У Шчучыне вырошчваюць шампіньёны з міжнародным стандартам якасці

У лістападзе мінулага года кампанія “ЛОГАЛ-БИО” запусціла ў эксплуатацыю ў Шчучыне вытворчы корпус №2 сельскагаспадарчага комплексу па вырошчванні шампіньёнаў. Такім чынам вытворчыя магутнасці прадпрыемства павялічыліся ўдвая, і сёння тут атрымліваюць каля 400 тон грыбоў у месяц.

 

– Мы вырошчваем шампіньёны у 24-ох камерах агульнай пасяўной плошчай 17350 квадратных метраў, – гаворыць тэхнолаг  ТАА “ЛОГАЛ-БИО”  Канстанцін Міхайлавіч Куц. – І гэты працэс даволі складаны. Спачатку завозім сюды багата заселены грыбніцай кампост і выкладваем 25-сантыметровым слоем на паліцы чатырох’ярусных стэлажоў. Наверх з дапамогай камбайна высыпаем торф, які дзякуючы багатаму ўтрыманню карысных рэчываў і вільгаці стымулюе рост шампіньёнаў. Тэмпература ўнутры складае каля +17-18 градусаў, як таго патрабуюць тэхналогіі. Электронныя кантралёры дапамагаюць падтрымліваць аптымальную вільготнасць – 85-88%.

 

 

Дзякуючы створаным спрыяльным умовам першыя грыбы на грыбніцы вырастаюць ужо на 12-13 дзень. Штодзень яны набіраюць прыкладна 50% ад сваёй вагі, таму на 16-17 дзень пачынаецца першая хваля збору шампіньёнаў. Робіцца гэта выключна ўручную. Грыбаводы працуюць максімальна аператыўна і якасна, каб не дапусціць перарастання шампіньёнаў і раскрыцця іх шапак. На верхнія ярусы трапляюць на спецыяльных пад’ёмніках.

 

 

– Першая хваля збору грыбоў самая ўраджайная: у кожнай камеры вырошчвання збіраем па 12-13 тон шампіньёнаў, – зазначае брыгадзір Таццяна Генадзьеўна Пракаповіч. – З усіх трох хваляў у адной камеры атрымліваем 22-24 тоны шампіньёнаў. Трэба быць вельмі ўважлівым, каб збіраць грыбы выключна ўказанага ў заяўцы памеру. Для праверкі іх шапак у нас ёсць спецыяльныя калібратары. Адкуль я ведаю ўсю гэту “кухню”? Бо працую на прадпрыемстве з першага дня яго запуску! Раней была грыбаводам. Кіраўніцтва комплексу хутка заўважыла маю ініцыятыўнасць і адказнасць і прапанавала ўзначаліць брыгаду з 25 чалавек. Я згадзілася. Праз кароткі час колькасць маіх падначаленых скарацілася да 18: дзякуючы паступова назапашанаму вопыту мы сталі спраўляцца з даведзеным заданнем меншай кампаніяй. Аднак гэта ніяк не адбілася на якасці збору шампіньёнаў. Яно і зразумела: за добрасумленную працу нам плацяць дастойна, таму работнікі выкладваюцца на ўсе сто.

 

 

Пасля першай хвалі збору – на 22-24 дзень – у камерах вырошчвання работа часова заціхае. Грыбніцу па-новай паліваюць, устанаўліваюць унутры аптымальны для росту грыбоў тэмпературны рэжым, узровень вільготнасці і ўтрымання вуглекіслага газу. Праходзіць тры дні, і пачынаецца другая хваля збору шампіньёнаў, а яшчэ праз восем дзён – трэцяя. Поўны вытворчы цыкл доўжыцца 36-37 дзён. Па яго завяршэнні кампост суткі выпарваюць пры тэмпературы 75-80 градусаў і атрымліваюць якаснае арганічнае ўгнаенне, якое з задавальненнем уносяць на свае палеткі шчучынскія фермеры, некаторыя гаспадаркі раёна і Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі. Кожны тыдзень на комплексе па вырошчванні шампіньёнаў выгружаюць 4 камеры вырошчвання, а гэта прыкладна 330 тон арганічных угнаенняў.

