестываль, прысвечаны 10-годдзю адраджэння Гродзенскай Праваслаўнай епархіі. З таго часу гэты песенны форум праводзіцца штогод. Яго арганізатарам выступае як Гродзенская епархія, так і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Пасля таго, як адборачныя туры пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Гродзеншчыны, лепшыя творчыя калектывы будуць выступаць на абласной фестывальнай сцэне. А тое, што цікаўнасць да “Каложскага Благавесту” расце з кожным годам, яскрава сведчыць жаданне ўдзельнічаць у духоўным форуме прадстаўнікоў з іншых краін.
Падводзячы вынікі адборачнага тура, старшыня журы протаіерэй Андрэй Бандарэнка выказаў словы ўдзячнасці шчучынцам за высокі ўзровень арганізацыі конкурсных праслухванняў і адзначыў майстэрства такіх творчых калектываў, як дзіцячы хор царквы святога Архістратыга Міхаіла г. Шчучына, якім кіруе Вераніка Бялайц, хор нашага храма абшчыны Богаяўлення, рэгентам якога з’яўляецца Наталля Яўтушак, а таксама дзіцячы і дарослы калектывы Мастоўскага храма ў гонар іконы Божай Маці “Всех скорбящих радость”. Сваімі шчырымі, пранікнёнымі спевамі пакарылі журы і прыхаджане Ракавіцкай і Мураванскай цэркваў. Дый увогуле духоўная музыка не пакідала раўнадушным ні аднаго чалавека. Дарэчы, на гэты незвычайны канцэрт сабраліся як аматары высокага мастацтва, так і святары, сярод якіх – настаяцель касцёла святой Тэрэзы Авільскай Вітольд Пяцельчыц. “Каложскі Благавест” яднае сэрцы людзей розных канфесій.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.