Красавіцкі суботнік прайшоў у “Жалудоцкім агракомплексе”

480 работнікаў “Жалудоцкага агракомплексу” дружна падтрымалі добры пачын супольна папрацаваць на карысць роднай гаспадаркі і папоўніць скарбонку фонду раённага суботніка. Калі паляводы, жывёлаводы, механізатары працуюць на сваіх звыклых рабочых месцах, то спецыялісты часова змянілі свой профіль. Да прыкладу, бухгалтарскі корпус рассяродзіўся па фермах, каб навесці вясновы “марафет” і штосьці падфарбаваць, удасканаліць.

 Трэба сказаць, што фермы і комплексы ў гэтай гаспадарцы літаральна патанаюць у кветках, прыгожа азеляняюцца маладымі дрэўцамі і радуюць не толькі ўдоямі, але і арыгінальнымі архітэктурнымі формамі.

Выйшлі супрацоўнікі канторы і на збор камянёў на палетках, мужчыны-спецыялісты навялі парадак у зоне ачышчальных збудаванняў, зрабілі агароджы для прагону жывёлы з фермы на выпас.

 – У нас гэткі расклад работ падчас красавіцкага суботніка стаў традыцыйным, --  зазначае дырэктар “Жалудоцкага агракомплексу” Станіслаў Юльянавіч Гузень. – Добрасумленна працуюць і тыя, хто выконвае свае штодзённыя хлебаробскія абавязкі. Дзякуючы намаганням у дзень суботніка практычна завершана сяўба ранніх зерневых. Застанецца пасеяць кукурузу, грэчку і проса. Прыгожымі і добраўпарадкаванымі выглядаюць нашы палеткі,  тэрыторыі ферм і комплексаў, належны парадак наведзены на мехдварах.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.   
Фота Аляксандра Касперчука.