Хроніка здарэнняў
Падманная схема
Расследуецца крымінальная справа, фігуранткай якой з’яўляецца грамадзянка, што заключыла дагавор куплі-продажу тавару ў растэрміноўку, атрымала тавара-матэрыяльныя каштоўнасці на суму каля 4,5 тысячы рублёў і, насуперак умовам дагавора, непасрэдна ў дзень пакупкі рэалізавала іх трэцім асобам. Прычым па цане значна ніжэйшай, чым сума па дагаворы. Устаноўлена, што жанчына зараней спланавала такую падманную шматхадоўку. Не маючы ні намеру, ні рэальнай магчымасці ў тэрмін і ў поўным аб’ёме выканаць узятыя на сябе па дагаворы куплі-продажу абавязацельствы.
Злодзей-“асілак”
Гэта ж якую сілу трэба мець, каб столькі маёмасці выцягнуць з гаспадарчай пабудовы?! Прычым не павольна, з перадышкай, а аглядваючыся па баках, пад страхам быць “застуканым” гаспадаром гэтай маёмасці. Па ўсім відаць, менавіта ў такой абстаноўцы “працаваў” зладзюжка, які, вырваўшы прабой з дзвярэй, тайна выкраў сячкарню, транспарцёр да бульбакапалкі, аўтамабільны дыск, два рэсіверы ад трактара і металічны вугалок з пабудовы, размешчанай на адным з падворкаў у Ляшчанцы. Уладальніку гэтага “жалеза” нанесена шкода ў памеры звыш 400 рублёў.
Па факце заведзена крымінальная справа. Следчыя высвятляюць, гэта быў сапраўды адзін злодзей-“асілак”, ці мо з памагатымі?
“Кручок” з інтэрнэту
“Неўстаноўленая асоба, знаходзячыся ва неўстаноўленым месцы, пры неўстаноўленых абставінах, з выкарыстаннем фішынгавай веб-старонкі…” – так пачынаюцца ў міліцэйскіх зводках многія паведамленні пра кібер-злачынствы. І заканчваюцца словамі, што ад інтэрнэт-прахадзімцаў зноў пацярпеў хтосьці з нашых землякоў. Вось і нядаўна ахвярай такіх дзеянняў стала яшчэ адна трымальніца банкаўскай плацежнай карткі. З карт-рахунку жанчыны выкрадзена 1300 рублеў. Як было ўстаноўлена, грошы пераведзены на канкрэтную картку нейкага мужчыны…
Зламыснік, як гэта звычайна бывае, спачатку завалодаў рэквізітамі чужога “пластыку”, а потым праз працэсінгавы цэнтр шляхам транзакцыі дабраўся да грашовых сродкаў.
Што застаецца сказаць нашым чытачам… Будзьце не проста асцярожныя, абачлівыя, але нават празмерна пільныя ў сітуацыях, якія так ці інакш маюць дачыненне да вашых фінансаў.
Гора-тата
Заведзена крымінальная справа на 37-гадовага вяскоўца, які больш за тры месяцы на працягу года ўхіляўся ад уплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. А “крывінак” у гэтага гора-таты ажно трое, і ўсе, як кажуць, як грыбкі – ад пяці да сямі год. І апранаць малых трэба, і карміць, і цацкі раз-пораз купляць… Таму аліменты ў памеры 50 працэнтаў заработнай платы ці іншага даходу мужчына быў абавязаны пералічваць кожны месяц. Не зрабіў гэта, дык яму напомнілі.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.