Калі фатаграфія – не толькі хобі, але і... пропаведзь. У аб’ектыве – Віталій Слука

Віталій Слука больш за 8 гадоў служыць святаром у касцёле святой Тэрэзы Авільскай, што ў Шчучыне. Гэты чалавек адразу выдзяляецца сціпласцю і добразычлівай усмешкай. Ён не толькі аддана служыць Богу і людзям, але і знаходзіць час на досыць свецкія захапленні – вядзе суполку “Беседка” ў сацыяльных сетках і фатаграфуе дарагіх і блізкіх людзей.

 

Здавалася б, фотааматарства – не зусім звыклае для святара захапленне. Аднак нішто не перашкаджае айцу Віталію рабіць цудоўныя, жывыя і яркія здымкі. Сюжэты падказвае само жыццё. Яго героі – не гламурныя мадэлі глянцавых часопісаў, а звычайныя людзі. Усё больш у аб’ектыве – моладзь. Можа таму, што айцец Віталій працуе менавіта з гэтай катэгорыяй вернікаў. 

 

 

– Само сабой атрымалася, што каталіцкая (і не толькі) моладзь стала збірацца разам у альтанцы, якая размясцілася на тэрыторыі мясцовага касцёла (адсюль і назва суполкі – “Беседка”), – расказвае мой суразмоўца. – Тут можна не толькі абмеркаваць рэлігійныя тэмы, але і пагаварыць пра штодзённае, атрымаць слушную параду, знайсці сапраўдных сяброў. 

 

На маё пытанне, як зацікавіць моладзь і чаму яна спяшаецца да касцёла, святар адказаў проста, маўляў, сакрэт – у сіле веры і добрых адносінах. 

 

– Варта проста быць побач з чалавекам, падтрымліваць яго, – перакананы айцец Віталій. 
Як так атрымалася, што ў руках святара аказаўся фатаапарат?

 

 

Насамрэч хобі ў майго суразмоўцы з’явілася адносна нядаўна. Першы фотаапарат айцу Віталію падаравалі ў дзяцінстве. Праўда, тады ён “фоткаў” усё больш без плёнкі… Былі, канечне, і сапраўдныя кадры. Чорна-белыя стужкі да гэтага часу чакаюць свайго гаспадара дома, на Лідчыне.

 

Сапраўдная цікавасць да фота з’явілася падчас вучобы ў Польшчы, у духоўнай семінарыі, калі давялося фатаграфаваць розныя мерапрыемствы і ўрачыстасці. Як толькі айца Віталія перавялі служыць у Шчучын, ён і тут узяў фотаапарат у рукі. 

 

 

Што наконт стаўлення да фотамастацтва, мой суразмоўца лічыць, што фатаграфія – гэта магчымасць падзяліцца тым, што адбываецца ўнутры нас з іншымі. Гэта не толькі хобі, але і нешта накшталт своеасаблівай формы пропаведзі. 

 

Айцец Віталій расказаў, што яму больш падабаюцца рэпартажныя фота і пейзажы, але партрэты і стрыт-фота таксама не застаюцца без належнай увагі. Фатаграфаваць людзей айцу Віталію зусім не цяжка, можа таму, што юнакі і дзяўчаты самі ахвотна пазіруюць на камеру, а часам нават падказваюць цікавыя ракурсы. Дарэчы, у пагоні за яркімі кадрамі айцец Віталій нават на вышыню ўзбіраецца, і гэта нягледзячы на тое, што ў яго акрафобія (боязь вышыні)…Вось яна – сіла фотамастацтва!

 

 

Сам айцец Віталій таксама трапляе ў кадр. На яго старонцы ў сацыяльных сетках можна ўбачыць шмат цікавых сэлфі. Акрамя фота, айцец Віталій захапляецца музыкай. Ён самастойна асвоіў гітару. А яшчэ святар любіць вандраваць, марыць наведаць Аўстралію і завесці незвычайнага хатняга гадаванца – вавёрку – і набыць веласіпед. 

 

Фота айца Віталія Слукі зараз упрыгожваюць не толькі старонкі ў сацыяльных сетках, але і сцены кляштара. Яны дазваляюць выхапіць сапраўдныя і непаўторныя імгненні жыцця і захаваць іх як мага даўжэй. 

 

Ганна КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!