Хроніка здарэнняў
Непераборлівы
40-гадовы мужчына, "свабодны" ад месца жыхарства і працы, знайшоў сабе, як яму падалося, даступны і прыбытковы занятак – "правяраць" апусцелыя сядзібы. Неяк на яго шляху аказаўся дом у аграгарадку Ражанка, які на правах спадчыны належыць жыхарцы райцэнтра. Зладзюжка быў непераборлівы: прыхапіў прадукты харчавання, бейсболку і біжутэрыю. Распарадзіцца здабычай не паспеў, а вось новую крымінальную справу зарабіў. І не адну. Як высветлілася, гэты ж грамадзянін са зладзейскай місіяй наведаўся і ў вёску Галынка, дзе ўпотай з пакінутай у спадчыну сядзібы сцібрыў грошы. У абодвух выпадках прабраўся ў памяшканне, сарваўшы навясны замок.
Няўдалы дзень для злодзея
Калі "інспектары" па дамах і кватэрах ідуць на справу, яны перакананы, што ўсё будзе, як кажуць, шыта-крыта -- за падобныя візіты адказваць не давядзецца. І часта памыляюцца. Як памыліўся непрацуючы, судзімы грамадзянін, які выкраў з гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Пратасаўшчына бензапілу і бензакасу. Мужчыну затрымалі, а здабытыя ім рэчы вернуцца да гаспадара.
Не па той сцяжыне
Не тую дадатковую "спецыялізацыю" выбраў для сябе непаўналетні, навучэнец мясцовага каледжа. Устаноўлена, што летам ён з нежылога дома ў Вялікім Сяле выкраў гарэлку і запчасткі да матацыкла. Цяпер давядзецца адказваць на пытанні следчага.
У статус падазраванага патрапіў нядаўна і вучань адной з гарадскіх школ: раней ён не меў праблем з законам, але нядаўна ступіў, як кажуць, не на тую сцяжыну – адкрыта адабраў электронную цыгарэту ў малодшага за сябе хлопчыка.
"Паляўнічы" на фоталавушкі
Заведзена крымінальная справа на невядомага, які з пляцоўкі для збору смецця па вуліцы Дарожнай у Шчучыне ўчыніў крадзеж фоталавушкі. Прыбор належаў камунальнай службе, да таго ж не самы танны: страты ацэнены ў суму больш за 1300 рублёў. Што падштурхнула чалавека на незаконныя дзеянні? Пытанне пакуль застаецца без адказу. Трэба спадзявацца – ненадоўга.
Пазалацілі ручку…
Золата цяпер у цане. І попыт на яго вялікі, у зладзеяў – дакладна. Вось і з кватэры дома па вуліцы 17 Верасня бясследна зніклі некалькі залатых рэчаў – завушніцы, пярсцёнак і ланцужок. Кошт украдзенага – больш за тысячу рублёў. Хто – свой ці чужы -- такім чынам пазалаціў ручку, вушка і шыйку, устанаўліваюць праваахоўнікі.
Выстралы ля возера
Заведзена крымінальная справа на вяскоўца, які вечарам паблізу возера ў аграгарадку Гурнофель з паляўнічага ружжа застрэліў двух паляўнічых сабак, што належалі земляку. Матывы і абставіны здарэння ўстанаўліваюць следчыя.
Прадаецца… пустата
Непрыемны інцыдэнт адбыўся з жыхаром нашага раёна. "Нарадзіўся" ён з перапіскі ў Вайберы. Незнаёмы (як потым высветлілася, гэта быў махляр) выставіў на продаж транспартны сродак. Патэнцыяльны пакупнік – наш зямляк – паверыў у чысціню намераў і здзелкі і перавёў на ўказаны ашуканцам банкаўскі карт-рахунак кругленькую суму. Як згубіў…
Мядку захацелася
Непрацуючы жыхар Лялюшаўцаў разам са старэйшым па ўзросце кампаньёнам, судзімым, жыхаром іншага раёна, вырвалі акно ў доме ў вёсцы Нарчы і выкралі 18 кілаграмаў мёду. Салодкага жыцця не атрымалася, абодва сталі фігурантамі крымінальнай справы.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.