Ляцяць над Дудкамі журавы…

У кожнага чалавека ёсць такое памятнае месца, якое назаўсёды застаецца ў сэрцы. З’явілася яно і ў мяне. Гэта мая вёсачка Дудкі. Пра яе жыхароў мне і хочацца расказаць.

Год таму, калі мы вярнуліся з вёскі ў Мінск, суседка спытала мяне, дзе гэта я правёў усё лета? Пачуўшы, што адпачываў, тут жа пацікавілася: “У сябе на Нарачы?” Мой адмоўны адказ яе не задаволіў, і яна пачала наўгад пералічваць: “У Турцыі? У Егіпце?” А калі я ўдакладніў, што адпачываў у вёсцы на Гродзеншчыне, і ўвогуле здзівілася: “А што ж там у вёсцы рабіць? Чым жа яна такая адметная?”
– Там прыгожая прырода, чыстае паветра, добрыя людзі і … журавы, якія гняздзяцца ў тых мясцінах, а вечарамі важна прагульваюцца па калгасным полі, – патлумачыў суседцы. – А журавы – птахі асцярожныя і мясціны для гнездавання выбіраюць спакойныя, не забруджаныя, як кажуць, з добрай аўрай. 


Сапраўды, у нас ёсць добраўпарадкаваная кватэра на беразе возера Нарач. Там жа сучасны курортны сэрвіс, але вось ужо тры гады як мы з жонкаю праводзім лета ў вёсачцы пад назвай Дудкі, што ў Першамайскім сельсавеце. Жонка мая да мінулага года працавала выкладчыкам у БДУ, а я – настаўнік фізікі і матэматыкі. І калі аднойчы паўстала пытанне, дзе правядзём лета, яна адказала: “А давай паедзем на маю радзіму!” І з гэтага часу мы прыязджаем сюды кожны год. 
Чым жа адметная гэта вёсачка, якая знаходзіцца побач з шашой Пяцюлеўцы-Васілішкі? Перш за ўсё людзьмі, якія тут жывуць і працуюць. Менавіта яны і пішуць біяграфію сваіх Дудкоў.
Як было прыемна, калі на святкаванне Дня вёскі, які праходзіў у жніўні, каля будынка былой школы сабраліся амаль усе вяскоўцы. Цудоўнае мерапрыемства падрыхтавалі для іх культработнікі Першамайскага Дома культуры Лілія Антонаўна Палуян і Алена Аляксандраўна Павукова.
Вельмі цікава было даведацца пра гісторыю гэтай невялічкай вёсачкі на ўскрайку Шчучыншчыны, пра яе гістарычны шлях, паглядзець канцэрт. Як жа прыгожа спявалі Яўгенія Казлоўская, Ганна Маркевіч і Анастасія Станкевіч! Падчас свята ладзілася выстава прыгожых дываноў, вышыванак. Свае вырабы прадставіла і Зоя Цімафееўна Рухлевіч, за што і атрымала невялічкі падарунак. 
Сёння ў Дудках пражывае 78 жыхароў. Адзін са старажылаў – Сцяпан Іванавіч Антухевіч. 


У цэнтры вёскі стаіць звычайны дом, але колькі кветак вакол яго! Толькі падзівіцца. Безліч часу, фантазіі, сіл укладзена ў гэты вясковы міні-батанічны сад. І ўсё гэта зроблена рукамі Марыі Міхайлаўны Бенедыка. А сярод гэтай прыгажосці ўтульна размясціліся звяркі, змайстраваныя з падручных матэрыялаў. Калі хто з вас заедзе ў Дудкі, не палянуйцеся, зайдзіце палюбавацца. А вось муж Марыі Міхайлаўны – майстар-сталяр адмысловы. Калі трэба камусьці замяніць вокны ці змайстраваць новыя дзверы, кажуць: “Ідзі да Вані Бенедыка”. Ён ніколі нікому не адмовіў. І заўсёды ветлівы, з усмешкай, з гумарам. 
Не менш знакаміты ў вёсцы і Расціслаў Сяргеевіч Тонкевіч. Гэта сапраўдны дудкоўскі Кулібін. Ён і трактар самастойна змайстраваў, і прыстасаванні да яго. Гэта выдатны гаспадар і слова “не” ў яго лексіконе няма. Ён гатовы ўсім дапамагчы.


Непадалёку пражывае Ірына Пятроўна Саковіч – сапраўдны майстар-кандытар. Яна ўкладвае ўсю сваю фантазію ў прыгатаванне тартоў і розных мудрагелістых кандытарскіх вырабаў. На святы і на ўрачыстасці можа такую выпечку прыгатаваць, што нават прафесіяналы пазайздросцяць! 
Выязджаючы з вёскі, нельга не спыніцца і не падзівіцца на хараство і прыгажосць сядзібы Дзмітрыя Сямёнавіча Карэцкага. Сваімі рукамі, з такой любоўю, ён усё давёў да ладу на надворку: ні больш, ні менш – мясцовы архітэктар. Акуратная, дагледжаная сядзіба і ў Ядзвігі Вікенцьеўны Ванэлік. 
Цэнтр вёскі – мясцовая крама. Працуе тут прывабная, вельмі адказная жанчына Алена Альфрэдаўна Сідлярэвіч. У асартыменце заўсёды ўсе неабходныя тавары. Я заўважыў, калі хлеб і іншая выпечка становяцца нясвежымі, прадавец здымае іх з продажу. А калі ў даны момант пакупнік не можа набыць у краме патрэбны тавар, Алена Альфрэдаўна абавязкова яго закажа. 


