З цяплом у кожны дом

Каб забяспечыць цяплом і гарачай вадой жыхароў былога ваеннага гарадка, кацельная па вуліцы Астроўскага дзейнічае круглыя суткі. Тут усталяваны два катлы магутнасцю тры кілаваты кожны. Яны працуюць на мясцовых відах паліва і награваюць 300 метраў кубічных вады. Пры дапамозе спецыяльных помпаў цепланасіцель цыркулюе па трубах, трапляе ў батарэі і абагравае кватэры гараджан.

– Многія вытворчыя працэсы ў нас механізаваны, – гаворыць аператар-машыніст кацельнай па вуліцы Астроўскага ў г. Шчучыне Іосіф Іосіфавіч Івашка. – МАЗы аператыўна падвозяць сюды драўляную шчэпку і высыпаюць на транспарцёр. Па ім сыравіна трапляе ў бункер, дзе спецыяльны штурхач “заганяе” яе ў кацёл. Тэмпература ў топцы дасягае 900 градусаў. Над топкай устаноўлены два барабаны з дымагарнымі трубамі, па якіх гарачыя газы трапляюць у сістэму ацяплення і награюць цепланасіцель. Таксама мы адказваем за гарачае водазабеспячэнне жыхароў вуліцы Астроўскага: штодзень грэем прыкладна 150 метраў кубічных вады. Яе тэмпература, згодна з вызначанымі нормамі, не павінна апускацца ніжэй за 55 градусаў.


Уся інфармацыя аб рабоце катлоў і помпаў на кацельнай па вуліцы Астроўскага выведзена на спецыяльны дысплей, пры дапамозе якога аператары кантралююць іх работу, пры неабходнасці ўносяць карэктывы і аптымізуюць настройкі. Абслугоўваюць вытворчы аб’ект 13 работнікаў пад кіраўніцтвам майстра РУП ЖКГ І.І. Новіка.
– Я адказваю за бесперабойную работу не толькі кацельнай па вуліцы Астроўскага, але і яшчэ трох гарадскіх кацельняў, якія забяспечваюць Шчучын цяплом, – зазначае Іван Іванавіч. – Пакуль не наступілі маразы, мы адмовіліся ад запуску газавых катлоў і карыстаемся толькі тымі, якія працуюць на мясцовых відах паліва. Гэта дазваляе эканоміць сродкі. 
Усяго на балансе РУП ЖКГ налічваецца 33 кацельні, з якіх 20 пераведзены на МВП, а яшчэ 8 – змешанага тыпу. І ўсе яны прыведзены ў баявую гатоўнасць і пры неабходнасці будуць задзейнічаны па поўнай. Для іх бесперабойнай работы камунальнікі ўжо назапасілі 10000 метраў кубічных дроў і 240 тон торфабрыкету. Свайго часу на складах чакаюць і 4000 “кубоў” шчэпкі. Дарэчы, яе камунальнікі нарыхтоўваюць самі пры дапамозе драбільнага комплексу, які здрабняе драўляныя абрэзкі. Каб цалкам “закрыць” патрэбы арганізацыі ў гэтым паліве, сёлета тут набылі ў лізінг яшчэ адзін аналагічны агрэгат, які ўжо ўстанаўліваецца на трактар МТЗ і будзе запушчаны ў эксплуатацыю ў лістападзе.


– Да ацяпляльнага сезона мы пачалі рыхтавацца задоўга да надыходу восеньскіх халадоў, – гаворыць дырэктар РУП ЖКГ Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў. – Згодна з распрацаваным планам правялі перакладку цепласетак і замянілі 8,6 кіламетра зношаных труб на новыя. Капітальна адрамантавалі 9 катлоў. У многіх шматпавярхоўках усталявалі аўтаматычныя рэгулятары тэмпературы, якія рэагуюць на змяненні надвор’я і дапамагаюць паменшыць расход цеплаэнергіі. Таксама ўцяплілі ў жылых дамах 1790 метраў труб. Усе гэтыя меры дазволілі значна паменшыць цепластраты. Аднак, на жаль, не ўсе гараджане ўмеюць эканоміць. У некаторых пад’ездах можна ўбачыць прыадкрытыя дзверы і вокны на лесвічных пляцоўках. Чаму людзі не разумеюць, што разам з цяплом у шчыліны і незачыненыя фортачкі “вылятаюць” і іх грошы?


У пошуках спосабаў паменшыць цепластраты да мінімуму, камунальнікі актыўна карыстаюцца апошнімі тэхнічнымі дасягненнямі. Да прыкладу, ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на ўсталяванне дыспетчарызацыі аўтаматычных рэгулятараў у 33 гарадскіх шматпавярхоўках. Такім чынам спецыялісты РУП ЖКГ змогуць кантраляваць тэмпературу цепланасіцеля і аб’ём цеплаэнергіі, затрачанай на абагрэў гэтых дамоў, а таксама аператыўна выпраўляць паломкі ў сістэме ацяплення.
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!