Грыбныя мясціны

На шчодрасць сваіх лясоў жыхары першамайскага рэгіёна ніколі не наракалі. Але сёлетняя восень – асаблівая, лічаць у гэтых мясцінах.

– Жыхары тутэйшых вёсак, якія з маленства ведаюць самыя патаемныя куточкі Котраўскай пушчы, за адзін дзень умудраліся збіраць па 500-800 баравікоў, – гаворыць дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Котра” Тадэвуш Іосіфавіч Люткевіч. – Зараз, праўда, адчуваецца, што “баравіковы сезон” ідзе на спад, але яму на змену хлынула хваля зялёнак і іншых восеньскіх грыбоў. Не ўпускаюць шанц першамайцы і на зборы журавін. Занятак не з лёгкіх, гэта ягада расце на балоце. Але яно таго варта, бо гэта сапраўдная вітамінная скарбонка! Такім чынам людзі і запасы на зіму папаўняюць, і маюць магчымасць крыху зарабіць, здаючы дары пушчы нарыхтоўшчыкам. Усё – у межах прыродаахоўнага заканадаўства. А наконт беражлівых адносін да лясных уладанняў пытанняў у нас няма. Пастаянна праводзім растлумачальную работу, дый самі нашы землякі разумеюць, наколькі важна перадаць скарбы прыроды ў спадчыну сваім дзецям і ўнукам.
 Відаць, невыпадкова, што заўтра ў Першамайску будзе ладзіцца “Свята грыбоў”. Можна смела ехаць кожнаму: там заўзятыя грыбнікі абяцаюць раскрыць сакрэты сваіх патаемных мясцін, падзяліцца рэцэптамі прыгатавання грыбочкаў дый звонкімі песнямі душу павесяліць!

Варта пачытаць: “Чыстаму возеру – чыстыя берагі”
                             Гасціннасць – візітоўка аграсядзібы “Шкардзянка”
                             У кветкавым каралеўстве Алы Заянчкоўскай
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!