Добры надой – вынік добрай работы. Даведаліся, якіх паказчыкаў дасягнуў калектыў МТК “Зенюкі” філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”

 

Лепшы малочнатаварны комплекс гаспадаркі, так без перабольшвання называюць МТК “Зенюкі” ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”. Зусім нядаўна, а менавіта ў 2022 годзе, комплекс прайшоў грунтоўную мадэрнізацыю, з’явіліся два новыя кароўнікі і даільна-малочны болк. Паказчыкі з таго часу стабільна растуць, а сам комплекс трывала замацаваўся ў лідарах па надоях у Шчучынскім раёне.

 

Усяго на комплексе налічваецца 1410 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 545 галоў дойнага статка. За 10 месяцаў гэтага года надой на адну карову складае салідныя 8474 кілаграм, што на 47 кілаграмаў вышэй за аналагічны перыяд мінулага года. Сярэднясутачная прывага на комплексе 689 грамаў, гэта на 85 грамаў вышэй, чым летась. 100% малака здаецца гатункам “экстра”.

 

Цудоўныя паказчыкі – гэта вынік штодзённай скрупулёзнай працы ўсяго калектыву МТК “Зенюкі”. Зараз на комплексе працуюць 42 работнікі, у кожнага свае задачы і абавязкі. Кіруе калектывам загадчык комплексу Аляксандр Пазняк. У гаспадарцы ён працуе ўжо больш за 24 гады, з якіх апошнія тры – на МТК “Зенюкі”. Спачатку быў памочнікам загадчыка, зараз ужо год як сам кіруе комплексам.

 

 

– Малако ў каровы на языку, – кажа Аляксандр. – Ад таго, як пакорміш карову, і залежыць якасць малака. Аднак немалаважна забяспечваць камфортныя ўмовы ўтрымання жывёл, і для гэтага тут усё ёсць. На комплексе сабраўся выдатны калектыў, усе людзі мясцовыя і ўсе добра ведаюць сваю справу. У нас камфортная атмасфера. Дзякуючы новым тэхналогіям працаваць нам зараз лягчэй, чым папярэднікам.

 

З Аляксандрам не паспрачаешся, бо сучасныя падыходы ў жывёлагадоўлі сапраўды дапамагаюць максімальна эфектыўна кіраваць статкам, што дазваляе павялічваць як колькасныя, так і якасныя паказчыкі жывёлагадоўлі. Большасць працэсаў на комплексе аўтаматызаваныя, кожная карова мае ашыйнік з датчыкамі актыўнасці, якія дазваляюць бачыць розныя паказчыкі жывёлы. Уся інфармацыя пра кароў выводзіцца на камп’ютар, дзе ў спецыяльнай праграме яны сартуюцца згодна з прадуктыўнасцю і здароўем.

 

– Зараз плюсуем па ўсіх паказчыках, – адзначае Аляксандр Пазняк. – І галоўнае, што сёння маем усе ўмовы для таго, каб працягнуць стабільны рост і далей. Вядома ж, званне лепшага малочнатаварнага комплексу гаспадаркі накладае дадатковыя абавязкі. На нас усе глядзяць, усе раўняюцца. Адчуваем адказнасць і стараемся даваць годны прыклад іншым комплексам.

 

Дружны калектыў МТК “Зенюкі” можна назваць сям’ёй, прычым у некаторых выпадках гэты выраз мае не пераноснае значэнне. Напрыклад, аператары машыннага даення Людміла Верабей і Алена Цыбовіч – родныя сёстры. З дзяцінства былі разам, а зараз працуюць у адным звяне. Як прызнаюцца даяркі, працаваць сямейным калектывам ім камфортна, бо без слоў разумеюць адна адну.

 

 

– Працую трыццаць гадоў у гаспадарцы, – расказвае Людміла Верабей. – Спачатку працавала на свінакомплексе, потым у цяпліцах, а пасля прыйшла працаваць на малочнатаварны комплекс. Тут дружны калектыў і добрае кіраўніцтва, прыемна працаваць.

 

Нягледзячы на тое, што даяркі ўжо даўно не дояць кароў рукамі, а кіруюць адмысловым абсталяваннем, работа ўсё роўна цяжкая і патрабуе вялікіх фізічных высілкаў. Працоўны дзень даяркі пачынаецца рана – а палове на пятую гадзіну. Ранішняя дойка пачынаецца ў шэсць раніцы і працягваецца да 13.00. Вячэрняя дойка пачынаецца ў 18.00 і завяршаецца ў гадзіну ночы наступнага дня. Працуюць суткі праз суткі.

 

 

– Не магу ўявіць сваю працу без любові да жывёл, – прызнаецца Алена Цыбовіч. – У хаце сабачкі – на комплексе свае гадаванцы. У нас з сястрой яшчэ са старых кароўнікаў засталіся любімыя кароўкі, у некаторых ёсць мянушкі. Напрыклад Лада, Віола і Гваздзіка.

 

Немалаважнай часткай працэсу вытворчасці малака з’яўляецца падтрыманне ў аптымальным стане спецыяльных даільных механізмаў і халадзільнага абсталявання. Яго на комплексе “Зенюкі” абслугоўвае слесар Вячаслаў Красочка. Менавіта ён забяспечвае бесперабойную работу сістэмы і пры неабходнасці выпраўляе яе непаладкі.

 

 

– На комплексе “Зенюкі” працую больш за 10 гадоў, – расказвае Вячаслаў Красочка. – Сам я з Жалудка. Адзначу, што тэхналогіі даення і захоўвання малака пасля мадэрнізацыі комплексу знаходзяцца на высокім тэхналагічным узроўні. З новым абсталяваннем камфортна працаваць.

 

Важнае звяно ў бесперабойнай вытворчасці малака – здароўе і добрае самаадчуванне кароў. За гэтым на комплексе сочыць вядучы ветурач, малады спецыяліст Паліна Крэтовіч. Паліна працуе ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” ужо больш за год. Сама родам з Жалудка. Скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, па размеркаванні дзяўчына вырашыла вярнуцца на малую радзіму. У яе абавязкі ўваходзіць вядзенне дакументацыі, якая звязана з ветэрынарыяй на комплексе. Таксама Паліна адказвае за вакцынацыю кароў і лячэнне дробнай рагатай жывёлы.

 

 

– Тут добрая гаспадарка, добрыя ўмовы працы і добры калектыў, – абгрунтоўвае свой выбар Паліна Крэтовіч. – Стаць ветэрынарным урачом вырашыла таму, што з дзяцінства знаёма з гэтай прафесіяй. Ветурачамі былі мой дзед і бацька. І мой муж таксама ў гэтай прафесіі, ён галоўны ветэрынарны ўрач гаспадаркі. На маю думку, самае важнае ў рабоце ветэрынарнага ўрача – любіць жывёл. Часам нават прывязваешся да іх, асабліва да кароў, з якімі доўга працуеш.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!