Што прывезлі – прадавалі, што хацелі – набывалі...

У мінулую нядзелю ў Шчучыне адшумеў восеньскі кірмаш. Многія гараджане і вяскоўцы пайшлі і паехалі з яго не з пустымі рукамі. Парожнім з гэтага свята гандлю вяртаўся толькі транспарт прадпрыемстваў і арганізацый сельскай гаспадаркі. І гэта акалічнасць не засмучала, а радавала, бо вырашчанае на палях і комплексах, як і разлічвалі працаўнікі вёскі, знайшло свайго пакупніка.

– Выручка ад рэалізацыі сельгас­прадукцыі склала звыш 22 тысяч рублёў, – падбіла агульныя рахункі галоўны спецыяліст аддзела бухгалтарскага ўліку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Міхайлаўна Кукуруза. – Чым больш найменняў прадукцыі прапанавалі гаспадаркі, тым з тужэйшым кашальком вярталіся з кірмашу накіраваныя туды гандляры.
Да прыкладу, бойка ішоў гандаль у прадстаўнікоў ААТ “Васілішкі”. Сельгаспрадпрыемства прывезла на кірмаш дзве з паловай тоны бульбы і амаль усю яе рэалізавала. Як кажуць, добры тавар сам сябе хваліць. Раскупілі шчучынцы васілішкаўскую моркву, яблыкі і капусту, ахвотна набывалі свініну, карпаў ды карасёў. Прадаўшы прадукцыю сваіх палёў, ферм і возера, васілішкаўцы выручылі звыш пяці тысяч рублёў, што найбольш у параўнанні з іншымі сельгасвытворцамі раёна.
На чатыры з паловай тысячы рублёў рэалізавала ўласнай прадукцыі і ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Прычым большая частка гэтай сумы патрапіла ў агульны кашалёк ад продажу свініны, мясных паўфабрыкатаў і каўбасных вырабаў.
Парожнім вяртаўся дамоў транспарт ААТ “Дэмбрава”, якім даставілі ў нядзелю ў Шчучын чатыры тоны ячменю. Хутка апусцелі ад ячменю і трыцікале і кузавы машын з ААТ “АграГЖС”. Як гарачыя піражкі разышліся таксама шэсць тон пшаніцы, прывезенай з саўгаса “Вялікае Мажэйкава”, пяць тон зерня гэтай культуры – з “Пратасаўшчыны” і тры тоны – з “Орлі”... 
А на падворках жыхароў раёна ўжо прыжыліся 300 маладых курэй і 215 падгадаваных птушак, вырашчаных на Шчучынскай птушкафабрыцы і прыдбаных на кірмашы. Халоднымі восеньскімі днямі добра сагравае запаслівых гаспадынь духмяная гарбата з мажэйкаўскім рамонкам...
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота з архіва рэдакцыі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!