Сёлета ў СШ №3 г. Шчучына працягваліся рамонтныя работы ў харчаблоку
– Пачалі мы аднаўляць школьную сталоўку яшчэ некалькі год таму, – расказвае дырэктар СШ №3 г. Шчучына Павел Іванавіч Акрамешка. – Тады планавалі адрамантаваць усе памяшканні. Але не атрымалася па той прычыне, што не хапіла сродкаў. І тым не менш, выканалі вялікі аб’ём работ: прывялі ў парадак абедзенную залу, адрамантавалі мяса-рыбны, два мыечныя цэхі для сталовага посуду, варачны і цэх халоднай прадукцыі
І вось калі нам выдзелілі 30 тысяч рублёў з мясцовага бюджэту, сёлета з’явілася магчымасць прадоўжыць добраўпарадкаванне памяшканняў. Ужо адрамантаваны цэх гародніны: пакладзена плітка на сценах і на падлозе, ураўнавана і пафарбавана столь. У належны выгляд прыведзена халадзільная камера, пакладзена плітка на падлозе ў калідоры, адрамантаваны і розныя падсобныя памяшканні.
Рамонт у памяшканнях, якія яшчэ засталіся не ахопленымі, Павел Іванавіч адкладваць надоўга не збіраецца. Штосьці намераны выканаць і сваімі сіламі пры першай жа магчымасці. Дарэчы, устаноўлены ў харчаблоку і дзевяць новенькіх пластыкавых дзвярэй.
Вельмі спадзяецца кіраўнік, што ў бліжэйшы час будуць выдзелены сродкі і для набыцця новай мэблі ў абедзенную залу, а таксама для пакупкі новых стэлажоў з “нержавейкі” для захоўвання посуду і ў складскія памяшканні.
А дзецям, па ўсім відаць, вельмі падабаюцца снеданні і абеды ў школьнай сталоўцы: харчаваннем у гэтай установе адукацыі ахоплена 100 працэнтаў школьнікаў!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.