Хрэсным ходам – у Ракавічы. 9-10 жніўня на Шчучыншчыне адзначаюць свята ў гонар Цудатворнай іконы Божай Маці
Па даўняй традыцыі 9 і 10 жніўня праходзяць урачыстасці ў гонар галоўнай святыні шчучынскага краю – Цудатворнай іконы Божай Маці Ракавіцкай. Сёння святкаванне распачалося ў нашым райцэнтры ў храме святога Архангела Міхаіла. Пасля набажэнства, удзел у якім прынялі шматлікія вернікі з усяе Гродзеншчыны, паломнікі Хрэсным ходам накіраваліся ў Ракавічы.
Удзел у Хрэсным ходзе прымаюць благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк і шматлікія свяшчэннаслужыцелі, пеўчыя, прыхаджане, выхаванцы ваенна-патрыятычнага праваслаўнага клуба “Дружына”, паломнікі з усіх куточкаў Беларусі. Доўгая людская рака, на чале якой юныя харугваносцы, з малітвамі і духоўнымі спевамі рушыла ў нялёгкі шлях. Прадстаіць пераадолець больш за дзясятак кіламетраў да Ракавіцкай царквы Ражства Прасвятой Багародзіцы.
-- Не пужае такая адлегласць? – пытаю ў добразычлівай жанчыны.
-- Ну што вы? Вунь бацькі з маленькімі дзецьмі ідуць. Гэты шлях нават не заўважаеш, бо побач столькі добрых людзей з верай у сэрцы, святароў. Боская ласка перапаўняе сэрцы нават тады, калі ўжо вяртаешся дамоў з гэтай святой вандроўкі, -- гаворыць жыхарка горада Гродна Таццяна Бязверхняя, якая разам з іншымі прадстаўніцамі сястрынства Свята-Пакроўскага сабора ўжо не першы раз бярэ ўдзел у гэтым свяце. – Так прыемна, што падчас Хрэснага хода іншы раз спыняюцца машыны і людзі, незалежна ад веравызнання, моляцца і спяваюць разам з намі.
У кожнай вёсцы ля паклонных крыжоў мясцовыя жыхары сустракаюць удзельнікаў Хрэснага хода, цёпла вітаюць іх і частуюць як дарагіх гасцей, потым усе разам шчыра моляцца. Толькі ў 16 гадзін (вы таксама яшчэ можаце паспець далучыцца!) паломнікі трапяць у Ракавічы.
Пасля кароткага адпачынку распачнецца святочнае набажэнства ў царкве Ражства Прасвятой Багародзіцы. Плануецца і канцэрт духоўнай музыкі, падчас якога выступяць народны ансамбль “Преображение” Шчучынскага РЦКіНТ, дзіцяча-юнацкі хор “Анёлкі” з горада Гродна, народны інструментальны ансамбль “Дывертысмент” Шчучынскай ДШІ , а таксама хор Ракавіцкага храма.
Работнікі культуры паклапаціліся, каб госці маглі завітаць на гасцінны сялянскі падворак, убачыць, як працуюць нашы народныя майстры і нават набыць у іх падарункі на памяць. Будуць арганізованы дзіцячыя атракцыёны, а ў гандлёвых палатках вам прапануюць шчучынскую прадукцыю.
Заўтра з раніцы свята ў Ракавічах будзе мець свой працяг.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і Аляксандра ПАСЦЕРНЯКА.