Ёсць такая прафесія: кнігу любіць
На сваім 90-м годзе жыцця Лідзія Свірыдаўна Далецкая сустракае мяне ля пад’езда, самастойна спусціўшыся, між іншым, з чацвёртага паверха, гасцінна запрашае ў сваю чысценькую, утульную кватэру, у якой кнігі займаюць пачэснае месца.
– Падтрымліваю дэвіз “Рух – гэта жыццё”, – усміхаецца ветэран бібліятэчнай працы. – І сакрэт актыўнага даўгалецця ў мяне такі: трэба з душой адносіцца да любой справы, за якую бярэшся.
Пагутарыўшы аб жыцці-быцці, мы разам перагортваем старонкі працоўнай кніжкі колішняй загадчыцы дзіцячай бібліятэкі горада Шчучына. Тут не толькі звесткі аб прыёме на работу ў 1950 годзе і павышэнні на пасадзе, але і запісы аб прысваенні звання даверанай установе “Лепшая бібліятэка Гродзенскай вобласці”, уручэнні дыплома Гродзенскага абласнога ўпраўлення культуры “Бібліятэка выдатнай работы”. Дый асабіста Лідзія Свірыдаўна Далецкая ўдастоена знака “За выдатную работу”. Яе імя было занесена ў Кнігу гонару.
Моцны “арэшак”
“Дзеці вайны”, – гавораць пра іх пакаленне. У 12 год Лідачка Арэшка (гэта прозвішча яна насіла да замуства) перажыла неймавернае. На яе вачах у 1942-м фашысцкія прыхвасні абходзілі вёску Паходавічы з факеламі ў руках і падпальвалі стрэхі дамоў, не дазваляючы гаспадарам тушыць родныя хаты. Так адначасова амаль усе сяляне засталіся без жытла. На шчасце, на водшыбе некалькі дамоў усё ж уцалелі, і аднавяскоўцы далі прытулак пацярпелым. Але там, у неймавернай цеснаце, цяжка захварэла і ў адну з начэй памерла Лідзіна мама. Дзяўчынцы прыйшлося рана пасталець, быць моцнай духам і не па гадах самастойнай.
Людзі дапамаглі збудаваць зямлянку, у якой мясціліся доўгі час і пасля вызвалення. А выжылі толькі дзякуючы рагулі-карміцельцы, што збегла падчас пажару, а потым усё ж адшукалася.
– Я заўсёды цягнулася да кнігі, да ведаў, – кажа Лідзія Свірыдаўна. – Таму і паехала паступаць у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Праз год тэхнікум перавялі ў Мінск, мне далі інтэрнат, але ўсё адно было вельмі складана ў сталіцы без дапамогі, на адну стыпендыю звесці канцы з канцамі. Ранкам размачу ў вадзіцы скарынку хлеба, пасыплю соллю – і гэта ўся мая ежа да вечара, спяшаюся на заняткі, якія доўжыліся па шэсць гадзін. Жылі надгаладзь амаль усе студэнты. Апрануць таксама не было чаго. Мяне выручала сяброўка: да абеду яна ідзе займацца ў бібліятэку імя Леніна, а пасля вяртання, ужо я апранаюся ў Клавіна паліто і бягу ў “ленінку”. Насуперак усім цяжкасцям, вучыліся мы з вялікай цікавасцю, атрымлівалі асалоду ад ведаў і імкнуліся як мага хутчэй пайсці працаваць.
“Я душой прыкіпела да Шчучына”
Ліда Арэшка прыехала па размеркаванні ў Гродзенскую вобласць, а ўпраўленне культуры ў сваю чаргу накіравала яе ў Шчучын.