Добрыя словы хочацца сказаць і пра майго суседа Івана Сяргеевіча Глушаня. Працуе ён у мясцовай гаспадарцы механізатарам. Вяскоўцы паважаюць яго за сціпласць і дабрыню. Раніцай гадзіннік можна па ім звяраць, калі выязджае на работу. І дом у парадку, і гаспадарка немалая. З усім спраўляецца Іван Сяргеевіч мабыць таму, што мае надзейную падтрымку з боку сваёй працавітай, добрасумленнай палавінкі Дануты Іванаўны. 
У маёй жонкі ёсць аднакласніца і сяброўка Маруся Костусева, якая нарадзілася ў Дудках. Так клічуць Марыю Пятроўну Антухевіч. Паверце, гэта сапраў­дная беларуская і адначасова някрасаўская жанчына. Яна трымае вялікую гаспадарку, але паспявае і дароў лесу назбіраць, і дом у парадку трымаць. А як спявае… Бывае, за кубкам кавы папросіш: “Маруся, заспявай!” А яна: “А што, і заспяваю!” І гучная самабытная мелодыя разносіцца навокал. Сёлета яе ўнук паступіў у вну на бюджэтную форму навучання – будзе аграномам, і бабуля гэтым вельмі ганарыцца. 
Вёска жыве. І першая прычына гэтага – мясцовая дзетвара, якую кожную раніцу збірае школьны аўтобус. 
І працаваць дудкоўцы ўмеюць, і адпачываць. Бы белыя паруснікі, стаялі на палях мяшкі з убранай бульбай – добры сёлета атрымаўся ўраджай другога хлеба. А ў нядзелю апранаюць жанчыны і мужчыны свае лепшыя ўборы, і хто на веласіпедзе, хто на машыне едуць у Першамайск у царкву або ў касцёл. 
Як і ўсюды, ёсць у вёсцы свае праблемы. Першая, гэта дэмаграфічны спад. Вёска старэе ў прамым і пераносным сэнсе. Толькі ўлетку яна напаўняецца мноствам дзіцячых галасоў, музыкай, песнямі. Гэта дзеці і ўнукі прыязджаюць у Дудкі да сваіх бацькоў, дзядуляў і бабуляў. А зімою стаіць цішыня…
Мы з жонкай часта ходзім у лес па грыбы і ягады, а то і проста прагуляцца. На жаль, лес вельмі забруджаны. Людзі не маюць куды дзяваць смецце. Варта было б паставіць некалькі кантэйнераў, і пытанне вырашылася б. Што яшчэ хочацца адзначыць – пакінутыя дамы паступова разбураюцца. Вуліца – гэта ж твар вёскі. Вельмі важная праблема – грамадскі транспарт. Час ад часу людзям патрэбна па справах паехаць у райцэнтр. Але з Дудкоў у Шчучын у будныя дні аўтобус ходзіць адзін раз на тыдзень. Вось і дабярыся, напрыклад, да ўрача. Застаецца верыць, што для гэтых праблем знойдзецца вырашэнне.
…Лета закончылася, і так не хацелася вяртацца ў горад, гэты мегаполіс са шкла і бетону, дзе шум, гул і вечная бегатня. Сёлета наш унук правёў лета ў вёсцы. Ён тут і адпачываў, і працаваў. Ад’язджаючы дамоў, пастанавіў: “Дзеду, у наступным годзе абавязкова зноў прыеду сюды на канікулы. Тут я знайшоў добрых сяброў, навучыўся трымаць у руках малаток, забіваць цвік.” І сапраўды, ён упершыню ўбачыў, як растуць грыбы, суніцы, як будуюць свой дом у лесе мурашкі, як пасецца на полі статак кароў. Ён прызнаў, што гародніна з градкі смачнейшая, чым з рынку. Мне было радасна, што хлапчук пазнаёміўся з вясковым жыццём. Нездарма на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе наш Прэзідэнт заўважыў, што, калі моладзь усё жыццё будзе праводзіць у інтэрнэце, то хутка казу ад каровы не адрозніць. І гэта факт. 
З пачаткам восені жонка запытала ў мяне: “Ці памятаеш ты, як курлыкалі журавы, калі вярталіся сюды, на сваю радзіму?” Так, гэты кліч быў радасным і шчаслівым. І зусім іншым ён быў, калі яны пакідалі гэтыя мясціны. Так і мы. Вясною прыязджаем, поўныя радасці і энергіі, сустракаемся з вяскоўцамі, забываем пра ўсё гарадское і ўліваемся ў жыццё цяпер ужо і нашай вёсачкі. 
“Да пабачэння, мілыя Дудкі! Сустрэнемся вясною.” 
Ягор ДРАЎНІЦКІ.Фота Ганны РУДСКАЙ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!