Фішка аграсядзібы “Старынка” – подых даўніны

 Кажуць, у гэтым дыхтоўным доме на ўскрайку прынёманскай вёскі Петрашкі калісь нарадзіўся пан Казлоўскі, які потым у сталым жыцці перабраўся ў Польшчу. Сядзібу купілі досыць заможныя сяляне – моцныя гаспадары, мо таму і захавалася яна да нашых дзён. А з нядаўняга часу гэты маляўнічы куточак аблюбавала сям’я з Навасёлак Генадзія Іосіфавіча і Алены Міхайлаўны Рудых, якія не проста набылі домік ля рэчкі, а прадаставілі гэту “пляцоўку” і шырокае поле дзейнасці малодшаму сыну Дзмітрыю, маўляў, няхай паспрабуе свае сілы ў арганізацыі аграэкатурызму і развівае вясковую сядзібу з улікам сучасных тэндэнцый.ъ

– Безумоўна, і тата, і мама для мяне добрыя дарадчыкі, – прызнаецца малады чалавек, – але над бізнес-планам я працаваў самастойна, многае чэрпаў з інтэрнэту, вывучаў вопыт еўрапейскіх краін. У выніку абараніў свой бізнес-план і атрымаў дзяржаўную субсідыю на развіццё сваёй справы. Грошы ўклаў у абуладкаванне сядзібы. Хоць фішка нашай “Старынкі” – подых даўніны, аднак зразумела, што вясковы побыт павінен спалучацца з гарадскімі выгодамі, каб нават самым патрабавальным гасцям тут было зручна і камфортна.


Дзмітрый Руды зарэгістраваў сваю аграсядзібу літаральна ў гэтыя вясновыя дні, а першымі наведвальнікамі сталі ягоныя сябры. Аднак і бізнесмен з Ізраіля, наш колішні суайчыннік, ужо ацаніў лёгкую пару з дубова-палыновымі венічкамі ў адмысловай лазні з выхадам у сажалку, што ззяе сваім водным люстэркам прама на падворку. Увогуле мясціны тут чароўныя. Побач – гаманлівы ручай між вялікіх вольхаў, арыгінальны шалаш-калодзеж, арэлі, што ўзлятаюць, здаецца, ажно пад нябёсы. 
Утульна і ў вялікай альтанцы з драўлянымі лавамі на колах ад дзедаўскага воза, з пячуркай для барбекю і мілымі самаробнымі дзівосамі, што трапляюцца літаральна на кожным кроку. Імі ж напоўнены і інтэр’ер дома, дзе ўсё “па-старынцы”: дубовыя ложкі, што выраблялі мясцовыя рамеснікі, эксклюзіўная печ, нібыта твор мастацтва, вазачкі ды кошыкі, сплеценыя з падручнага матэрыялу. Дашчатыя сцены гасцёўні ўпрыгожваюць карціны з прынёманскімі пейзажамі шчучынскага мастака Пятра Талочкі і пано са скуры ад знакамітага на Гродзеншчыне майстра Віталія Макея. Словам, усё тут падабрана з густам і вялікай любоўю да той справы, якой вырашылі займацца Рудыя.

 

– Аграсядзіба – гэта, па сутнасці, маё першае рабочае месца, – усміхаецца Дзмітрый, які нядаўна адзначыў сваё 19-годдзе. – І я добра ўсведамляю ўсю адказнасць, якая кладзецца на арганізатара такой справы. Спадзяюся, што да нас будуць прыязджаць турысты не толькі з нашай рэспублікі. І тут важна паказаць беларускую гасціннасць, раскрыць усю прывабнасць нашай краіны, самабытнасць глыбінкі, яе традыцыі. Мы распрацоўваем зялёныя маршруты і вывучаем мясцовыя традыцыі, звязаныя з тутэйшым рыбалоўным промыслам. Старэйшыя жыхары прынёманскіх вёсак расказвалі, як хадзілі на “таймаванне” – своеасаблівыя рачныя дамбы, узведзеныя яшчэ далёкімі продкамі для здабычы рыбы паміж Петрашкамі і Берагоўцамі, як на чоўнах-чайках перапраўлялі … рагуль на другі бераг Нёмана дзеля сакавітай пашы і неверагодна шчодрага ды смачнага малака. Распавесці пра ўсё гэта турысту ды паказаць прынёманскія краявіды будзе надзвычай цікава. Таму ў планах – закупіць веласіпеды для вандровак, з цягам часу пабудаваць гасцявыя домікі, а ў бліжэйшы час – старую пуню пераабсталяваць у лазенку па-чорнаму. 


– Гэта таксама для аматараў даўніны, – дзеліцца задумкамі малады гаспадар аграсядзібы “Старынка”. – Вельмі хочацца, каб да нас прыязджалі госці цэлымі сем’ямі і на ўсё лета. Побач лес – грыбныя і ягадныя мясціны, рыбалка на Нёмане, гаючае паветра… Тут сапраўды адпачываеш душой.
Нам таксама не хацелася развітвацца са “Старынкай” і яе гаспадарамі – захопленымі, фантаніруючымі ідэямі людзьмі, для якіх аграсядзіба ў Петрашках хутчэй не бізнес, а цікавая справа для душы.
 Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!