 

 

 

– Мала вырасціць грыб, яго яшчэ трэба захаваць, – зазначае Канстанцін Міхайлавіч Куц. – Толькі што сабраны ўраджай мы змяшчаем на гадзіну ў спецыяльныя шокавыя камеры. Там шампіньёны астуджваюцца з 17 градусаў да 2, і іх жыццёвыя працэсы заміраюць. На складзе, куды затым трапляюць грыбы, тэмпература паветра падтрымліваецца на ўзроўні 2-4 градусаў, а вільготнасць складае 85-88%, што дазваляе захоўваць прадукцыю свежай 21 дзень. Аднак яна ў нас не залежваецца больш за два дні. Такім чынам, нашы грыбы трапляюць да пакупнікоў свежымі максімум праз чатыры дні пасля збору.
Між іншым, 95% прадукцыі шчучынскага прадпрыемства рэалізуецца ў Расію: гандлёвая геаграфія вельмі шырокая – ад Масквы да Новасібірска. Аднак і на паліцы беларускіх магазінаў таксама трапляе.

 

 

– Мы заўважылі, што ў заказах нашых кліентаў прысутнічае сезоннасць, – дзеліцца К.М. Куц. – Вясной і летам – у “шашлычны сезон” – папулярныя грыбы з шапкай 7-9 сантыметраў, якія выкарыстоўваюць для фаршыроўкі. Для марынавання на зіму бяруць маленькія шампіньёны памерам шапкі 1,5-3 сантыметры. Зараз самы хадавы памер – 3,5-6 см. Нестандарт разбіраюць піцэрыі Гродна. Толькі Шчучынскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства кожны тыдзень мы адгружаем 300 кг свежых шампіньёнаў. А нядаўна заключылі партнёрскія дагаворы з гандлёвымі сеткамі “Евроторг” і “Корона”, дзе таксама зацікаўлены ў нашай прадукцыі. Раней фасавалі тавар толькі ў трохкілаграмовыя скрыні, а ў снежні мінулага года ўстанавілі спецыяльную ўпаковачную лінію і пачалі фасаваць яшчэ і ў латкі. Абыйшлася яна нам прыкладна ў 100 тысяч еўра.

 

 

Сёння на прадпрыемстве працуюць 210 чалавек, у тым ліку 136 грыбаводаў, – працягвае Канстанцін Міхайлавіч. – Мы вельмі даражым сваімі спецыялістамі. Кожны месяц заносім перадавікоў на Дошку гонару і ўручаем каштоўныя падарункі: электрачайнікі, тостары і іншае. А яшчэ набываем абанементы ў гарадскія спартзалы і басейн у Васілішках. Усё гэта – каб прастымуляваць людзей, падтрымаць іх матэрыяльна. Таму да нас з задавальненнем едуць працаваць не толькі з розных куточкаў Шчучыншчыны (з Васілішак, Астрыны), але і суседніх Мастоў і Воранава. У сярэднім адзін грыбавод у нас збірае 19-20 кілаграмаў грыбоў у гадзіну, у месяц – да 4 тон. Такім чынам зарабляе больш за 1200 рублёў. Дык чаму б не працаваць з поўнай аддачай?

 

Сярод тых, хто прыязджае збіраць шчучынскія шампіньёны, мастаўчанкі Інэса Міхайлаўна Паддубная і Данута Эдвардаўна Бароўская. Жанчыны прызналіся, што па-добраму зайздросцяць шчучынцам, што ў іх пад бокам працуе такое сучаснае прадпрыемства і па-сапраўднаму ганарацца прафесіяй грыбавода!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!