Слова – Ганаровым грамадзянам нашага горада

Іван Рыгоравіч МАШКО. З 1971 па 1982 год працаваў першым сакратаром Шчучынскага раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, затым быў запрошаны на пасаду першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. У 1983 годзе І.Р. Машко абралі сакратаром абкама КПБ. У лютым 1985-га ён заняў пасаду другога сакратара абкама, з’яўляўся членам ЦК Кампартыі Беларусі, тры скліканні прадстаўляў інтарэсы сваіх выбаршчыкаў як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. У 1990-1995 гадах быў першым намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў. 
Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыны ІІІ ступені, медалямі. Звання Ганаровага грамадзяніна горада Шчучына ўдастоены 12 студзеня 2010 года.


– Праца ў Шчучынскім раёне – адметная, хоць і вельмі складаная старонка ў маёй працоўнай біяграфіі. Шчучын – гэта месца, якому аддадзена 11 нялёгкіх, але вельмі стваральных і шчаслівых гадоў жыцця. Гэты горад асацыіруецца ў мяне з паважанымі, вельмі сардэчнымі і працавітымі людзьмі, з сябрамі, добрымі сваякамі… Шчыра радуюся сённяшняму росквіту Шчучына, яго новаму абліччу, прыгажосці і сучасных жылых кварталаў, і самабытнага гістарычнага цэнтра.
З нагоды 500-годдзя Шчучына і 55-годдзя яго ў статусе горада хачу пажадаць, каб райцэнтр дынамічна прырастаў новымі жыхарамі, каб тут заставалася і пускала надзейныя карані моладзь, каб Шчучын біў рэкорды па колькасці доўгажыхароў! Няхай тут будзе камфортна і радасна жыць прадстаўнікам усіх пакаленняў, мацнее рэгіянальная эканоміка, развіваецца інфраструктура. Няхай Шчучын упэўнена крочыць у будучае, захоўваючы свае лепшыя традыцыі і сілкуючыся крыніцамі духоўнасці – набыткам многіх пакаленняў.


Вінцэнты Іванавіч КАЗЯК. Нарадзіўся на Смаргоншчыне. А шчучынцам стаў 35 год таму – у 1982 годзе, калі быў абраны першым сакратаром Шчучынскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі. З 1992 года В.І. Казяк займаў пасаду старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў, а з 1995 года ўзначаліў раённы выканаўчы камітэт. Тры з паловай гады працаваў памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўным інспектарам па Гродзенскай вобласці, а потым прадстаўляў наш рэгіён у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, ордэнам Айчыны 3-яй ступені, медалямі. Мае падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адзначаны Ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Парламенцкай Асамблеі СНД, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншымі. У 2010 годзе ўдастоены вышэйшай ступені ўдзячнасці жыхароў Шчучына – звання “Ганаровы грамадзянін г. Шчучына”.


– 18 год я быў першай асобай у раёне. З камандай кампетэнтных і адданых справе людзей, бо, перакананы, адзін у полі не воін, прымаў адказныя рашэнні, якія спрыялі развіццю рэгіёна і горада. І сёння ў памяці, як даводзілася “прабіваць” газіфікацыю райцэнтра, як будавалі раённы Дом культуры, трэцюю школу, карпусы бальніцы, пачыналі ўзвядзенне новага Паўднёва-Заходняга мікрараёна, не аддалі ў чужыя рукі палац Друцкіх-Любецкіх, а знайшлі сродкі і зрабілі важныя крокі да яго рэканструкцыі... У маю бытнасць старшынёй райвыканкама быў зацверджаны генеральны план рэканструкцыі Шчучына, які пазней ажыццявілі мае паслядоўнікі. 
Прызнаюся, я ўсёй душой палюбіў Шчучын, таму і не захацеў пасля завяршэння службовай кар’еры з’ехаць у вялікі горад. Ганаруся, што гэты гарадок увайшоў у мой лёс і маю біяграфію. Добра жыць сярод працавітых і добразычлівых людзей. Жадаю гораду развіцця і працвітання, а яго жыхарам – даўгалецця, дабрабыту ў доме і шчасця. З юбілеем, шаноўныя землякі! 


Эдмунд Станіслававіч ДЗІКЕВІЧ. Нарадзіўся 5 лютага 1935 года ў в. Старая Падражанка Шчучынскага раёна. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаў спецыяльнасць “настаўнік матэматыкі”. Выкладаў матэматыку, а таксама працаваў дырэктарам у школах г. Шчучына. 
З 1961 па 1963 гады Эдмунд Станіслававіч з’яўляўся старшынёй пярвічнай арганізацыі прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных устаноў. З 1965 па 1975 працаваў старшынёй Шчучынскага райкама прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў. З 1988 па 1995 гады Эдмунд Станіслававіч узначальваў Шчучынскі раённы аддзел народнай адукацыі. А з 2007 года і па гэты час з’яўляецца старшынёй Шчучынскага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. 
За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё горада Шчучына і раёна Э.С. Дзікевіч у 2012 годзе быў удастоены звання Ганаровага грамадзяніна г. Шчучына, занесены ў Кнігу Славы Шчучынскага раёна. Эдмунду Станіслававічу прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР” (1991). Ён быў узнагароджаны нагруднымі знакамі “Выдатнік народнай асветы” (1977) і “Выдатнік асветы СССР” (1984). 


