Туі … прыехалі на плошчу
Закаваная ў тратуарную плітку цэнтральная плошча нашага горада сёння змяніла свой “інтэр’ер”. Дзесяць драўляных кашпо з пірамідальнымі і шарападобнымі маладымі туямі ды самшытамі цудоўна ўпісаліся ў гарадскі пейзаж і размясціліся ўздоўж дарогі.
Работнікі РУП ЖКГ крэатыўна падышлі да азелянення горада.
-- Такім чынам мы хочам паказаць прыклад іншым арганізацыям і ўладальнікам шматлікіх магазінчыкаў у цэнтры Шчучынаа, як можна ўпісаць свой радок у эстэтыку горада, -- гаворыць дырэктар РУП ЖКГ А.В. Шкіндзераў. – Мы заклікаем усіх падтрымаць распачатую справу, закупіць і высадзіць туі. А за намі – бясплатны выраб драўляных кашпо. Давайце разам зробім наш горад самым утульным!
У майстра па добраўпарадкаванні і азеляненні М.Ю. Сянчыла таксама багата ідэй і прапаноў, якія будуць паступова рэалізоўвацца.
-- Галоўнае, каб і гараджане раздзялялі гэты энтузіязм, цанілі і бераглі зробленае, – гаворыць Марына Юр’еўна. -- У бліжэйшы час мы яшчэ прывязём зялёныя насаджэнні. Арыгінальныя драўляных кашпо для іх вырабляюць нашы работнікі піларамы пад кіраўніцтвам майстра П.С. Рудзько. Расставім расліны як працяг гэтай імправізаванай алеі, а, магчыма, скампануем у асобныя кампазіцыі. Галоўнае, каб гэта было прыгожа.
Шчучынцы ўжо ацанілі новую “зялёную лінію”.
– Прыемна жыць у горадзе, дзе кожны дзень штосьці мяняецца да лепшага, -- зазначыла адна з прахожых і пажадала, каб новыя насаджэнні прыжыліся і хутка раслі на радасць людзям.
– Арыгінальнае рашэнне, нам падабаецца! – лаканічна выказалі сваё меркаванне сяброўкі Дзіяна і Варвара. І адна з іх дадала, -- нядаўна адпачывала ў Чарнагорыі і Венгрыі, там шмат прыгожага, але я ацаніла, параўнаўшы, наколькі ў нас чыста. Мы павінны ўсе разам клапаціцца пра родны горад.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.