– Зразумела, тое сціплае мястэчка вельмі моцна адрознівалася ад нашага сучаснага горада-прыгажуна, – узгадвае Лідзія Свірыдаўна. – Але сэрца маё адразу прыкіпела да гэтых мясцін. У Шчучыне я жыву ўжо 69 год і вельмі ганаруся тымі пераменамі, якія адбываюцца ў добраўпарадкаванні, будаўніцтве, у стварэнні камфортных умоў пражывання. Да прыкладу, у нас у Заводскім мікрараёне за апошнія гады столькі магазінаў у крокавай даступнасці з’явілася, што ў цэнтр я хаджу хіба толькі палюбавацца горадам ды відарысамі ля возера. Вельмі многае зараз робіцца для людзей.
Мы разам акунаемся ва ўспаміны. Аказваецца, раённая бібліятэка, куды прыехала працаваць Лідачка, знаходзілася акурат на месцы сучаснага будынка пошты. А вось там, дзе зараз месціцца галоўная бібліятэка раёна, быў аўтавакзал.
– Літаральна праз год у Шчучыне адкрылі дзіцячую бібліятэку і мяне назначылі загадчыцай. Работа вельмі падабалася, – прызнаецца мая суразмоўца. – Мы праводзілі мноства цікавых мерапрыемстваў, ладзілі сустрэчы з цікавымі людзьмі, чытальніцкія канферэнцыі, шукалі новыя формы работы. Дзецям заўсёды падабаліся кнігі, якія я падбірала. А чыталі тады ахвотна. Здавалася б, так стаміліся ўсе ад вайны, столькі гора паспыталі, аднак літаратура па ваеннай тэматыцы была самай запатрабаванай. Калі ў нас утварылася цэнтральная бібліятэчная сістэма, пасаду дырэктара заняла Ніна Емяльянаўна Аніська – надзвычай эрудзіраваная, зацікаўленая жанчына, сапраўдны прафесіянал. Я была яе намеснікам.
“Дзень беларускага пісьменства для мяне вялікае свята”
Сімвалічна, што вопыт нашых бібліятэкараў вывучалі і бралі на ўзбраенне калегі з усёй Гродзеншчыны, шчучынцы ўжо ў тыя гады неаднаразова выходзілі пераможцамі па выніках абласнога сацыялістычнага спаборніцтва.
На сустрэчы да шчучынскіх чытачоў прыязджалі Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Валянцін Блакіт, Лідзія Арабей, Аляксей Карпюк, многія іншыя вядомыя беларускія пісьменнікі. І, мабыць, самае каштоўнае, што гэтыя добрыя традыцыі, закладзеныя пакаленнем Лідзіі Свірыдаўны, сёння маюць працяг і памнажаюцца. Асабліва яскрава гэта было бачна на Дне беларускага пісьменства ў Шчучыне.
– Душа радавалася на гэтым свяце, і ўвогуле я ганаруся, што ў нас у Беларусі нарадзіўся такі фестываль. Кніга – гэта не толькі крыніца ведаў, гэта крыніца жыццёвай мудрасці, – шчыра лічыць ветэран бібліятэчнай справы і нечакана дадае, – буду сачыць за падзеямі Дня беларускага пісьменства ў Слоніме з выпускаў тэленавін. Мне хоць і 90 у хуткім часе, але цікаўнасць да грамадскага і палітычнага жыцця не страціла. Дый хто мне дасць тыя 90? – гарэзліва ўсміхаецца Лідзія Свірыдаўна.
Сапраўды, бадзёрасці, энергічнасці і аптымізму нашай гераіні не займаць.
– Я ўсё па доме пакуль раблю сама. Люблю чытаць, паважаю раённую газету “Дзянніца”, іншы раз наведваю бібліятэку, якой аддадзена больш за 40 гадоў жыцця, – не без гонару за любімую справу канстатуе Л.С. Далецкая.
Так склалася, што сын Лідзіі Свірыдаўны, будучы афіцэрам, жыве ў расійскім Кіраве, а дачка, якая, дарэчы, пайшла па маміных слядах і атрымала прафесію бібліятэкара, – ва ўкраінскім Львове. Па зразумелых прычынах нячаста ім даводзіцца наведваць матулю, але сувязь з родным чалавекам трымаюць пастаянна і дакладна ведаюць, што іх мама акружана ўвагай – дзяржавы, сяброў і суседзяў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.