Хрэсным ходам – да святыні. 9-10 жніўня Ракавіцкі храм прымае паломнікаў, што з’язджаюцца ўшанаваць малітвай цудатворную ікону Божай Маці

 

 

Традыцыйнае духоўнае свята ў гонар цудатворнай Ракавіцкай іконы Маці Божай, якая з’яўляецца святыняй нашага шчучынскага краю, распачалося з набажэнства ў храме святога Архангела Міхаіла. Затым прыхаджане і паломнікі, шматлікія святары, выхаванцы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” Хрэсным ходам пайшлі да Ракавіцкай царквы Ражства Прасвятой Багародзіцы. Па дарозе да іх далучаюцца вернікі са станцыі Ражанка, вёсак Багуславова і Валянчыцы, іншых населеных пунктаў.

 

-- Летась з-за пандэміі нам не давялося сустрэцца на гэтым свяце. І як жа не хапала ў жыцці такой светлай падзеі! -- прызнаецца Людміла Стромская, якая разам з аднадумцамі – групай прыхаджан сабора Усіх Беларускіх Святых -- прыехала з Гродна. – Сёння шчыра радуемся ад прадчування сустрэчы з цудатворнай Ракавіцкай іконай.

 

Спрыяе ўдзельнікам Хрэснага ходу і надвор’е – без спякоты і дажджу. Сярод тых, хто адправіўся ў гэты высакародны шлях, людзі сталага веку, моладзь, дзеці. У кожнага на вуснах малітва, а ў сэрцы -- шчырая вера.

 

 

Сёння з 17 гадзін і да самай раніцы ў Ракавіцкай царкве будзе доўжыцца Усяночнае дбанне, а заўтра а шостай адбудзецца ранняя літургія і водасвятны малебен ля святой крыніцы. Ужо ў 9.30 вернікі будуць сустракаць уладыку Антонія, епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага.

 

Абяцаем пабываць на духоўным свяце ў храме Ражства Прасвятой Багародзіцы і расказаць  нашым чытачам пра ўрачыстасць. Зрэшты, яшчэ зусім не позна і самім далучыцца да гэтай падзеі.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

      

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!