Хлопец з нашага горада. Дзмітрый Шмідт - чэмпіён Беларусі па бегу і спартыўнай хадзе
“Хочаш быць здаровым – бегай, хочаш быць прыгожым – бегай, хочаш быць разумным – бегай!” – такога правіла прытрымліваецца чэмпіён Беларусі па бегу і спартыўнай хадзе Дзмітрый Шмідт.
З дзяцінства хлопчык палюбіў спорт: яму падабаліся ўрокі фізкультуры, трэніроўкі ў ДЮСШ. Педагогі заўважалі поспехі, адпраўлялі на спаборніцтвы, дзе юнак паспяхова выступаў у бегу на дыстанцыях 800, 1500, 3000 метраў і займаў прызавыя месцы.
Пасля восьмага класа Дзмітрыя залічылі ў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Напружаныя заняткі, апантанасць і настойлівасць у дасягненні мэты – і бліскучыя вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць. На прэстыжных спаборніцтвах “Нашы надзеі”, якія праходзілі ў рамках Кубка рэспублікі па спартыўнай хадзе, юнак заняў першае месца на дыстанцыі ў 3000 метраў і паставіў свой асабісты рэкорд па часе. Далей – болей.
І вось ужо міжнародныя спаборніцтвы, дзе сапернічаюць спартсмены з сямі краін. Дыстанцыя – тры кіламетры. Першае месца і залаты медаль дастаецца юнаму Дзмітрыю Шмідту ў ягоныя 15 гадоў! На чэмпіянаце Беларусі зноў дзве ўзнагароды за першае месца – па бегу і спартыўнай хадзе. Потым былі спартыўныя баталіі ў Азербайджане, Турцыі, Польшчы, Літве, іншых краінах, дзе Дзмітрый заваёўваў усё новыя і новыя перамогі.
Не абыходзілася і без экстрыму. Незадоўга да выступлення на чэмпіянаце Еўропы ў Турцыі здарылася аперацыя на апендыцыт. Заставаўся ўсяго месяц, каб вярнуць фізічную форму. Дзмітрый праявіў неверагодную сілу волі і мужнасць, падрыхтаваўся як след і прабег свае кіламетры з такім паказчыкам, што заняў першае месца! Першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы у Брэсце на дыстанцыях 3 і 5 кіламетраў таксама прынесла нашаму земляку два залатыя медалі.
– За ўсе перамогі і поспехі я ўдзячны сваім выкладчыкам Андрэю Давыдаву і Аксане Булах, першым трэнерам Уладзіміру Дзікевічу і Анатолію Гаеўскаму. Менавіта яны дапамаглі вызначыцца з жыццёвай дарогай, накіравалі ў неверагодна цікавы свет спорту, – кажа Дзмітрый Шмідт.
Працоўную біяграфію Дзмітрый Аляксандравіч распачаў у якасці трэнера СДЮШАР у горадзе Масты. Аднойчы з ім надарыўся такі выпадак. Раніцай, праходзячы ля вялікага моста, заўважыў, што на самым краёчку стаіць мужчына з яўным намерам скочыць з вышыні ў цёмную плынь Нёмана. Дзіма паспеў затрымаць чалавека, знайшоў правільныя словы і асцярожна распытаў, што за гора прывяло мужчыну ў такі адчай. Той адкрыў душу, расказаў, што з-за трагічных абставін застаўся інвалідам, без падтрымкі, без родных... Дзмітрый Шмідт доўга размаўляў са сваім новым знаёмым, пераконваў, прыводзіў аргументы, пры гэтым накарміў небараку і паабяцаў, што жыццё абавязкова наладзіцца. Дзмітрый Аляксандравіч звярнуўся ў сацыяльную службу і папрасіў супрацоўнікаў дапамагчы чалавеку.
Нядаўна Дзмітрыя Шмідта прызвалі на службу ў армію. У гэтыя дні ён праходзіць курс маладога байца на вучэбна-палявых зборах салдат новага папаўнення ўнутраных войскаў МУС. Як нам стала вядома, для навабранцаў арганізаваны заняткі па стральбе з аўтамата, медыцынскай і тактычнай падрыхтоўцы. Наш зямляк дастойна спраўляецца з усімі пастаўленымі задачамі. Яму, бліскучаму спартсмену, многае будзе па сіле. Сам Дзмітрый лічыць, што абараняць інтарэсы Радзімы – гэта вялікі гонар.
Ніна СЫЧ, няштатны карэспандэнт.