Хроніка здарэнняў
Хто ж злодзей?
Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу па факце крадзяжу з пакінутага ў спадчыну дома ў вёсцы Ішчална. Невядомы зламыснік вырваў аконную раму, прабраўся ўнутр і пажывіўся-такі добра: нанесеныя ім страты ацэньваюцца ў суму больш за 1600 рублёў. Праз дзеянні зладзюжкі ўладальнік сядзібы страціў электрарухавік, чатыры цыркулярныя дыскі, вал цыркулярнай пілы, два алюмініевыя бідоны і іншае. Расследаванне справы ўскладняецца тым, што факт злачынства мае толькі прыкладны часавы арыенцір: мяркуецца, гэта адбылося ў прамежку са студзеня па жнівень. Уласнік дома жыве ў іншым месцы, у вёсцы бывае не так часта, як хацелася б. Магчыма, той, хто задумаў і ўчыніў крадзеж, ведаў пра гэта.
Праваахоўнікі працуюць таксама над устанаўленнем асобы злодзея, які дзесьці з 15 жніўня па 7 верасня "пачысціў" спадчынны дом у вёсцы Забалаць. Адсюль зніклі электрарухавік, 30 метраў меднага кабелю, прадукты харчавання і прайгравальнік "Панасонік". З моманту здарэння часу прайшло няшмат, таму ёсць надзея, што знойдуцца і сведкі, і ўкрадзенае.
Між тым праваахоўнікі настойліва рэкамендуюць не пакідаць на апусцелых сядзібах рэчы і маёмасць, асабліва каштоўныя па цане.
"Ліпа" ў дакументах
Пракуратура раёна завяла крымінальную справу на грамадзяніна, які, працуючы начальнікам фермы у сельгасарганізацыі, каб утаіць падзеж жывёлы, уносіў заведама хлуслівыя звесткі ў афіцыйныя дакументы.
І такое бывае
Следчыя РАСК устанаўліваюць асобу невядомага, які ў адзін з двух дзён жніўня (дакладныя дата і час не ўстаноўлены) ў Шчучыне, пры не высветленых абставінах учыніў крадзеж 2500 долараў ЗША, што належаць непрацуючаму гараджаніну.
Таксама трэба знайсці злодзея-інкогніта, які з кватэры маладой жанчыны ўкраў 70 долараў ЗША і 10 еўра. Слядоў пранікнення ў жылое памяшканне не знойдзена.
Грабеж сярод белага дня
"Ну і ну!" – прамаўлялі многія, хто даведваўся пра ўчынак вяскоўца, які сярод белага дня паблізу аўтобуснага прыпынку на ст. Ражанка выхапіў пакет з сардэлькамі з рук маладой жанчыны. А між іншым такія дзеянні – нішто іншае як грабеж. Цяпер гэты чалавек, які раней не ўступаў у канфлікт з законам, -- фігурант крымінальнай справы.
Тайнае стала яўным
Праваахоўнікі ўстанавілі, што механізатар аднаго з сельгаспрадпрыемстваў учыніў крадзеж 15 літраў фунгіцыду, чым нанёс страты гаспадарцы ў суме больш за 800 рублёў. Па факце заведзена крымінальная справа.
Абед пад чужую музыку
Непрыемная навіна чакала жыхарку абласнога цэнтра, гаспадыню дачнага доміка ў вёсцы Курылаўцы. Прыехаўшы ў жніўні на фазэнду, жанчына заўважыла, што тут пабываў няпрошаны госць. Прычым заходзіў ён чыста па-зладзейску – праз выбітае акно. А трапіўшы ўнутр, адразу ж скіраваў да халадзільніка: забраў з яго прадукты харчавання. Пачаставацца ж вырашыў пад музыку: прыхапіў з сабой яшчэ і радыёпрыёмнік.
Але, як кажуць, нядоўга музыка іграла. Праваахоўнікі ўстанавілі асобу галоднага "меламана": ва ўчыненні злачынства падазраецца непрацуючы малады чалавек – жыхар суседняга раёна.
Яшчэ адзін "інспектар" па дачах
Аналагічная "спецыялізацыя" – "інспектаваць" чужыя дачы -- і ў жыхара вёскі Шастакі. Мужчына нідзе не працуе, мае праблемы з законам, стаіць на ўліку ў міліцыі. На гэты раз ён у апошні месяц лета ажно двойчы наведаўся на чужую дачную сядзібу. На першы "заход" у памяшканне (дарэчы, праз незачыненае акно) выкраў прадукты харчавання і літр наліўкі, а ў наступны свой візіт – зноў прыхапіў харчовыя прыпасы, спіртное і… 15 пар гаспадарчых пальчатак. Частку ўкрадзенага спажыць ці збыць так і не паспеў.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.