Хроніка здарэнняў
Мінус дзвесце…
А дакладней – мінус 235 рублёў: менавіта такая сума знікла з плацежнай банкаўскай карты жыхара Шчучына пасля таго, як да яе займеў доступ зламыснік з інтэрнэту.
Лясная справа
Пракуратура раёна завяла крымінальную справу на майстра аднаго з лясніцтваў і вадзіцеля гродзенскай арганізацыі. Мужчыны, дарэчы, раней не мелі праблем з законам, але нядаўна заахвоціліся прыбраць да рук драўніну. Маўляў, лясны масіў вялікі, страту некалькіх кубоў не заўважаць. Аднак з-за пэўных абставін іх планы сарваліся. Праўда, гэта ад адказнасці не вызваляе.
Не спі ў таксі!
Гэта здарэнне адбылося ў таксі, маршрут якога пралягаў праз наш раён. Пакуль адзін пасажыр спаў, другі з кішэні яго курткі паспрабаваў выкрасці 350 рублёў. Зладзюжку не пашанцавала – яго намеры выкрылі… Сітуацыя павучальная для ўсіх: спаць найлепш дома ў ложку, а грошы трымаць у не даступным для чужых вачэй і рук месцы.
Украў -- адказвай
Жыхар адной з вёсак ля Астрыны -- малады яшчэ мужчына, непрацуючы, вырашыў "праверыць" складское памяшканне сельгасгаспадаркі. Вырваў прабой, прабраўся ўнутр і вынес тры стартары для электрычных рухавікоў. Украдзенае пацягнула на суму больш за 1000 рублёў. Заведзена крымінальная справа па ч.1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса РБ.
Пазычыў. І з канцамі…
Раённы аддзел Следчага камітэта расследуе справу, фігурантам якой з'яўляецца жыхар суседняга раёна. Два гады таму ён махлярскім шляхам, пад выглядам атрымання грошай у доўг, завалодаў даволі значнай сумай у доларах, якія належаць жыхару аграгарадка – нашаму земляку. Але як у народзе кажуць: пазычаеш чужыя, а аддаваць трэба сваімі… А выконваць апошнюю ўмову, як бачна, не ўсім падабаецца.
І такі выпадак не адзінкавы. Як высветлілі праваахоўнікі, 34-гадовы раней судзімы грамадзянін па такой жа схеме "пазычыў" 300 рублёў у навучэнца каледжа.
"Мастак" па рэцэптах
Жыхар Ліды падрабіў рэцэптурныя бланкі на атрыманне медыцынскіх прэпаратаў і прыйшоў з імі ў адну с сельскіх аптэк. А гэта ўжо крымінал. РАСК высвятляе, ці не праяўляў ён свае "здольнасці" і ў іншых месцах.
Не на здароўе
Жыхар вёскі Карпанаўцы "праінспектаваў" дом, пакінуты ў спадчыну зямлячцы, якая цяпер жыве ў горадзе. "Улоў" быў слаўны: некалькі літраў віна-гарэлачных вырабаў… Ды толькі падняць чарку з тостам "За здароўе!" не атрымалася. Тайнае стала яўным, і цяпер мужчына – фігурант крымінальнай справы.
Сляды злодзея
Сур'ёзныя страты нанёс невядомы злодзей уладальніку спадчыннай сядзібы ў вёсцы Пашыцы. З дома і хлява зніклі дзве бензапілы – "Штыль" і "Урал", ДВД-плэер, а таксама веласіпед "Аист". Усе гэтыя рэчы – не іголка. Да таго ж на месцы злачынства засталіся сляды... Ёсць надзея, што яны "загавораць". Што гэта так, сведчыць яшчэ адна гісторыя. Двое жыхароў аграгарадка Васілішкі наведаліся на пустуючую, пакінутую ў спадчыну сядзібу ў вёсцы Зенявічы, прыхапілі адтуль дровы, дошкі і два "Аисты". І таксама спадзяваліся застацца беспакаранымі. Не атрымалася. Цяпер адказваюць на пытанні следчых.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.