– Я прыехаў у Шчучын у далёкім 1959 годзе. За амаль шэсць дзесяцігоддзяў, якія тут пражыў, горад стаў для мяне родным, і я яго вельмі люблю. Душа радуецца, калі бачыш, як з кожным годам наш райцэнтр развіваецца і прыгажэе. Я быў сведкам знакавых падзей, што адбываліся ў жыцці Шчучына. Напрыклад, добра помню той перыяд, калі ён стаў горадам. На маіх вачах ён будаваўся: як грыбы, раслі дамы на вуліцах Астроўскага, Камсамольскай, Заводскай, узводзіўся Паўднёва-Заходні мікрараён.
Хачу пажадаць роднаму гораду, каб ён і далей квітнеў і прыгажэў. Як былому кіраўніку сферы адукацыі мне вельмі хацелася б, каб сярод настаўнікаў было больш творчых і адданых сваёй справе спецыялістаў, а юныя дараванні Шчучыншчыны займалі прызавыя месцы на конкурсах, спаборніцтвах і алімпіядах самага высокага ўзроўню. 


Альфрэд Тадэвушавіч ШОТА. Нарадзіўся ў Гродне. З 1956 года працаваў у будаўнічых арганізацыях вобласці. У 1960 годзе пераехаў у Шчучын, а ў 1971 – стаў начальнікам ПМК–26. Не раз гэта арганізацыя станавілася пераможцам ва Усесаюзным і Рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве, абараняла гонар краіны на знакамітай Выставе Дасягненняў Народнай Гаспадаркі ў Маскве. За шматгадовую і плённую працу Альфрэд Тадэвушавіч Шота быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам “Знак Пашаны”. Ён – заслужаны будаўнік БССР з 1989 года. За шматгадовую плённую працу і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё горада Шчучына і раёна Альфрэду Тадэвушавічу прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Шчучына». 


– Наш калектыў у свой час актыўна займаўся будаўніцтвам горада, – успамінае Альфрэд Тадэвушавіч. – Мы будавалі СШ №1 і №2 г. Шчучына, садкі № 4, 5, 6, 7. На нашым рахунку – першыя шматпавярхоўкі, вытворчыя аб’екты, у тым ліку масласырзавод і завод “Аўтапровад”, райвыканкам, кінатэатр, Дом культуры, ваенкамат, сельскагаспадарчы ліцэй, аптэка, вузел паштовай сувязі і іншыя. Адметна, што цяпер я жыву на вуліцы Камсамольскай, дзе калісьці таксама займаўся будаўніцтвам дамоў. Хочацца адзначыць, што за апошнія гады Шчучын пахарашэў. І не дзіўна: змяніліся тэхналогіі, з’явіліся новыя будаўнічыя матэрыялы, якасць будаўнічых работ палепшылася. Вечарам з задавальненнем гуляю па вуліцах нашага горада, любуюся домікамі і адноўленымі фасадамі будынкаў. Вельмі падабаецца наша плошча з вежай, сквер, фантан. У такім горадзе хочацца жыць і жыць. Хочацца пажадаць шчучынцам, каб яны бераглі тое, што маюць, навучыліся любавацца прыгажосцю роднага Шчучына. А гораду жадаю квітнець на радасць нам!


Валяр’ян Лявонавіч ЖОЛЬ. Нарадзіўся ў вёсцы Шляхты Ражанкаўскага сельсавета. Пасля заканчэння сярэдняй школы №1 г. Шчучына паступіў у Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны тэхнікум, а затым – у Брэсцкі політэхнічны інстытут. Большую частку свайго прафесійнага жыцця прысвяціў працы ў МПМК-167. Прайшоў у гэтай будаўнічай арганізацыі ўсе ступені кар’ернай лесвіцы: быў майстрам, прарабам, галоўным інжынерам, начальнікам участка, а потым узначаліў працоўны калектыў будаўнікоў, якім паспяхова кіраваў 26 гадоў. Зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. 
За значны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё горада і раёна удастоены звання Ганаровага грамадзяніна Шчучына.


– За гады сумеснай працы намі было зроблена многае: Шчучын значна памаладзеў, стаў яшчэ больш прыгожым і ўтульным, – гаворыць Валяр’ян Лявонавіч. – Рыхтуючы райцэнтр да святкавання 470-гадовага юбілею, мы пабудавалі на плошчы Свабоды вежу з гадзіннікам, якая стала яшчэ адной візітнай карткай горада. Таксама прывялі ў парадак фасады будынкаў на цэнтральных вуліцах, праклалі тратуарныя дарожкі.
Сёння наш родны Шчучын адзначае свой 500-гадовы юбілей. Хочацца пажадаць любімаму гораду заўсёды заставацца такім жа маладым, прыгожым, утульным і чыстым, а яго жыхарам – даўгалецця, пазітыву і дабрабыту.


 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!