Унікальны апырсквальнік з шырокімі магчымасцямі набылі ў СВУ “Пратасаўшчына, за адзін праход ён ахоплівае паласу поля шырынёй 28 метраў
У СВУ “Пратасаўшчына” набылі навейшы самаходны высокаклірусны апырсквальнік АВС-4224 айчыннай вытворчасці, якіх у Беларусі пакуль налічваецца ўсяго шэсць. Жалезны волат абышоўся гаспадарцы ў 380 тысяч рублёў.
– Яно таго каштуе! – запэўнівае інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка СВУ “Пратасаўшчына” Сяргей Іванавіч Клачко. – Гэта тэхніка дазваляе працаваць з любымі відамі мінеральных угнаенняў. За адзін праход ахоплівае паласу поля шырынёй 28 (!) метраў, дзякуючы чаму за дзень можна апрацаваць да 100 гектараў зямлі. Спецыяльныя помпы самі хутка напаўняюць чатырохтонны бункер, яго змесціва хапае прыкладна на 15 хвілін інтэнсіўнай працы, а потым патрабуецца дазапраўка.
Транспартная хуткасць АВС-4224 складае каля 40 кіламетраў у гадзіну, а тэхнічная – 10-12 кіламетраў. Спецыяльныя колы вышынёй каля 1,5 метра дазваляюць апрацоўваць розныя культуры, нават рапс і кукурузу, не ламаючы ўсходы. Такі самаходны высокаклірусны апырсквальнік здольны адзін “закрыць” да 4000 гектараў, што адпавядае патрэбам СВУ “Пратасаўшчына”. У дапамогу яму ў гаспадарцы ёсць “Раса” і некалькі прычапных бочак.
– АВС-4224 – унутры не менш тэхналагічны, чым звонку, – зазначае Сяргей Іванавіч. – Большасць вытворчых працэсаў тут кантралюе камп’ютар. Прадугледжана нават аўтаматычнае падрульванне, каб пазбегнуць перакрыцця пасеваў угнаеннямі. Таксама ў кабіне ўсталяваны кліматкантроль і радыёмагнітола, што робіць працу механізатара больш камфортнай. Сёлета мы ў поўнай меры задзейнічаем новы апырсквальнік і праверым яго эфектыўнасць у дзеянні!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.